Авторизация
 

Загадчыца МТФ "Цвеціна" УП "Цітова" Людміла Станкевіч

 Восень скарачае светлавы дзень. Гараджане на гэта не звяртаюць увагі, а вяскоўцы засмучаюцца. 

— Пакуль дзень даўжэйшы і надвор'е спрыяе, трэба сабраць з поля ўраджай.  Ля дома можна гаспадарыць і з ліхтаром. Напрыклад, салянкі і ноччу раблю, — расказвае загадчыца МТФ "Цвеціна" УП "Цітова" Людміла Станкевіч.

— Трымаем дзвюх кароў, столькі ж цялят, шмат птушак. Гадавалі б свіней, але побач свінагадоўчы комплекс — ёсць абмежаванні. Калі позна вяртаюся з фермы, напачатку завіхаюся на падворку. Затым бяруся за хатнія справы.


Жанчына руплівая і на ферме. Радуецца, што дзякуючы старанню калектыву, вытворчасць малака з пачатку года павялічылася да мінулагодняга амаль на 30%. Муж яе таксама ў ліку лепшых работнікаў. Ён механізатар, галоўны сеяльшчык.
Сцяпан Сцяпанавіч перажывае, калі з-за дажджу нельга выехаць у поле ці ламаецца трактар. Асабліва, калі прыпар у рабоце. У Людмілы хваляванні больш маштабныя, бо пад апекай каля 1370 галоў буйной рагатай жывёлы. Кіраўнік малочнатаварнай фермы з даільнай залай клапоціцца пра арганізацыю вытворчых працэсаў, захаванне тэхналогіі, забеспячэнне кармамі, рост прадукцыйнасці дойнага статка і вытворчасці малака, павышэнне яго якасці, вядзенне ўліку прадукцыі і яе расходавання на ўнутрыгаспадарчыя патрэбы, аб'ёмы рэалізацыі. На асаблівым кантролі — працоўная дысцыпліна і парадак на прылеглай тэрыторыі. Летась калектыў фермы адзначаны раённай Ганаровай граматай.


— МТФ "Цвеціна" — вялікая, загадчык павінен умела кіраваць калектывам і забяспечваць ва ўсім стабільнасць. У Людмілы атрымліваецца, хаця ні бухгалтарскай, ні заатэхнічнай адукацыі не мае. Затое ёсць добрыя арганізатарскія здольнасці і жаданне дасягаць намечанага, — заўважаюць работнікі бухгалтэрыі УП "Цітова".


 — Я вясковая. У сельскай мясцовасці кожны ведае, як даглядаць карову, і на ўласным падворку заняты з маленства. Канешне, на ферме аб'ёмы работы нашмат большыя, але падыходы тыя ж—сытна накарміць жывёлу, сачыць за яе здароўем, за своечасовым пакрыццём, забяспечыць добрыя ўмовы ўтрымання, — кажа Людміла Станкевіч.


Падчас вучобы ў Язненскай СШ яна актыўнічала ва ўсіх мерапрыемствах: танцавала, спявала, вяла канцэртныя праграмы, удзельнічала ў раённых аглядах мастацкай сама-дзейнасці. Хацела звязаць лёс з культурна-масавай работай. Паступала ў Віцебскае культпрасветвучылішча на рэжысёра клубных мерапрыемстваў, але не прайшла па конкурсе. У роспачы вярнулася дадому, у вёску Чаркасава. Планавала паступаць на наступны год. Каб дарэмна часу не губляць, уладкавалася ў Дзісну на завод па перапрацоўцы пладоў, ягад і агародніны. Напачатку выконвала самыя простыя работы. Калі набралася вопыту, даверылі сачыць за абсталяваннем у цэху стэрылізацыі — адным з самых адказных участкаў. Уцягнулася ў работу, прывыкла да калектыву і не захацела пакідаць прадпрыемства.


— Гэты перыяд у маім жыцці самы памятны, — дзеліцца ўспамінамі субяседніца. — Маладых шмат, актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці завода і горада. Усім прадастаўлялі месца ў інтэрнаце. Зараблялі добра: моднае адзенне куплялі і ў кіно з кафэ хадзілі. Ад прафсаюзнай арганізацыі ездзілі на экскурсіі.


Тры гады адпрацавала на заводзе і не збіралася вяртацца ў вёску. Потым выйшла замуж за трактарыста Сцяпана Станкевіча з саўгаса "Юбілейны". А ён не хацеў пакідаць сяло. Так Людміла перайшла з завадскога цэха на жывёлагадоўчую ферму, дзе даглядала маленькіх цялят. Неўзабаве ў маладой сям'і з'явілася дачушка Дзіяна. У водпуску па доглядзе за дзіцяці маладая матуля надоўга не затрымалася. Па просьбе дырэктара саўгаса прыняла нафтабазу і склад з запчасткамі. Затым нарадзілася Веранічка. Калі Людміла выйшла на работу, асвоіла прафесію аператара машыннага даення і завіхалася на МТФ "Канцэрава". Працавала побач з Таццянай Шчарбіцкай, сябравалі. Абедзве—адказныя, сумленныя.


Магчыма, сям'я Станкевічаў і цяпер жыла б у вёсцы Канцэрава — на цэнтральнай сядзібе ВУПКУ "Юбілейны". Але лёс звёў з Марыяй Вікенцьеўнай Сцяпанавай, якая ўзначальвала перадавую гаспадарку — УП "Цітова". Яна заўважыла гаспадарлівасць і працавітасць маладых людзей, прапанавала пераехаць у Цвеціна. У 2003-м годзе Сцяпан Сцяпанавіч ужо працаваў у гаспадарцы механізатарам, а Людміла Уладзіміраўна раздойвала пяршачак на МТФ "Мётлы". На новым месцы сям'я папоўнілася трэцяй дачушкай.


— Цяпер толькі самая малодшанькая Маша жыве з намі, яна яшчэ школьніца. Вераніка вучыцца ў Аршанскім медкаледжы. Дзіяна працуе ў лесагаспадарчай галіне ў Мінскай вобласці. Замужам. Цяпер у водпуску па доглядзе за дзіцяці. Часта прыязджае да нас з зяцем Дзмітрыем і дачушкай Соф'яй. Разам і агародніну, садавіну збіраем, і закруткі на зіму робім,—расказвае Людміла. — Калі збіраюцца шмат родных і дарагіх сэрцу людзей, спяшаешся дадому з настроем. Добрая сям'я — фундамент для поспеху ў любой справе.


У калектыве Людміла Уладзіміраўна на роўных з падначаленымі. Лічыць, што так лягчэй знаходзіць "агульную мову". Але не церпіць аматараў спіртнога і парушальнікаў працоўнай дысцыпліны.


— МТФ "Цвеціна" — сучасны комплекс, якому амаль дзесяць гадоў. Мне прыемна, што працавала даяркай у першы год існавання новага кароўніка. Разам з Аленай Анціпенка асвойвалі ў даільнай зале незнаёмую тэхналогію, — прыгадвае жанчына. — Алена і цяпер доіць тут кароў, а я, як жартуюць калегі, узнялася на вышыню. У прамым сэнсе слова — рабочы пакой загадчыка фермы на другім паверсе.
Усё атрымліваецца, бо калектыў дружны. Галоўная задача на бліжэйшы перыяд — без зніжэння надояў перавесці жывёлу з пашы на стойлавае ўтрыманне. Аб'ём штодзённай вытворчасці малака складае цяпер каля шасці тон. Да мінулагодняга плюсуюць па 600-700 кілаграмаў. Частку сырадою пакідаюць на ўнутрыгаспадарчыя патрэбы, астатняе рэалізуюць гатункам экстра. Высакаякасная прадукцыя дае добры прыбытак. Як заўважае кіраўнік жывёлагадоўчай галіны Даната Шчалкун, менавіта калектыў МТФ "Цвеціна" робіць важны ўнёсак ва ўмацаванне эканомікі гаспадаркі.


Спытала ў Людмілы, што для яе на першым плане — сям'я ці праца.
— Працу трэба выконваць належным чынам. Яна дае заробак, які папаўняе сямейны бюджэт. Настолькі прывыкаеш да калектыву, да работы, што ў водпуску адчуваеш недахоп. Сям'я — надзейны прычал, без яго жыццё губляе яркасць, — сцвярджае Людміла Станкевіч.
Менавіта на такіх людзях трымаецца вёска. 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 93 274
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 68 204
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 34 495
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 33 240
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 32 267
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 30 323
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 21 284
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 ноября 2018
Александр, Богдан, Василий, Викентий, Владимир, Иван, Илья, Иосиф, Кузьма, Николай, Павел, Петр, Сергей, Федор, Федот, Анна, Евдокия, Семен

Именины 15 ноября 2018
Константин

Госці краін
free counters
Партнеры сайта