Источник дохода у Тихановичей из деревни Босянки
gazeta 5-10-2017, 08:00 2 818 Вясковае жыццё
Крыніца стабільнага даходу ў сям'і Ціхановічаў з вёскі Басянкі — іх уласны падворак. Уладзімір Аляксеевіч і Зоя Іосіфаўна ЦІХАНОВІЧЫ працуюць без выхадных. І на ферме КУП "Язна", і дома. Розніца ў заробку. У гаспадарцы ён малы і бывае непастаянным. Аплату за здадзенае малако ад сваіх кароў атрымліваюць своечасова і ў некалькі разоў большую.
Гаспадыню засталі на агародзе. Збірала агуркі для кансервацыі.
—Гародніна ўрадзіла. Спачатку суха было, а як дажды прайшлі, усё ў рост кінулася, — гаворыць Зоя Іосіфаўна. — Толькі бульба няважная. Месца нізкае, шмат пагніе.
Сельская праца бывае няўдзячнай. То сонца засушыць, то дождж заліе. Падчас свіной чумы гаспадары вымушаны былі пазбавіцца ад гадаванцаў. Рук не апусцілі. Як вірус мінаваў, адразу аднавілі пагалоўе. Многія аднавяскоўцы перасталі трымаць кароў. У Ціхановічаў іх было па чатыры, цяпер — пяць.
— Раней штогод у поле ганялі. У вёсцы тры статкі былі. На пасце толькі разы тры за сезон адбывалі. А цяпер адзін гурт і чатыры каровы. Мы сваіх асобна ў электрычным пастуху пасвім, — расказвае гаспадыня. — Нават калі б у гаспадарцы добра плацілі, усё роўна ад кароў і свіней не адмовіліся б. Гэта сваё і малако, і мяса. Вядома, работа цяжкая. Прывыклі мы да такога ладу жыцця.
Зоя Іосіфаўна і Уладзімір Аляксеевіч з язненскіх мясцін. З хутара Шыманы і вёскі Амбросенкі. Змалку ведалі цану хлеба на стале. Сваіх дзяцей—Людмілу і Андрэя—прывучалі да працы асабістым прыкладам. Люда замужам, жыве ў Полацку. Прыязджае на выхадныя. Андрэй пайшоў у восьмы клас. Летнія канікулы правёў за працай на падворку і ў КУП "Язна".
— Сын — добры памочнік. Кароў прывядзе, ахрап'я збярэ, касіць дапамагае. Ад бацькі навучыўся і касой валодаць, і трымерам,— кажа маці.— У гаспадарцы кармы вазіў, цялят даглядаў, тэрыторыю ля фермы абкошваў. Тэхнікай захоплены. Хоча на трактарыста вывучыцца і на грузавую машыну правы атрымаць. У горад наўрад ці падасца. Мы яго не адгаворваем. Калі душа да сельскай працы ляжыць, хто прымусіць іншым займацца.
Калісьці Зоя Іосіфаўна выбрала вёску замест наваполацкага завода "Полимир". Крыху папрацавала лабарантам хіманалізу і выйшла замуж у Басянкі. Горад з мітуснёй на вуліцах і чэргамі ў магазінах па-ранейшаму не вабіць.
Дзень гаспадыні пачынаецца ў чатыры гадзіны раніцы. А палове сёмай трэба быць на ферме. Там яна і загадчыца, і цялятніца, і дзённы вартаўнік. Пакуль на працу, спраўляецца ў хлеве. Набылі даільны апарат. Электраэнергіі шмат "не есць" і рукам адпачынак дае. Свой электрамлын. Ёсць конная грабілка для сена. І ўсё ж большую частку работы робяць рукамі.
— На зіму каровам амаль пятнаццаць тон сена нарыхтаваць трэба. Травы хапае. Свіней са сваёй зямлі кормім. Бульбай, буракамі, зерне сеем, — гаворыць субяседніца. — І часавыя, і фізічныя затраты на гаспадарку сябе апраўдваюць. Лічу, што адну карову і адну-двух свіней гадаваць нявыгадна. У нас заўсёды была вялікая гаспадарка. Яна самаакупная.
Пад дахам дома Ціхановічаў звілі гнёзды ластаўкі. У народзе кажуць, гэта на ўдачу і шчасце. Уладзімір Аляксеевіч і Зоя Іосіфаўна не супраць добрых прыкмет. Свой дабрабыт з энтузіязмам ствараюць працавітымі рукамі.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.