Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Хачу пазнаёміць вас з Яўгеніяй і Мікалаем ЦІТОВІЧАМІ з вёскі Стары Пагост. Гэтую сям'ю ведаю даўно, але паразмаўляць давялося менавіта 26 жніўня ў дзень нараджэння гаспадыні, якой споўнілася 32. Цітовічы якраз у той дзень прыехалі з конкурсу "Уладар сяла", дзе занялі першае месца.
У трывалым шлюбе сям'я ўжо дзевяць гадоў. Выхоўваюць адказных, добразычлівых дзетак: Мікіта — сёлетні першакласнік, трохгадовая Віялета наведвае дзіцячы садок, малодшай Лізавеце хутка споўніцца два гадкі. У Цітовічаў усмешка быццам ніколі не знікае з твару. "Нават калі рознагалоссі, мы імкнёмся хуценька іх вырашыць, бо злавацца адзін на адного не можам", — прыкмячае сямейства.
Ды і няма часу на крыўды, Мікалай і Яўгенія трымаюць карову, дойную казу з казлянятамі, авечак, свіней розных парод, курэй, індыкоў, гусакоў… За жывёламі патрэбен догляд, не меншы, чым за дзецьмі. "Трымаць немалы статак можна, калі ў хаце ёсць такі гаспадар, як Мікалай", — хваліць мужа Яўгенія. — "Ды і маці жыве непадалёк, заўсёды дапаможа, параіць, мы ўдзячны ёй за гэта". "Адчуваецца падтрымка і ад сына Мікіты", — цешыцца тата.
У час адпачынку
Яўгенія захапляецца коньмі, якія таксама гадуюцца на падворку. Яна іх палюбіла яшчэ ў студэнцтве, калі вучылася ў БДУ на факультэце філасофіі і сацыяльных навук. Разам з сяброўкай хадзілі ў конны клуб. Хобі перарасло з часам у нешта большае. Верхавая язда для Яўгеніі рамантыка. Коні ў Цітовічаў дагледжаныя, нават са спецыяльнай экіпіроўкай.
Вольнага часу мала, але на падарожжы хапае. Сям'я спазнае свет на ўласным аўтамабілі, каб дзеці пабачылі і іншыя краявіды, акрамя мясцовых. Але і на Міёршчыне хапае прыгажосці. Чаго варты вадаспад!
Паболей бы ў наш час такіх працавітых маладых людзей! Цітовічы трымаюцца прыказкі: "Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся". Сельскі лад па душы бацькам і дзецям. "Можна жыць прыстойна і ў вёсцы, калі працаваць", — упэўніваюць Цітовічы.
Планы на бліжэйшую будучыню — рэканструяваць хату. Абавязковая ўмова — кожнаму прадстаўніку сям'і ўласны куток. Усё атрымаецца, бо няма таго, чаго не могуць нашы рукі.