Ивановы из Волковщины любят цветы
gazeta 6-09-2017, 10:00 1 431 Вясковае жыццё
Фота аўтара.
На сядзібу гаспадароў Івановых у Волкаўшчыне вядзе калідорчык з рознакаляровых петуній. Кветкавыя россыпы па ўсім падворку. На догляд за імі патрэбны час, сродкі, сілы. Здавалася б, у вёсцы і без таго клопатаў зашмат. Навошта лішнія? — Гэта для душы, — адказвае Ала Анатольеўна.
У доме на вуліцы Цэнтральнай Івановы жывуць дваццаць чатыры гады. Атрымалі жыллё ад калгаса і адразу прыватызавалі. Паціху рамантавалі. Падвялі каналізацыю, зрабілі паравое ацяпленне, паставілі дэкаратыўную бетонную агароджу. І штогод на падворку былі дагледжаныя клумбы.
— Саджу кветкі не для кагосьці, для сябе. Напэўна, няма такіх, якія б не падабаліся. Штодня любуюся імі, — гаворыць гаспадыня.
З вясны да восені кветкавае аблічча падворка змяняецца. Як толькі прыгрэе сонца, паказваюцца белыя пралескі. Затым распускаюцца купінкі прымул. Далей — пяшчотныя цюльпаны, далікатныя нарцысы і пышныя півоні. Сінеюць касачы, раскрываюцца бутоны руж, на чарзе лілеі і рамонкі. Восень сустракаюць цыніі і хрызантэмы. Да замаразкаў трымаюцца вяргіні і аксаміткі.
— Насенне аднагадовых кветак сама нарыхтоўваю. Саджанцы ў цяпліцы вырошчваю, пакуль да памідор чарга не даходзіць, — расказвае Ала Анатольеўна. — Петуніі пляменніца з Шаркаўшчыны прывозіць, яна ў лютым іх сее.
Домікам для раслін служаць абкладзеныя камянямі клумбы, старыя аўтамабільныя шыны, пластмасавыя вазончыкі, пафарбаваныя чыгунныя кацялкі. У падвешаных вазонах красуюць петуніі. Сакрэт сакавітай квецені ў пастаянным падкорме. "Вітаміны" гаспадыня купляе.
Любімае месца Алы Анатольеўны на сваёй сядзібе — канапа пад навесам ля ганка. Тут нават у дождж хораша адпачыць у акружэнні кветак за кубачкам кавы ці духмянай гарбаты з мятай, бергамотам, лімоннікам. Яны таксама растуць у двары. Паветра свежае і чыстае, таму што побач — разгалісты куст санітара — ядлоўца. Салодка пахне, калі цвіце язмін.
Для рэлаксацыі часу няшмат. Трэба сена нарыхтаваць на дзвюх кароў, градкі выпалаць, агародніну на зіму закансерваваць. Па гаспадарцы спраўляюцца з мужам. У хаце і на кухні дапамагае дачка Валерыя — студэнтка медкаледжа.
— За справамі вяскоўцы лета не бачаць, — заўважае субяседніца. — Адна з самых няпростых — падаіць у спякотны дзень кароў. На поле з мужам едзем. Ён аваднёў ад жывёлы адганяе. Малако адразу не забіраюць, дадому на веласіпедах вязём. Работа ў Івановых не з лёгкіх. Юрый Іванавіч даглядае быкоў. Ала Анатольеўна загадвае фермай. Адказнасць сур'ёзная — і за жывёлу, і за кожнага работніка, а высокім заробкам не пахвалішся. Выручае свая гаспадарка.
Пазітыў гаспадыні дораць кветкі. Ёсць іх заслуга ў тым, што ў пяцьдзясят год Ала Анатольеўна выглядае маладой і ўсміхаецца. Не зважаючы на гісторыі сваіх захворванняў і розныя турботы. Трэба быць бадзёрай, працаваць, вырошчваць петуніі, лілеі, ружы.
Няма лепшага касметолага, чым мір у душы. Спакой і радасць Але ІВАНОВАЙ дораць яе кветкі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.