ОАО "Николаёвский" закончило первый укос трав

 ААТ "Мікалаёўскі" закончыў першы ўкос траў. Хаця ўбрана больш раней запланаваных плошчаў. Сена і сенажу назапашана менш чым летась на такі ж час. Абмалот зерневых яшчэ не прыспешвае, таму корманарыхтоўка не прыпыняецца. Настала чарга аднагадовых культур. Ва ўрочышчы Мокрая пожня ў панядзелак ішла касавіца позна пасеянага аўса на сілас. Займаўся гэтым на КВК-800 механізатар Васіль Зелянкевіч. Па стане на 24 ліпеня на яго рахунку было 8094 тоны нарыхтаванай зялёнай масы — лепшы вынік для такіх агрэгатаў у раёне.

Да пераможцы спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў спецыяльна прыехаў у гэты дзень старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў АПК Леанід Хахель, каб асабіста ўручыць пісьмо-падзяку і прадугледжаную для такога выпадку грашовую прэмію. Вядома, выказаў пажаданні новых дасягненняў, асабістага здароўя і сямейнага дабрабыту.


—Працаваў сёлета на травах са жняяркай і падборшчыкам,—расказваў пра сябе Васіль Аляксандравіч.— Штодзень нарыхтоўваў у сярэднім па 350 тон травастою на сена ці сянаж, ды яшчэ 40-50 тон на падкормку жывёле. За рабочы дзень з 7 гадзін раніцы да 19.00 вечара ўвогуле набіралася да 400 тон. Камбайн новы, праблем з ім не меў. Дождж таксама асаблівых цяжкасцей не ствараў, хаця пабуксаваць крыху давялося.


—Перад кармаўборкай з вясны на "Расе" падкармліваў пасевы КАСам, затым вёў праполку,—працягвае механізатар.—Хутка перасяду на зерняўборачны камбайн КЗС-10, каб сёмы сезон весці на ім жніво.


Як бачна, добры вынік забяспечаны стараннай працай на працягу падоўжанага летам працоўнага дня. Дома яшчэ асабістая падсобная гаспадарка—агарод, карова, парася, птушкі.


—У жонкі на яе больш часу,— адзначае Васіль Аляксандравіч,— дапамагаюць сын і зяць. Сам уключаюся цяпер у дамашнія справы па вечарах ды выхадных.


А пакуль асноўны клопат у камбайнера—назапашванне кармоў для грамадскага статка. Ля фермы "Сіцькова" трэба запоўніць сіласную траншэю свежазжатым аўсом з гэтай Мокрай пожні. Яна сапраўды мокрая, таму парэзана каляінамі цяжкай тэхнікі пры сяўбе. Варта трапіць у іх колам КВК-800, як жняярка пры нізкім зрэзе захоплівае зямлю, даводзіцца спыняцца, займацца чысткай. Хаця і не скардзіцца механізатар на ўмовы працы, поспех у раённым спаборніцтве даецца яму нялёгка і няпроста. Тым больш высокая цана дасягнення. 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.