Татьяна Атминович из Николаёва

Татьяна Атминович из НиколаёваЭліза БЛАЖЭВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

Нярэдка бацькі бяруць сваіх дзяцей на працу і яны з маленства ведаюць асаблівасці іх прафесіі. Таццяна Атміновіч з Мікалаёва жартуе, што яна літаральна вырасла на ферме, дзе яе маці даіла кароў. Пакуль тая завіхалася, яна важна шпацыравала па праходах і слухала, як гучна мыкаюць рагулі ды "чмыхаюць", быццам прастуджаныя, даільныя апараты. Пазней зразумела, што такі гук выдае вакуум у даільных вёдрах, якія навучылася сама падключаць і здымаць, дапамагаючы маці. У школьным узросце ўмела спраўлялася з усімі абавязкамі аператара машыннага даення. Але прафесія даяркі стала актуальнай для яе пазней. Напачатку вырашыла стаць швачкай.


Вучылася шыць у Полацкім атэлье, прыехала ў цэх Дзісенскага КБА на участак па пашыве мужчынскіх касцюмаў. Праз год выйшла замуж за хлопца Анатоля з вёскі Турчына (паблізу Сіцькова), які на той час працаваў трактарыстам у калгасе. Улічыўшы жаданне жонкі, ён падаўся на ЛВДС "Дзісна". Калі з'явіўся першынец-сынок, пераехалі бліжэй да бацькоў—у Мікалаёва. Анатоль працаўладкаваўся ў мясцовы калгас механізатарам і яму, як удзельніку вайны ў Афганістане, далі дом. Адразу абзавяліся падсобнай гаспадаркай, і з кожным годам на падворку гадаванцаў прыбаўлялася.
Жадання вяртацца ў швейны цэх ў Таццяны не было, бо ў Дзісну нязручна дабірацца. Папрасілася ў калгас аператарам машыннага даення.


Ранішняя дойка на МТФ "Навасёлкі" пачыналася ў 4 гадзіны. Ехала на веласіпедзе, каб паспець вярнуцца дадому, пакуль муж на працу не пайшоў, бо малое ж дзіця без нагляду не пакінеш. Затым вяла сына ў дзіцячы садок. Да паўдзённай дойкі паспявала выканаць хатнюю работу, а затым зноў на веласіпед і да сваіх падапечных.


Два гады адпрацавала даяркай, затым "заспяшалася" ў дэкрэтны. Нарадзіла дачушку. На той час сям'я ўжо абжывала прасторны дом на новай вясковай вуліцы.
— Калі ж дачушцы споўніліся два гадкі, я зноў узяла ў рукі даільныя апараты, больш іх нікому не перадавала, хіба на перыяд чарговых штогадовых водпускаў, — кажа Таццяна Пятроўна. — Малакаправода тады не было, насілі малако самі. За дзень шмат цэнтнераў перацягаеш. Цяпер намнога лягчэй, але моладзь не хоча працаваць на ферме.


Галоўны заатэхнік гаспадаркі Ядвіга Кудрашова падкрэслівае, што Таццяна — чалавек "старой загартоўкі", калі ў паўсядзённым жыцці галоўнымі былі не матэрыяльныя прыярытэты, а маральныя. Яна турбуецца, каб малака шмат атрымаць і яго якасць адпавядала гатунку экстра, каб у групе не было ялавак і кожнага нованароджанага "сысунка" захаваць.


Сама ж Таццяна найперш ганарыцца не сваімі працоўнымі заслугамі, а тым, што разам з мужам выхавала добрых дзяцей. Старэйшы Анатоль жанаты. Расце ўнучок Максімка, якому споўніліся два гадкі. Маладая сям'я жыве ў Полацку, мае ўласную кватэру. Сын працуе на чыгуначнай станцыі. Працавіты, адказны.


Дачка Вольга таксама абрала прафесію, звязаную з чыгункай, занята ў адным калектыве са старэйшым братам. На кожныя выхадныя спяшаецца ў Мікалаёва да бацькоў на ўласным аўто. Дапамагае вясной садзіць агароды, летам — сушыць сена... Калі ж праца патрабуе шмат высілкаў, клічуць на дапамогу Толіка з сям'ёй. Дзеці працавітыя і акуратныя. Нездарма ж кажуць: "Яблычкі ад яблынькі недалёка падаюць!"

 

Таццяна — чалавек "старой загартоўкі", калі ў паўсядзённым жыцці галоўнымі былі не матэрыяльныя прыярытэты, а маральныя.

 

 

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.