Инаугурация Президента Республики Беларусь
gazeta 7-11-2015, 11:04 0 Выбары 2015
Аляксандр Лукашэнка ўступіў на пасаду Прэзідэнта Беларусі. Цырымонія інаўгурацыі адбылася ў Палацы Незалежнасці 6 лістапада. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт уступае на пасаду пасля прынясення прысягі наступнага зместу: "Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоду чалавека і грамадзяніна, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі".
Паклаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка прачытаў прысягу на беларускай мове.Затым ён падпісаў акт аб прынясенні прысягі, пасля чаго старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўручыла яму пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.Цырымонія інаўгурацыі адбывалася ў прысутнасці больш як тысячы запрошаных, сярод якіх вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнікі розных узроўняў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, замежныя госці.
Затым беларускія ваеннаслужачыя прынеслі клятву на вернасць народу і Прэзідэнту на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Яны ўрачыста паабяцалі з годнасцю і гонарам несці высокае званне абаронцаў Айчыны, самааддана служыць беларускаму народу і Прэзідэнту, абараняць Радзіму мужна, умела, не шкадуючы сіл і жыцця. На заканчэнне цырымоніі перад кіраўніком дзяржавы ўрачыстым маршам прайшла рота ганаровай варты.
Эканомія, якасць і павышэнне якасці жыцця
Эканоміку Беларусі ў наступны пяцігадовы перыяд трэба ўзняць на больш высокі ўзровень. На гэтым акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі прынясення прысягі з нагоды ўступлення на пасаду Прэзідэнта Беларусі. "Эканомія, якасць і эфектыўнае кіраванне павінны стаць галоўным прыярытэтам. Пры гэтым патрабаванне аб безумоўным захаванні рабочых месц і выплаце дастойных зарплат застаецца ў сіле",—падкрэсліў Прэзідэнт і адзначыў, што перад намі мэта—пабудаваць інавацыйную эканоміку, эканоміку ведаў, бо ў перспектыве наша краіна павінна ўвайсці ў лік найбольш развітых дзяржаў.
Прыярытэтам застанецца павышэнне якасці жыцця людзей. Укараненне найлепшага ў сферы адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны насельніцтва. Асаблівая ўвага па-ранейшаму будзе нададзена ўмацаванню інстытута сям'і, падтрымцы шматдзетных бацькоў, сістэме крэдытавання ў жыллёвым будаўніцтве. Новы імпульс для развіцця атрымаюць культура, спорт, навука, маладзёжныя праграмы, запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Народ з высокай палітычнай культурай
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго перапаўняе пачуццё гонару за з'яднанае грамадства, за мільёны землякоў—грамадзян свабоднай Беларусі. "У час праведзенай кампаніі па выбарах кіраўніка дзяржавы наш народ чарговы раз прадэманстраваў усяму свету высокую палітычную культуру, адзінства перад тварам знешніх выклікаў і незалежнасць поглядаў. Нас не раз'ядналі ў мінулым, не ўдалося цяпер і, я абсалютна ўпэўнены, ніколі не ўдасца гэта зрабіць у будучым",—сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ад усяго сэрца падзякаваў суайчыннікам, хто падтрымаў яго кандыдатуру, і падкрэсліў, што гэта не яго асабісты поспех, а агульнанацыянальная перамога.
Жыццяздольную дзяржаву стваралі разам
Прэзідэнт адзначыў, што ўсе разам мы стварылі жыццяздольную дзяржаву, якая стабільна развіваецца, пабудавалі нямала жылля, школ, бальніц, цудоўных палацаў культуры, спартыўных арэн, сучасных дарог і іншых аб'ектаў інфраструктуры, мадэрнізавалі тысячы прадпрыемстваў прамысловасці, што ў бягучай пяцігодцы дасць эфект. У сціслыя тэрміны вырашана праблема харчовай бяспекі. Больш за тое, прадукцыя беларускага АПК ператварылася ў сур'ёзную крыніцу экспарту.
У краіне пануе мір і сацыяльная справядлівасць. Чалавеку адкрыты ўсе шляхі: спрыяльныя ўмовы для работы, адукацыі, раскрыцця талентаў, выхавання сапраўдных майстроў сваёй справы. "Гэта наша з вамі найвялікшая заслуга. Колькі мы патрацілі крыві і поту, каб гэту сістэму стварыць...",—гаварыў Прэзідэнт.
"Усё гэта фарміруе ў людзей пачуццё абароненасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай такая ўпэўненасць будзе і ў тых, хто не галасаваў за цяперашні курс. Іншы пункт гледжання, калі ён прадыктаваны шчырым клопатам аб Радзіме, заўсёды будзе пачуты. А ўсе разумныя ідэі—выкарыстаны і ажыццёўлены",—гарантаваў кіраўнік дзяржавы.
Садзейнічаць росту ўзаемаразумення на кантыненце
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь з'яўляецца самым бяспечным і самым надзейным маршрутам, які злучае Еўропу і Азію. "Гэтыя дзве цывілізацыі абавязкова пачнуць збліжацца, таму што альтэрнатывы інтэграцыі і інтэграцыйным працэсам яшчэ на Зямлі ніхто не прыдумаў,— падкрэсліў ён. —Процістаянне паміж Захадам і Усходам прыводзіць толькі да далейшай эскалацыі канфліктаў, гуманітарных катастроф, рэзкіх спадаў узроўню жыцця людзей і ўсеагульнай дэградацыі. Прыклад таго—наша родная Украіна.
Як адзначана, беларусы як талерантная і адкрытая нацыя будуць садзейнічаць росту ўзаемаразумення і супрацоўніцтва на кантыненце, каб стаць сувязным звяном паміж дзяржавамі і народамі. У гэтым бачыць адну з найважнейшых сваіх задач на пасадзе Прэзідэнта беларускі лідар.
Без фантастычных амбіцый
Як сказаў кіраўнік дзяржавы, наша жаданне простае і зразумелае: будаваць спакойнае і шчаслівае жыццё ў сваім доме, у супрацоўніцтве і садружнасці з усімі суседзямі. Мы прадоўжым стварэнне Саюзнай дзяржавы з брацкай Расі-яй, калі яна гэтага пажадае. Будзем развіваць цеснае ўзаемадзеянне з партнёрамі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, пры гэтым непахісна адстойваючы ўласныя інтарэсы. Імкліва развіваюцца адносіны Беларусі са стратэгічным партнёрам—Вялікім Кітаем, з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, і ў гэтым ужо ёсць пэўныя вынікі.
Беларусь адкрыта для раўнапраўнага супрацоўніцтва і дружбы з краінамі Захаду, ЗША і Еўрасаюзам, калі яны гэтага хочуць.
"Няма ніякіх перашкод для таго, каб перагарнуць старонкі мінулага і пачаць новую гісторыю адносін з чыстага ліста. Мы гатовы да гэтага і разлічваем на такую ж гатоўнасць нашых заходніх партнёраў",—сказаў кіраўнік дзяржавы.
Супраць неабдуманых і навязаных структурных рэформ
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што "занадта шмат сёння гавораць і пішуць аб структурных рэформах". Пры гэтым ніхто не гаворыць, што менавіта яны сабой уяўляюць, звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Калі хтосьці за рэформы, то будзьце сумленнымі і скажыце, што трэба зламаць палітычны лад, дзяржаўнае ўладкаванне Беларусі, трэба раздзяліць, разрэзаць дзяржаўную народную ўласнасць і раздаць, —сказаў Прэзідэнт.—На гэтыя рэформы нас штурхаюць, і за гэтыя рэформы хтосьці сёння ў свеце гатовы шмат заплаціць".
Аляксандр Лукашэнка заклікаў прыхільнікаў рэформ сумленна сказаць, што яны прадугледжваюць павышэнне пенсіённага ўзросту, увядзенне платнай медыцыны, адукацыі і гэтак далей.
Падобныя пераўтварэнні правялі ўжо ў суседніх Расіі, Украіне да праблем. Ён заклікаў вучыцца на чужых памылках. Кіраўнік дзяржавы таксама выступіў супраць таго, каб увесці прыватную ўласнасць на зямлю і раздаць яе фермерам, бо гэты крок немэтазгодны, паколькі сельская гаспадарка (і пра гэта сведчыць вопыт еўрапейскіх краін) мае патрэбу ў падтрымцы дзяржавы.
Адзіны народ — непераможны
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў: "Мы ўсе павінны разумець галоўнае, выразна яго ўсведамляць: наша будучыня, перш за ўсё, у нашых руках. Вырашэнне ўласных праблем ляжыць, у першую чаргу, унутры, а не звонку краіны".
"Вы, беларусы, на мяне не крыўдуйце, але калі будзеце, скажу па-народнаму, дзесьці ленавацца, я вас вельмі сур'ёзна буду падштурхоў-ваць. Не бывае так, што вінавата толькі ўлада. Перш чым кагосьці ацаніць або пакрытыкаваць, паглядзіце на сябе, ці ўсё вы зрабілі для таго, каб вы, ваша сям'я, вашы родныя, блізкія, знаёмыя і ў цэлым дзяржава былі шчаслівыя і жылі добра. Напэўна, не ўсё. Давайце гэту "рэформу" пачнём з сябе.
Тады, на думку Прэзідэнта, мы будзем жыць выдатна і не спатрэбіцца ставіць перад сабой якія-небудзь рэфарматарскія мэты на злом існуючага палітычнага і эканамічнага ладу.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што цяпер адкрываецца новая старонка ў гісторыі Беларусі. "Яна будзе вельмі змястоўнай, цікавай і неймаверна цяжкай. Каб паспяхова рухацца наперад, нам спатрэбіцца задзейнічаць усе свае рэзервы, праявіць вытрымку, самаадданасць, рашучасць, талент. Словам, паказаць свае лепшыя якасці—той унутраны духоўны стрыжань, дзякуючы якому наш народ выходзіў пераможцам з любых сітуацый, таму што верыў у свае сілы і збіраў іх у кулак",—сказаў беларускі лідар.
Абараняць інтарэсы краіны
Як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка вышэй за ўсё ставіць сабе за мэту надзейную абарону інтарэсаў краіны, яе канстытуцыйных асноў і тэрытарыяльнай цэласнасці. Аб гэтым ён заявіў на цырымоніі прынясення ваеннаслужачымі клятвы беларускаму народу і Прэзідэнту.
Беларусь, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, ніколі нікому не пагражала і пагражаць не будзе: "Наша ваенная мэта—абараніць свой кавалак зямлі, на якім спрадвеку жыла частка славянскага народа—беларусы—чыстая, прыгожая і адукаваная нацыя".
"Разам мы ўжо зрабілі вельмі шмат на складаным шляху дзяржаўнага станаўлення і развіцця. У стваральнай працы нас аб'ядноўвалі любоў да Радзімы, упэўненасць у сваіх сілах і імкненне да агульнага дабрабыту. Усе гэтыя гады нацыянальная сістэма забеспячэння бяспекі была гарантам аховы мірнай працы беларускага народа ад любых пагроз",—канстатаваў Прэзідэнт.
Падрыхтавала Н. Станкевіч.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.