Кандыдат у дэпутаты парламента Васіль Парфёнавіч Папко 10 верасня сустрэўся з калектывамі арганізацый райцэнтра. Пабываў на мясакамбінаце, у аддзеле культуры, наведаў РУЭС, РУПС, ПМК-55, завітаў у бальніцу і санаторый “Расінка”.
Коратка расказаў пра сябе, паведаміўшы асноўныя факты асабістай і прафесійнай біяграфіі. На палажэннях сваёй перадвыбарнай праграмы таксама падрабязна не спыняўся, бо ў выбаршчыкаў была магчымасць пазнаёміцца з ёй праз раённую газету. Васіль Парфёнавіч адзначыў, што менавіта ад людзей залежыць, якой будзе заканадаўчая ўлада, і запэўніў, што лічыць сябе гатовым да работы ў парламенце.
Пытанняў кандыдату шмат не задавалі. У работнікаў культуры ёсць праблема з закупкай апаратуры і інструментаў — набываць імпартнае непажадана, а беларускае не адпавядае патрэбным якасцям. Васіль Парфёнавіч згадзіўся, што гэтае пытанне патрабуе карэкціроўкі. Ад медыкаў прагучала просьба дапамагчы пабудаваць новую бальніцу і забяспечыць яе неабходным сучасным абсталяваннем і транспартам. Гэта якраз з’яўляецца адным з пунктаў праграмы кандыдата.