Галоўная > Адукацыя і выхаванне > Як выхаваць грамадзяніна, высветлілі на пасяджэнні райвыканкама

Як выхаваць грамадзяніна, высветлілі на пасяджэнні райвыканкама


3-12-2019, 09:00. размясціў: gazeta

 Ва ўсе часы перад школай стаялі задачы навучання і выхавання. Каб асоба вырасла адукаванай, духоўна багатай, творчай, з пачуццём глыбокага патрыятызму, трэба пераадолець вялікі і няпросты шлях. Асабліва цяпер, калі ў грамадстве ў цэлым адчуваецца дэфіцыт маральнасці, слабае імкненне ўдзельнічаць у станаўленні сваёй радзімы. Сфарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю, патрыятычныя якасці ў сённяшніх вучняў дапамагаюць выбудаваныя на сучасным педагагічным вопыце, інавацыйных ідэях і творчых ініцыятывах выхаваўчыя сістэмы. Як яны дзейнічаюць ва ўстановах адукацыі раёна, прааналізавалі на пасяджэнні райвыканкама.

Па інфармацыі начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандра Жука, для стварэння адзінай выхаваўчай прасторы, спрыяльнай для развіцця грамадзянскіх і патрыятычных якасцей, шырока выкарыстоўваецца тэхналогія праектнага мадэлявання. У рэжыме інавацыйных праектаў працуюць педагогі Міёрскай СШ № 3 імя Я. Томкі, Дзісенскай, Новапагосцкай, Чапукоўскай, Павяцкай, Узмёнскай школ. Гэта сістэма накіравана на павышэнне прафесійнага ўзроўню. Спрыяюць таму семінары, трэнінгі, круглыя сталы, метадычныя аб’яднанні. А ўдзел у разнастайных конкурсах дапамагае набыць дадатковы вопыт і папоўніць скарбонку ўзнагарод.


Напрыклад, на ХVІІІ рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці, прысвечанай Году малой радзімы, работа настаўніцы Язненскай школы Наталлі Жойдзік адзначана дыпломам другой ступені, а педагогаў Міёрскай СШ № 2 Юрыя і Людмілы Скукоўскіх – граматай Міністэрства адукацыі.


Конкурсныя спаборніцтвы стымулююць і дзіцячы інтарэс. У рамках святкавання 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне вучні здымалі відэаролікі «Сэрцам дакраніся да подзвігу», спявалі патрыятычныя песні, рабілі фота на тэму «Я памятаю! Я ганаруся!». «Армію вачыма дзяцей» занатоўвалі фарбамі.


Выхаванню патрыятычных пачуццяў спрыялі мерапрыемствы Міжнароднай акцыі памяці «Во славу общей Победы!», падчас забору зямлі з 37 воінскіх пахаванняў Міёрскага раёна. Цікавасці да ваеннай гісторыі краіны і абароны Радзімы садзейнічае спартыўна-патрыятычная гульня «Зарнічка», у якой сёлета прынялі ўдзел восем каманд. Вучні другіх – чацвёртых класаў прадэманстравалі высокі ўзровень фізічнай падрыхтоўкі на раённым узроўні. На абласным этапе дзісенская каманда «Марачок» заняла трэцяе месца.


Лагер для юнакоў дапрызыўнага ўзросту, які арганізуюць летам на базе Дзісенскай школы, – важны складнік падрыхтоўкі да службы ў арміі. На ваенна-палявых зборах адпрацоўваюць страявую і агнявую падрыхтоўку, выконваюць патрабаванні Дысцыплінарнага статута. Ездзяць хлопцы на экскурсію ў Фарынава, дзе знаёмяцца з бытам ваеннаслужачых Полацкага пагранатрада, элементамі выканання службовых абавязкаў. Ім паказваюць ваенную тэхніку. Сумесна вучацца адпрацоўваць сітуацыі па затрыманні парушальніка дзяржаўнай граніцы. Такое выхаванне ўплывае на выбар прафесіі. За апошнія тры гады 12 юнакоў сталі курсантамі Ваеннай Акадэміі і Акадэміі МУС.


Дзякуючы клубу «Юныя сябры пагранічнікаў», які дзейнічае на базе Павяцкай школы, восем выпускнікоў звязалі жыццё са службай на граніцы. Значная ў тым роля ваеннаслужачых пагранзаставы «Друя»: яны нярэдкія госці ў вучняў, запрашаюць і да сябе на экскурсіі.


У 2016 годзе Міёрскай СШ № 3 прысвоілі імя Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі. Высокае званне абавязвае вучняў ганарыцца ім, годна праслаўляць імя віцэ-адмірала.


Развіццю і ўдасканаленню якасцей грамадзяніна спрыяе піянерскі рух. Усяго ў раёне 12 дружын, у іх радах 1 262 школьнікі, сярод якіх 478 акцябрат і 784 піянеры. У складзе грамадскага аб’яднанння «БРСМ» 431 вучань.


Развіваюць лепшыя традыцыі 12 цімураўскіх атрадаў, сем валанцёрскіх. Шэфскай дапамогай ахоплены шэсць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 128 ветэранаў працы. Даглядаюць 36 воінскіх пахаванняў, 18 помнікаў і абеліскаў. Стала добрай традыцыяй напярэдадні Дня Перамогі праводзіць акцыю «Мой падарунак ветэрану». Сёлета падрыхтавалі 42.


Для правядзення мерапрыемстваў патрыятычнай скіраванасці шырока выкарыстоўваецца патэнцыял бібліятэк. Дапамагаюць установам адукацыі сяброўскія сувязі з раённымі ветэранскай арганізацыяй, фонду міру, «Белая Русь», ваенным камісарыятам, ГА «БРСМ», клубам ЮНЕСКА «Адраджэнне».


Арганічна ўключана ў выхаваўчы працэс музейная дзейнасць. На базе ўстаноў адукацыі дзейнічаюць чатыры гісторыка-этнаграфічныя, столькі ж краязнаўчых, адзін экалагічны. Сапраўднымі культурна-асветніцкімі цэнтрамі нашай мясцовасці сталі Гістарычны народны музей, Музей кнігі і друку, этнаграфічны «Сялянская хата», якімі кіруе лаўрэат нацыянальнай прэміі «За духоўнае адраджэнне» Вітольд Ермалёнак. Сярод сабраных 13 577 экспанатаў нямала унікальных, якіх няма ў свеце. Распрацаваны шматлікія экскурсіі.


У Дзісне цудоўны краязнаўчы музей размясціўся пад дахам філіяла Цэнтра дзяцей і моладзі. Тут шэсць адкрытых экспазіцый з 2 тысячамі экспанатаў. Комплекс залаў перадае гісторыю горада ад старажытнасці да сучаснасці. Такі асяродак спрыяе цікавым культурна-асветніцкім мерапрыемствам.


Абудзіць любоў да малой радзімы, гісторыі і культуры роднага краю дамагаюць творчыя накірункі дзейнасці Цэнтра дзяцей і моладзі. Тут створана 171 аб’яднанне па дзевяці профілях – гэта шырокая разнастайнасць. Пад яго эгідай вучні раёна прымаюць удзел у конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Только па выніках навуковых краязнаўчых і даследчых работ заваявалі сёлета восем дыпломаў галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.


У Год малой радзімы асаблівая роля грамадзянска-патрыятычных і турыстычна-краязнаўчых мерапрыемстваў. Арганізавалі 18 паходаў і экскурсій па родным краі падчас Тыдня турызму.


Абагачае адукацыйны працэс, дапамагае захаваць нацыянальныя традыцыі дэкаратыўна-прыкладная творчасць. У 12 установах адукацыі дзейнічаюць 33 аб’яднанні па інтарэсах. Эфектыўны вопыт па падтрымцы, прапагандзе і папулярызацыі дзіцячай творчасці, развіцці цікавасці да гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю назапашаны ў Новапагосцкай школе. Экспедыцыйная работа па зборы фальклору, народныя абрадавыя святы тут даўно ўжо сталі традыцыяй.


Вучаць пашыраць веды па палітычных і сацыяльна-эканамічных падзеях у краіне, аналізаваць інфармацыю, весці дыскусіі па праблемах сучаснага грамадства адзіныя дні інфармавання, якія праходзяць пад дэвізам «Школа Актыўнага Грамадзяніна». За год арганізавалі 118 сустрэч з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі прадпрыемстваў раёна, з воінамі-афганцамі.


У планах педагогаў і надалей распрацоўваць новыя праекты, прысвечаныя патрыятычнаму выхаванню. Для абуджэння цікавасці і павагі да гісторыі і культуры малой радзімы плануюць пашыраць патэнцыял музейнай педагогікі. Будуць развівацца аб’яднанні ваенна-патрыятычнага профілю, навуковая і даследчая дзейнасць сярод старшакласнікаў. Прадоўжыцца работа з адоранымі і таленавітымі дзецьмі.


Як заўважыў першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шокель, які кіраваў ходам пасяджэння, патрыятычнае выхаванне – агульная задача. Яна яднае ўсіх нераўнадушных, хто любіць і праслаўляе добрымі справамі родны край, Айчыну. Якіх выхаваем грамадзян, у многім залежыць ад бацькоў, ад традыцый сям’і. Пра гэта трэба задумвацца.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

Фота з архіва аддзела па адукацыі.


Вярнуцца назад