Галоўная > Адукацыя і выхаванне > Восеньскі кірмаш у Міёрскім яслі-садзе №1 прайшоў з размахам

Восеньскі кірмаш у Міёрскім яслі-садзе №1 прайшоў з размахам


30-10-2018, 14:35. размясціў: gazeta

 Выдатнае музычнае і мастацкае афармленне, фотазоны, яскравыя касцюмы ўдзельнікаў, гандлёвыя рады стваралі асаблівую атмасферу. Выступалі на роднай мове, у традыцыях беларускага фальклору.

З размахам прайшоў восеньскі кірмаш у Міёрскім яслі-садзе №1. Сапраўднае свята восені для дзяцей і іх бацькоў арганізавала творчая група педагогаў. Прысмакі, пачастункі, жарты, пацехі, гульні і песні не пакінулі раўнадушных.

 Свята пачалося з выставы “Восеньскія падарункі”, дзе паўдзельнічалі дзеці, іх бацькі і педагогі. Сумесныя работы размясцілі ў двары садка. Гасцей на свята запрашалі Зазывалы. Гаспадар з Гаспадыняй весела прадстаўлялі народныя гульні, спявалі, танчылі разам з дзецьмі. На свята завітала Восень з падарункамі і караваем. Прыемныя эмоцыі выклікалі ў гледачоў маленькія артысты. Дарослыя таксама паказалі “клас”.


 Сапраўднай разынкай кірмашу сталі духмяныя бліны. Гаспадыня частавала дзяцей і гасцей. Напрыканцы мерапрыемства ўсіх запрасілі ў гандлёвыя рады, адкуль даносіліся апетытныя пахі. Хутка разыходзіліся прысмакі і дары восені.


Кожны паказаў, на што здольны. Хто добра гатуе — прынёс розныя пачастункі, аматары рукадзелля прапаноўвалі вязаныя рэчы, карціны з бісеру, вырабы з дрэва. Разыходзіліся вышытыя сурвэткі, самаробныя лялькі, ікебаны.


 Наведвальнікі кірмашу прыйшлі ў захапленне ад творчасці ўдзельнікаў, набылі прадметы побыту, сувеніры і ласункі.
 Дзеці і бацькі акунуліся ў непаўторны свет беларускага свята з песнямі і танцамі, гульнямі і жартамі. Адчулі душэўны пад’ём і радасць ад дачынення да нашай культуры. Наогул, зварот да беларускага фальклору дапамагае ў патрыятычным выхаванні дзяцей. Яны спазнаюць сэрцам свой народ, становяцца спадчыннікамі традыцый.


Вялікі дзякуй бацькам за актыўны ўдзел у выставе “Восеньскія падарункі”, педагагічнаму калектыву — за выхаванне дзяцей у духу павагі да гісторыі свайго народа, роднага горада, за фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ў выхаванцаў.


Ірына ГІЛЬНІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай

дзейнасці яслі-сада №1.


Вярнуцца назад