Галоўная > Адукацыя і выхаванне > Выхаванцы Дзісенскага дзіцячага яслі-сада прагульваюцца з задавальненнем

Выхаванцы Дзісенскага дзіцячага яслі-сада прагульваюцца з задавальненнем


9-10-2018, 13:31. размясціў: gazeta

 Дзеці любяць гуляць на вуліцы. Калі побач пясочніцы, драўляныя жывёлы, горкі, арэлі, то што яшчэ трэба для простай і непатрабавальнай радасці. Выхаванцы Дзісенскага дзіцячага яслі-сада на прагулку ідуць з задавальненнем. 

ФІГУРКІ казачных герояў, утульныя альтанкі, рознакаляровыя лавачкі, яркія кветкі. Сонечным вераснёўскім днём прагульваемся па тэрыторыі Дзісенскага яслі-сада з загадчыцай Святланай Протас.


 — Хутка дзеці прачнуцца, падсілкуюцца і будуць на вуліцы забаўляцца. Цёплых дзён не ўпускаем, — усміхаецца Святлана Іванаўна. — Летам шмат зрабілі па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Дабавілі малых архітэктурных форм — паравозік з Рамашкава, Дзеда Мазая і зайцаў, матэматычнага вусеня і іншых. Асвяжылі колер усяго гульнёвага абсталявання.


У вежу для прынцэсы ператварылася ракета. На новых веснічках усміхаецца смайлік. Ля старога калодзежа на гаспадарчым двары квітнеюць на клумбе кветкі. На вучэбна-гульнёвай пляцоўцы па правілах дарожнага руху выхавальнікі тлумачаць дзецям, як трэба паводзіць сябе на дарозе.


 АБНАЎЛЕННЕ ў садку і звонку, і знутры. У групах правялі касметычны рамонт, іншы колер і малюнкі набыла лесвічная пляцоўка. Новае абсталяванне ў харчаблоку. У выхаванцаў дабавілася развівальных гульняў. Памяшканні, якія займала гарадская бібліятэка, сталі ўтульнымі кабінетамі: метадычным, настаўніка-дэфектолага, загадчыка гаспадаркі. Усе рамонтныя работы супрацоўнікі садка рабілі сваімі рукамі і фантазіяй.


 — Значную частку сродкаў на рамонт атрымалі з аддзела па адукацыі. Дзякуючы такой падтрымцы ў нас свежыя колеры ў двары і новыя пліта і маразільнік у харчаблоку, — расказвае загадчыца ўстановы. — Шмат год надзейны памочнік і сябар — ЛВДС “Дзісна”. Вельмі ўдзячны кіраўніку Віктару Клябанаву і яго намесніку Віктару Канавальчуку за матэрыяльную падтрымку. Па меры магчымасці дапамагаюць Дзісенскі лясгас, прадпрымальнік Эдуард Цярэшка. Упрыгожваюць тэрыторыю садка драўляныя фігуры казачных герояў, якія змайстраваў і падарыў жыхар Дзісны Фадзей Шымуковіч. Сёлета рабілі малыя архітэктурныя формы супрацоўнік садка Фёдар Кубліцкі і кіраўнік фізічнага выхавання Уладзімір Сівіцкі.


 АРКА ля ўваходу аздоблена рознакаляровымі сцяжкамі. “А што ў вас за свята?” — часам спытаюць прахожыя. Звычайны дзень у краіне дзяцінства, які дапамагаюць рабіць яркім і ўтульным дарослыя. 

Для даведкі:
У Дзісенскім дзіцячым яслі-садзе 50 выхаванцаў. З іх шэсць у яслях. Дзейнічае група інтэграванага выхавання і навучання для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Працуюць харэаграфічныя і гурток рукадзелля “Умелыя ручкі”.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.


Вярнуцца назад