Раённы этап рэспубліканскага конкурсу "Суперважаты" прайшоў у сакавіку ў СШ №2. Сучасны важаты піянерскай дружыны — умелы кіраўнік і арганізатар, сцэнарыст і рэжысёр, энергічны забаўнік, надзейны сябар і памочнік. Гэта пацвердзілі ўдзельнікі спаборніцтва.
На тытул "Суперважаты" змагаліся шэсць канкурсантаў. Педагогі-арганізатары Таццяна Шатурына з СШ №2, Вераніка Грэцкая з СШ №3 імя Ягора Томкі, Наталля Матэленак з Узмёнскай школы, Наталля Белазорчык з Сіцькоўскай, Валянціна Цярэшка з Мілашоўскай, Зінаіда Рубанік з Дворнасельскай.
Выпрабоўвалі сябе ў чатырох іспытах. Збіралі "Кейс важатага", дэманстравалі відэаролікі на тэму "Маё прызванне — запальваць сэрцы", раскрывалі вобраз сучаснага важатага ў дэфіле-панараме "Мода асаблівага прызначэння", прыгадвалі гісторыю піянерскага руху ў творчым выступленні "Кліч піянераў".
Кожны ўдзельнік раскрыў сваю яркую індывідуальнасць, лідарскія якасці, прафесіяналізм у правядзенні калектыўна-творчых спраў з дзецьмі рознага ўзросту. Падтрымлівалі педагогаў іх выхаванцы і калегі.
У намінацыі "Адкрыццё года" перамагла Наталля Матэленак — старшы важаты піянерскай дружыны "Бацькаўшчына". 1-е месца і намінацыя "Вопыт і майстэрства" прысуджаны Валянціне Цярэшка — старшаму важатаму дружыны імя Зоі Касмадзям'янскай. Пераможца прадставіць раён на абласным этапе 8 красавіка ў Наваполацку.
Арганізатары конкурсу выказваюць падзяку першаму сакратару раённага камітэта ГА "БРСМ" Вікторыі Пяткевіч за прадастаўленыя падарункі для пераможцаў.
Аксана НЯМІРА,
педагог-арганізатар Міёрскага
раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.
На здымках: "Суперважаты" Валянціна Цярэшка з групай падтрымкі; пераможца ў намінацыі "Акдрыццё года" Наталля Матэленак.