Тонкости воспитания для миорчан

Тонкости воспитания для миорчанЗаахвочванне і пакаранне - гэта два бакі аднаго медаля, імя якога "выхаванне". І каб гэты медаль аказаўся залатым, неабходна ведаць асноўныя правілы прымянення "бізуна і перніка".

 

Нельга апраўдваць суровыя пакаранні і жорсткасць у чалавечых адносінах, аднак зусім без пакарання, на жаль, абыйсціся не атрымаецца. Каб яно пайшло дзіцяці на карысць, трэба кіравацца наступнымі правіламі:


1. Пакаранне не павінна шкодзіць здароўю—ні фізічнаму, ні псіхічнаму.
2. Калі ёсць сумненне караць ці не караць —не карайце. Ніякай "прафілактыкі", ніякіх пакаранняў на ўсялякі выпадак.
3. За адзін учынак—адно пакаранне. Калі правіннасцяў набралася адразу шмат, пакаранне можа быць суровым, але толькі адно за ўсё адразу.
4. Недапушчальна запозненае пакаранне. Некаторыя "выхавальнікі" сварацца і ўшчуваюць дзяцей за ўчынкі, якія былі выяўлены праз паўгода ці год пасля іх учынення. Яны забываюць, што нават законам улічваецца тэрмін даўнасці злачынства.
5. Не прыніжайце дзіця. Якой бы ні была яго віна, пакаранне не павінна успрымацца ім як трыумф вашай сілы над яго слабасцю і як знявага чалавечай годнасці.
6. Калі дзіця пакарана, значыць, яно даравана. Аб мінулых яго правінах - больш ні слова, бо за іх дзіця ўжо расплацілася.
7. Нельга караць ежай, моцна біць, абзываць дрэннымі словамі, ставіць надоўга ў куток, караць у публічным месцы, паўтараць свае патрабаванні шмат разоў, "узмацняючы" іх вагу крыкам. Памятайце, што гэта робіць дзіця забітым і нявартым, потым такія малыя робяцца неадчувальнымі, пакаранне стварае маральнага цыніка.
8. Насуперак існуючаму меркаванню, не варта караць дзіця працатэрапіяй—у наступным любая праца можа ўспрымацца ім як пакаранне.
9. Увага! Дзіця ні ў якім разе нельга караць, калі яно хварэе; перад сном і адразу пасля сну; у час яды, працы ці гульні; непасрэдна пасля душэўнай ці фізічнай траўмы; калі дзіця шчыра стараецца нешта зрабіць, але ў яго не атрымліваецца; калі сам выхавальнік знаходзіцца ў дрэнным настроі.


Заахвочванне—гэта свайго роду мастацтва выхавання. Яно можа быць як "карысным", так і "шкодным". Каб ім авалодаць, яшчэ некалькі парад.
Не раскідвайцеся незаслужанай пахвалой направа і налева, з імкненнем спадабацца дзіцяці. Дзіця ацэніць шчырую пахвалу і ў наступны раз будзе рада зрабіць вам прыемнае. Калі вы хочаце пахваліць дзіця (дапусцім, за прыбраны пакой), не спяшайцеся ўсклікаць: "Ты мой памочнік, які малайчына!" Проста скажыце з усмешкай: "Пакой цяпер чысты, як прыемна сюды зайсці".


Трэба ўмець так даць свае каментарыі, каб дзіця само зрабіла вывады аб сваіх здольнасцях. Напрыклад, калі сын дапамог пераставіць вам цяжкую шафу, можна замест слоў "які ты моцны" сказаць пра тое, якой цяжкай была шафа, як няпроста было яе зрушыць, але разам вы справіліся. Дзіця само зробіць высновы: "Значыць, я моцны, я патрэбны!"


Пахвала павінна быць накіравана на ўчынак дзіцяці, а не на яго асобу.
Прыкладамі шкодных пахвал могуць быць бясконцыя воклічы багатых на любоў бабуль: "Якое цудоўнае дзіця! Выключныя здольнасці! Ну і разумнік!"—малое рызыкуе вырасці самаўлюбёным эгацэнтрыкам.
Не хваліце дзіця за натуральныя рэчы. Не рабіце з яго сацыяльнасці нешта незвычайнае. Калі дзіця надалося на нешта карыснае, напрыклад, само апранулася, пакарміла сабаку, сабрала букет палявых кветак, нішто не можа яго пакрыўдзіць больш, чым выраз здзіўлення ягонымі паводзінамі. Воклічы: "Ах, які ты разумнік!", "Глядзі, што ён змайстраваў, ды яшчэ сам!"—сведчаць, што такія здольнасці ў дзіцяці нечаканыя, неўласцівыя і незвычайныя.


Не выражайце сваё адабрэнне ў фінансавым эквіваленце. Не варта заахвочваць дапамогу па гаспадацы ці творчую дзейнасць малога грашыма. Чалавек паспяхова займаецца тым, што выбірае шчыра, па ўнутраных матывах.


У сем'ях, дзе некалькі дзяцей, бацькі павінны сачыць, каб заахвочванне аднаго не выклікала ў астатніх пачуцця зайздрасці ці крыўды.
Заахвочванне павінна ісці за добрым учынкам, а не быць абяцаным загадзя: "Зрабі гэта, тады атрымаеш вось гэта…" Ваша дзіця павінна навучыцца атрымліваць задавальненне ад самой працы, а не імкнуцца дзеля ўзнагароды.


Вучыце сваё дзіця быць удзячным за любыя знакі ўвагі, праяўленыя да яго, незалежна ад сумы грошай, выдаткаваных на падарунак. Калі вашаму дзіцяці дораць падарункі, ніколі не аналізуйце з ім іх кошт і каштоўнасць, гэта можа прывесці да сур'ёзных маральных праблем.
Самае галоўнае! Мы заклікаем бацькоў выкарыстоўваць любую магчымасць, каб выказаць дзецям сваю любоў. Бо менавіта любоў—галоўная крыніца іх цяперашняга і будучага дабрабыту.


Напамінаем, што ў выпадку ўзнікнення цяжкай жыццёвай сітуацыі вы можаце звярнуцца да спецыялістаў ТЦСАН аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, што размешчана ў Міёрах па вул. Камуністычнай, 36-2, другі паверх, кабінет 10 ці па "тэлефоне даверу" 4 21 44.

 

Фота для ілюстрацыі.
Вольга ПАЦЯЁНАК,

спецыяліст па сацыяльнай рабоце.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.