Авторизация
 

Смачна есці, каб добра вучыцца ў Язненскай школе

+
Вкусно есть, чтобы хорошо учиться в Язненской школеПрацоўны дзень работнікаў сталовай Язненскай школы праходзіць у тэмпе вальса. Аператыўнасць, зладжанасць і дакладнасць у іх справе адыгрываюць важную ролю. Новы вучэбны дзень званок абвяшчае ў 8.00, а ўжо ў 10.30 з-за парт спяшаюцца за абедзенныя сталы вучні-пачаткоўцы. На прыгатаванне смачнага і карыснага абеду ў повараў няпоўныя дзве з паловай гадзіны. 
 
Харчаванне дзяцей у школе праходзіць у тры этапы. Пасля 2-4-класнікаў пераймаюць "гастранамічную эстафету" вучні сярэдніх класаў, а старшакласнікі яе завяршаюць. Перш чым гатаваць вызначаныя ў меню стравы, трэба ведаць, колькі дзяцей прыйшло ў школу і хто з настаўнікаў жадае падсілкавацца ў сталоўцы. Кошт школьнага абеду невялікі, таму ў спісе пастаянных кліентаў нямала педагогаў. Калі звесткі сабраны, закіпае работа.

Неабходную колькасць інгрэдыентаў для страў повару перадае кладаўшчык. Менавіта ён адказвае за поўныя "засекі" і ўмовы захавання, адпаведнасць выкарыстаных прадуктаў адведзеным на гэта сумам. На працягу амаль дзесяці год з гэтай няпростай задачай спраўляецца Святлана Бондал.

—Зводжу грамы з капейкамі,—гаворыць пра сваю работу Святлана Іванаўна.—Лічбы ўвесь час у галаве. Для розных класаў адводзіцца пэўная сума на харчаванне. Для пачаткоўцаў адна, для старшакласнікаў іншыя. Розная і вага страў. Да прыкладу, катлета для 2-4-класнікаў важыць 10,452 грама, а для вучняў сярэдніх класаў—11,934. Усё гэта трэба ўлічваць. Кожную страву па грамах распісваю.
Значная частка прадуктаў заказваецца праз магазін, малочную і мясную прадукцыю прывозіць машына аддзела адукацыі, спорту і турызму, агародніна—са школьнага ўчастка, ды яшчэ мясцовая гаспадарка бульбай дапамагае. Уласнавырашчаных караняплодаў хапае амаль на ўвесь навучальны год.

Загадзя заказаць прадукты ў адпаведнасці з меню—адна справа. Не менш важна правільна іх захоўваць.
—Каўбаса не павінна знаходзіцца разам з яйкамі ці маслам,—заўважае субяседніца.—Гатовая прадукцыя размяшчаецца асобна ад сырой. Халадзільнікаў дастаткова, таму праблем з захаваннем няма. Правілы строгія, парушаць нельга.
Перадаўшы прадукты, кладаўшчык прымаецца за дакументацыю, а на кухні ў гэты час горача. 

Штодня завіхаюцца ля пліт павары Жанна Лушчык і Святлана Осіпава. За чысціню посуду і належны санітарны стан сталовай адказвае кухонны работнік Наталля Шчарбіцкая.
—Увесь час на нагах, хоць толькі паўдня працую, стамляюся. Аднак работа гэтая падабаецца,—заўважае Святлана Уладзіміраўна.
На паўстаўкі повара ўладкавалася ў 2012-м. З кулінарнай справай, як і большасць жанчын, знаёма была ў межах хатняй кухні. Авалодаць ёй на прафесійным узроўні давялося, калі пераехала ў Язна з роднага Іста. Там 12 год адпрацавала на ФАПе санітаркай. Дабірацца на працу стала нязручна, якраз прапанавалі месца ў школьнай сталовай.

—Спачатку баялася. Гатаваць для дзяцей—вялікая адказнасць,—дзеліцца повар.—Паступова асвоілася з новымі абавязкамі. Калектыў тут дружны. Калегі дапамагалі, падказвалі. Цяпер адчуваю сябе ўпэўнена.
Стравы са школьнага меню часам гатуе дома. Да прыкладу, муж ацаніў катлеты, прыгатаваныя па рэцэпце, дзе выключаны разнастайныя прыправы, а сястры, што прыязджае ў госці, даспадобы запраўленая алеем салата. Калі наведваецца з горада сын, радуе яго мучнымі блінамі і дранікамі, баршчом і духмянай выпечкай.

Выпякаць ласункі для мужа і двух дарослых сыноў любіць і Жанна Іванаўна. У дамашняй кухні эксперыменты дазваляюцца, а на працы—строгае падпарадкаванне меню і рэцэптам. 
За школьнай плітой повар 13 год. Уявіце, колькі за гэты час зварана кашы, пачышчана рыбы і нацерта морквы.
—Калі пачынала працаваць, за адзін раз кармілі амаль 90 дзяцей. Харчаванне, як і цяпер, праходзіла ў тры этапы,—прыгадвае Жанна Іванаўна.—Другога повара не было, толькі кладаўшчык і кухонны работнік. Праўда, салаты і супы тады не гатавалі. Пазней меню змянілася. 
 
Цяпер для вучняў і першае, і другое, і трэцяе. Повар заўважае, што ў ліку любімых страў школьнікаў-боршч, сырнікі і рыбныя катлеты. Рэцэптам апошніх цікавяцца бацькі, бо, па меркаванні дзяцей, дома катлеты з рыбы не такія смачныя. Асабліва ласыя да школьных страў малодшыя вучні, заўсёды пустыя талеркі вяртаюць. Прыемна, калі юныя гурманы шчыра дзякуюць за смачны абед.
Хоць і кажуць, што жывот сыты да вучобы глухі, аднак і на пусты страўнік наўрад ці засвояцца формулы, правілы ды сюжэты апавяданняў. Таму, можна сказаць, што паспяховаць вучняў залежыць і ад работнікаў 
школьнай сталовай. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.



рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 июня 2021
Иван, Митрофан, Назар, Петр, Ростислав, Мария, Марфа, Софья

Именины 16 июня 2021
Денис, Дмитрий, Лукьян, Михаил, Павел, Юлиан, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта