У Міёрскай СШ №2 30 мая прагучаў развітальны званок для вучняў двух адзінаццатых класаў, якія ў гэты дзень не хавалі свайго хвалявання. Cа знамянальнай падзеяй павіншавалі выпускнікоў дырэктар школы, першая настаўніца, класныя кіраўнікі, прадстаўнік РАНС, бацькі, сябры і, канешне ж, першакласнікі.
Шчырыя словы падзякі прагучалі ў адрас педагогаў ад старшакласнікаў, якія праз некалькі тыдняў назаўсёды пакінуць школьныя сцены, а таму ў многіх на вачах нагортваліся слёзы.
На ўрачыстай лінейцы выпускнікі танцавалі развітальны вальс, гучала музыка, уздымаліся высока ў неба паветраныя шары… А найбольш хвалюючы момант наступіў, калі ў руках першакласніцы і адзінаццацікласніка загучаў меладычны званок, які апавясціў аб заканчэнні чарговага навучальнага года.
На здымках: хвалюючыя моманты святочнага мерапрыемства ў Міёрскай СШ №2; госці ўрачыстасці — былы выпускнік школы Дзмітрый Зінкевіч, які толькі што закончыў службу ў войску, і дэсантнік Аляксандр Шокель, які яшчэ працягвае выконваць свой грамадзянскі абавязак у арміі, а таксама студэнтка чацвёртага курса БНТУ — Надзея Катовіч са сваім былым настаўнікам Аляксандрам Аляксандравічам Маляўкам.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.