Берегите себя и своих детей
gazeta 22-04-2014, 13:53 0 Адукацыя і выхаванне
Што больш за ўсё патрэбна дзецям? Варыянтаў адказу шмат, і кожны па-свойму правільны. Аднак на першым месцы ў спісе самага неабходнага былі, ёсць і будуць увага і клопат бацькоў. Цеплыня сэрца маці і надзейнае плячо таты — гэта той трывалы фундамент, на якім закладваецца ўпэўненая і шматгранная асоба дзіцяці. Пра гэта нагадалі бацькам, чыім дзецям халодна ля сямейнага ачага. Мам і тат з райцэнтра запрасілі на сход "Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе доме", арганізаваны аддзелам адукацыі, спорту і турызму.
Кожнае дзіця марыць жыць у роднай сям'і, дзе яго любяць і прымаюць такім, якое яно ёсць", — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму па ахове дзяцінства Валянціна Іванаўна Пятрова. Яна прывяла сумныя лічбы раённай статыстыкі. У нас 239 дзяцей са 121 сям'і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. 98% сем'яў пастаўлена на ўлік па адной і той жа прычыне — бацькі злоўжываюць спіртным. У мінулым годзе 21 дзіця з 11 сем'яў забіралі ў дзяржустановы. 17 з іх вярнуліся да бацькоў, а 4 афіцыйна страцілі тату і маму. Як заўважыла Валянціна Іванаўна, у многіх сем'ях адсутнічаюць даверлівыя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі. Часта гэта немагчыма таму, што тата ці мама замест таго, каб пацікавіцца справамі дзяцей і дапамагчы ім знайсці адказы на мноства пытанняў, займаюцца ўладкаваннем асабістага жыцця, праводзяць свой час за спіртным. А дзеці ў пошуках месца, дзе іх зразумеюць, адпраўляюцца на вуліцу.
Там, у кампаніі такіх жа непатрэбных і забытых яны пачынаюць спрабаваць забароненыя плады: цыгарэты, спіртное, наркотыкі. Асаблівую трывогу цяпер выклікаюць сінтэтычныя курыльныя сумесі, вядомыя як спайс. Пра прызнакі і трагічныя наступствы курэння спайса расказала падлеткавы ўрач ЦРБ Яўгенія Аляксееўна Кавалевіч. Яна прывяла прыклады, калі пад уздзеяннем курыльнай сумесі маладыя людзі заканчвалі жыццё самагубствам. У гэтым віна не толькі распаўсюджвальнікаў спайса, але і бацькоў, якія ў свой час не навучылі дзяцей адрозніваць добрае ад дрэннага.
Тое, што бацькі павінны належным чынам выхоўваць дзяцей, прадугледжвае як мараль, так і закон. Асноўны дакумент, які вызначае адносіны ў сям'і — гэта Кодэкс аб шлюбе і сям'і. Пра прававыя аспекты адносін паміж бацькамі і дзецьмі расказала намеснік пракурора Святлана Алегаўна Раманоўская. За самаўхіленне ад выхавання дзяцей бацькоў чакаюць строгія меры пакарання, самая апошняя і трагічная — пазбаўленне бацькоўскіх правоў.
Можна шмат разважаць пра тое, чаму сем'і становяцца нядобранадзейнымі. Адна з прычын хаваецца ў духоўна-маральным выхаванні. Протаіерэй Віктар Вабішчэбіч прывёў такі прыклад: у царскія часы на тэрыторыі Віцебкай губерніі выпадкі суіцыду былі вельмі вялікай рэдкасцю. Гэта сведчыць пра духоўную культуру і богабаязнасць людзей таго часу. Рэаліі дня цяперашняга зусім іншыя. Аднак святар упэўнены, што душа хрысціяніна імкнецца да духоўнага. Ён пажадаў прысутным часцей бываць у храмах, ачышчаць душу малітвамі і добрымі справамі.
Кацярына СУРАВЕЦ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.