Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і Міёрскі Цэнтр дзяцей і моладзі правялі сумесна раённы конкурс-выставу "Лёд. Кветкі. Фантазія". Актыўна прынялі ўдзел у ім хлопчыкі і дзяўчынкі з 10 школ раёна і наведвальнікі гурткоў, аб'яднанняў па інтарэсах філіяла Цэнтр дзяцей і моладзі ў Дзісне. Прадстаўлена было чатырнаццаць работ у намінацыях "Ледзяное дыханне", "Святочная елка" і "Сімвал года", выкананыя арыгінальна і з творчым густам. У прадстаўленых працах адлюстраваны розныя напрамкі і тэхнікі выканання дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, прадстаўлены цікавыя кампазіцыі, выкарыстаны прыродны матэрыял і падручныя сродкі. Журы падвяло вынікі і вызначыла пераможцаў у кожнай з намінацый.
"Ледзяное дыханне" найлепш атрымалася ў дзвюх кампазіцыях — "У чаканні Калядаў", выкананай Яўгенам Протасам, Светай Баброўскай і Аняй Швед, што наведваюць аб'яднанне па інтарэсах "Тэатр школьніка" ў Цэнтры дзяцей і моладзі; і "Вянок ў вінтажным стылі" Уладзіслава Малькова, Валерыя Шаўлюга, якія развіваюць творчыя здольнасці ў аб'яднанні па інтарэсах "Моднае хобі" пры Цэнтры дзяцей і моладзі.
На другім месцы "Калядны вянок" Нікі Цымбаліст з Завуццеўскай ДС-СШ, "Зімовае зачараванне" аб'яднання па інтарэсах "Пацеркавая фантазія" СШ №2. Трэцяя пазіцыя за творамі "Калядны вянок" Анастасіі Удра і Арыны Агафонавай з Міёрскай БШ, "Няхай Новы год усім шчасце прынясе" — Вікторыі Стома, Надзеі Ліманоўскай і Адрыяны Шаўлюга з Туркоўскай ДС-СШ.
У намінацыі "Святочная елка" перамаглі "Навагодні цуд" — Тамары Аўхаронак, Дзмітрыя Яфімава, Антона Язёнка, а другое і трэцяе месцы не прысуджаліся. Стракатымі вырабамі адзначылася намінацыя "Сімвал года", а менавіта новага 2015-га. Аднак выразнага лідара тут не ўбачылі, затое другую прызавую прыступку асіліў калаж "Казляня", выкананы дзвюма Анастасіямі—Кузняцовай і Лашко, дзяўчаты займаюцца ў аб'яднанні па інтарэсах "Масцярыца" пры Цэнтры дзяцей і моладзі. Замкнула прызавы ланцужок кампазіцыя "Напярэдадні 2015 года" Ксеніі Афанасьевай з гуртка "Чароўны клубок" Чапукоўскай ДС-СШ.
Пераможцы ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Працы, якія занялі першае месца, прадстаўлены на абласны этап конкурсу-выставы.
Падрыхтавала Вольга ЯСІНСКАЯ,
метадыст Цэнтра дзяцей і моладзі.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.