На службе дефектологии

На сучасным этапе развіцця сістэмы адукацыі адной з прыярытэтных задач з'яўляецца забеспячэнне яе якасці як для дзяцей дашкольнага ўзросту, так і школьнікаў. У сувязі з гэтым вельмі важна стварэнне аптымальных умоў для навучання і выхавання дзяцей, паспяховая карэкцыя і кампенсацыя парушаных функцый, сацыяльная рэабілітацыя і інтэграцыя ў грамадства дзіцяці з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Над гэтым працуе раённае метадычнае аб'яднанне настаўнікаў-дэфектолагаў, арганізацыя якога дапамагае забяспечыць якасць спецыяльнай адукацыі, знаходзіць інавацыйныя формы, адпрацоўваць і ўкараняць найбольш эфектыўныя метады педагагічнай дзейнасці, абменьвацца вопытам, выпрацоўваць адзіныя падыходы, крытэрыі, ацэнкі вынікаў адукацыйнай дзейнасці.

 

Скончыўся яшчэ адзін навучальны год, а разам з ім рэалізаваны яшчэ адзін план дзейнасці метадычнага аб'яднання настаўнікаў-дэфектолагаў. Сваім вопытам дзяліліся напрактыкаваныя педагогі. У ходзе работы метадычнага аб'яднання разглядаліся актуальныя тэмы і пытанні. Былі запланаваны і праведзены 3 заняткі на базе школ раёна.

 

Святлом і цяплом сваіх вокнаў удзельнікаў першага "ўрока" метадычнага аб'яднання сустракала Слабадская БШ. На ганку ветліва ўсміхаліся гасцям гаспадары ўстановы Браніслаў Зігмундавіч і Тамара Віктараўна Невяроўскія.

"Інтэграванае навучанне дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю ва ўмовах агульнаадукацыйнай школы" — тэма сустрэчы. За гады навучання ў школе чалавек набывае не толькі веды, а перш за ўсё — багаты вопыт адносін. Відавочна, прызначэнне сучаснай школы гэта не толькі і не столькі перадача навучэнцам аб'ёму ведаў у межах зададзенага, а аказанне дапамогі ў раскрыцці яго ўнутранага свету, стварэнне ўмоў, накіраваных на зразуменне ім гармоніі душы і цела. Гэта працэс арганічнага ўзаемадзеяння дзіцяці з настаўнікам, навакольным светам, з самім сабой. Як праходзіць жыццё, які вопыт выносяць яны са сцен школы, якія каштоўнасці здолелі развіць, залежыць ад людзей, што знаходзяцца побач з імі на дадзеным этапе. Вопытам працы з дзецьмі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця падзялілася з калегамі настаўнік-дэфектолаг Лізавета Міхайлаўна Кабанава на адкрытых уроках. Пытанні інтэграцыі з апорай на ўласны досвед асвятлілі настаўнікі-дэфектолагі Людміла Мікалаеўна Быкава з Цвецінскай СШ і Лідзія Міхайлаўна Дуброўская з Дзісенскай.

 

У сакавіку ўдзельнікі метадычнага аб'яднання наведалі Дзісенскую СШ, дзе гаворка ішла пра асаблівасці карэкцыйнай працы з дзецьмі з парушэннямі пісьмовай мовы ва ўмовах школьнага пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі (далей-ПКПД). У сучасных умовах карэкцыйна-педагагічная дапамога становіцца ўсё больш запатрабаванай. Паводле статыстычных дадзеных Міністэрства адукацыі колькасць ПКПД расце хуткімі тэмпамі, а іх дзейнасць дазваляе своечасова аказваць карэкцыйна-педагагічную дапамогу, што садзейнічае павышэнню якасці дашкольнай або агульнай сярэдняй адукацыі. Удзельнікам заняткаў выдалася магчымасць наведаць урок у Алы Пятроўны Майсяёнак, вопытнага настаўніка-дэфектолага з вышэйшай катэгорыяй. Аб відах парушэнняў пісьмовай мовы і пра тое, як ажыццяўляецца работа па папярэджанні і ліквідацыі дысграфіі ў вучняў прысутным распавяла Ганна Зігфрыдаўна Урублеўская з Павяцкай СШ. Аб важнасці і неабходнасці супрацоўніцтва школьнага настаўніка-дэфектолага ПКПД з бацькамі вучняў, якія маюць маўленчыя парушэнні, выступіла Святлана Віктараўна Гром з Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі.

 

Заключны занятак адбыўся 8 мая на базе СШ №2. "Педагагічнае пісьменнае адукацыйнае асяроддзе як фактар паспяховага навучання дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця" — пад такой назвай праходзіла сустрэча, на ёй гаворка ішла аб стварэнні неабходных умоў у кабінеце настаўніка-дэфектолага. Пісьменна арганізаванае адукацыйнае асяроддзе шмат у чым прадвызначае паспяховасць наступнага навучання дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Не ўпершыню закраналася пытанне аб адпаведнасці афармлення кабінета санітарным нормам і гігіенічным нарматывам. Аб арганізацыі адукацыйнага асяроддзя і змесце развівальных зон у кабінеце настаўніка-дэфектолага падрыхтавала выступленне Ірына Варсаноф'еўна Сініца з СШ №1. Былі падрыхтаваны прэзентацыі афармлення кабінетаў (на аснове фотаматэрыялаў) калег са школ Оршы і аднаго з Цэнтраў карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі сталіцы. Сакрэтамі свайго майстэрства ў афармленні падзялілася настаўнік-дэфектолаг Алена Мар'янаўна Ляонава, прадэманстраваўшы зоны памяшкання і выкарыстоўваемыя дапаможнікі спачатку на прэзентацыі, а затым на экскурсіі па "сваіх уладаннях". Настаўнікі наведалі і кабінет Вольгі Феафанаўны Нарэйка.

 

Ні адно пасяджэнне метадычнага аб'яднання не абыходзіцца без абмеркавання нарматыўнай дакументацыі спецыяльнай адукацыі, аб захаванні якой педагогам нагадвае дырэктар ЦКРНіР Аляксандра Яўгенаўна Валынец.

Выказваю падзяку настаўнікам-дэфектолагам і адміністрацыі ўстаноў адукацыі, у якіх мы пабывалі ў гасцях, яны заўсёды з радасцю сустракаюць калег у сценах іх устаноў. Выдатна, што спецыялісты заўсёды гатовы падзяліцца вопытам працы.

 

Лета — сезон адпачынкаў. Трэба набрацца сіл і энергіі, каб у наступны навучальны год уступіць з новымі ідэямі і спосабамі іх увасаблення ў рэальнасць, бо зусім хутка настаўнікаў-дэфектолагаў чакае раённы, а затым і абласны этап конкурсу "Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі", раённы конкурс на лепшы кабінет настаўніка-дэфектолага, а галоўнае — вучні і выхаванцы, якім яны так патрэбны.

Святлана БАКЕВІЧ,

нам. дырэктара ЦКРНіР,

кіраўнік метадаб'яднання.

 

 

 

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.