Развитие региональной системы образования

У мінулым навучальным годзе ў раёне дзейнічалі 22 установы дашкольнай адукацыі, з іх 4 дзіцячыя сады, 3 яслі-сады, 15 комплексаў дзіцячы сад-школа. Закрыта з-за малой напаўняльнасці Волкаўшчынская базавая школа-сад, дзяцей сталі падвозіць у Новапагосцкую дзіцячы сад-сярэднюю школу.

Дашкольныя ўстановы наведвала 725 дзяцей ці 76,8% агульнай колькасці малых ва ўзросце 2-6 гадоў. Яшчэ для іх функцыяніравала 8 груп кароткачасовага знаходжання. Станоўчай з’яўляецца тэндэнцыя павелічэння ахопу дашкольным выхаваннем дзяцей 5-гадовага ўзросту. Ён складае 89,7%. Цяпер няма чаргі на афармленне дзяцей у дашкольныя ўстановы. Забяспечанасць імі складае 104% пры нарматыве 85%.

У дашкольных установах дзейнічала 36 гурткоў, іх наведвалі 333 хлопчыкі і дзяўчынкі ці 90% дзяцей. Платных гурткоў 13, найбольшай папулярнасцю карысталіся харэаграфічныя.

 

У раёне арганізаваны маніторынг стану здароўя дзяцей, яго вынікі выкарыстоўваюцца для своечасовага правядзення аздараўлення. У цэлым захворваемасць змяншаецца. Станоўча ў гэтым плане трэба назваць Язненскі дзіцячы сад, комплексы дзіцячы сад-школа ў Дрыгучах, Новым Пагосце, Цвеціне, Мікалаёве, Узмёнах і Міёрскі яслі-сад №2. На жаль, даволі высокая захворваемасць у комплексах сад-школа ў Дворным Сяле і Слабадзе, у яслях-садах райцэнтра №1 і №3.

Ёсць праблемы з забеспячэннем школьных устаноў сродкамі навучання і цацкамі.

 

Асноўнымі напрамкамі дзейнасці ў новым навучальным годзе трэба лічыць стварэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці і фарміраванне здароўезберагаючай сістэмы дашкольнікаў; забеспячэнне якасці навучання праз павышэнне адукацыйнага і кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў, выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій; умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Пераход ад дашкольнага дзяцінства да ўсвядомленага выбару наступнай прафесійнай дзейнасці, рэальнага самастойнага жыцця забяспечвае школьная адукацыя. У мінулым навучальным годзе школу закончылі 2596 вучняў, з іх 2198 атэставаны. Высокі ўзровень навучання мелі 5,1% школьнікаў, дастатковы—27,6%, сярэдні — 35%, здавальняючы — 30,4%, нізкі — 1,9%. Пры гэтым школьнікаў, якія займаюцца на 7-10, паменела на 1,1%, а на 1,3% паболела дзяцей з сярэднім узроўнем паспяховасці.

 

У мінулым навучальным годзе з добрымі вынікамі закончылі навучанне на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі і былі дапушчаны да выпускных экзаменаў 286 вучняў, на ІІІ ступені — 219. На экзаменах на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі выпускнікі паказалі нядрэнныя веды па беларускай і рускай мовах. 2,4% атрымалі нізкія адзнакі па матэматыцы.

Па выніках экзаменаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі высокія адзнакі па гісторыі Беларусі атрымалі 23,7% вучняў, па беларускай мове — 17,2%. Але 2,5% мелі нізкія адзнакі на экзамене па рускай мове.

6 выпускнікоў узнагароджаны залатымі медалямі, 31 — пахвальнымі лістамі за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў. 9 навучэнцам уручаны пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай.

 

У мінулым навучальным годзе 96,4% вучняў былі ахоплены факультатыўнымі заняткамі па розных напрамках. На базе 5 школ дзейнічала 13 груп міжшкольных факультатываў па 8 прадметах. У школах было адкрыта 36 груп па дадатковым навучанні па асобных прадметах, падрыхтоўцы да тэсціравання і паступлення ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы на платнай аснове. Дзейнічаў цэнтр дадатковай адукацыі.

У раёне склалася сістэма работы са здольнымі і высокаматывіраванымі вучнямі. У другім туры рэспубліканскай алімпіяды прынялі ўдзел 233 вучні 8-11 класаў, з іх 56 па двух і больш прадметах. На раённым этапе 16 школ атрымалі 88 дыпломаў, найбольшую колькасць — СШ №3 (21), Новапагосцкая (7) і Дварнасельская (5) школы. Добрыя вынікі ўдзельнікі паказалі па матэматыцы, абслугоўваючай і тэхнічнай працы, беларускай мове.

18 пераможцаў прадстаўлялі раён на абласным этапе, 6 удзельнікаў атрымалі дыпломы на трэцім этапе.

Назіраецца станоўчая дынаміка паступлення ў ВНУ, сёлета паступіла 42,7% выпускнікоў.

 

Аднак не задавальняе ўзровень падрыхтоўкі да раённых алімпіяд па інфарматыцы, астраноміі, біялогіі, хіміі. Мала школьнікаў прымае ўдзел у алімпіядах па замежных мовах, астраноміі і фізіцы.

Застаецца праблемай недахоп кадраў настаўнікаў-дэфектолагаў. Неабходна павышаць якасць інтэграванага навучання і выхавання.

 

Раённы метадычны савет каардынуе дзейнасць усіх метадычных фарміраванняў, а іх дзейнічала 55, у апошнія гады прыкметна паболела творчых. Вызначаны 10 апорных устаноў адукацыі як кансалтынгавых цэнтраў па вучэбных прадметах і розных напрамках дзейнасці.

Работа з кіруючымі кадрамі і педагогамі ў міжкурсавы перыяд ажыццяўляецца ў адпаведнасці з інавацыямі, якія кранаюць сістэму адукацыі. Праводзяцца раённыя семінары-практыкумы, конкурсы, майстар-класы з прэзентацыяй адкрытых урокаў ці факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў, эстафеты з вопыту работы, выставы. З’явіліся новыя формы работы — інтэрнэт-канферэнцыі, вебінар, конкурс на лепшы электронны сродак навучання. У мінулым навучальным годзе адбыўся семінар для настаўнікаў біялогіі з удзелам выкладчыкаў Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава па праблеме работы са здольнымі вучнямі, аўтарскі семінар кандыдата псіхалагічных навук А. М. Сізанава па інтэрактыўных і камп’ютарных тэхналогіях у выхаваўчай рабоце, гаспадарча-разліковы семінар-практыкум па інфармацыйных тэхналогіях. Праведзены шэраг семінараў па праграме “Зялёныя школы”.

 

З мэтай абмену вопытам настаўнікі біялогіі раёна ўдзельнічалі ў семінарах у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, а метадыст І. А. Каснікоўская дзялілася вопытам пашырэння “Зялёных школ” у нашым раёне ў Кобрыне. Першапраходцамі па гэтай праграме ў нас з’яўляліся Чапукоўская і Дзісенская школы, пазней да іх далучыліся яшчэ 12 устаноў адукацыі.

Прайшлі акцыі да Сусветнага дня водна-балотных угоддзяў 2 лютага, адкрытыя ўрокі ў 5 школах з удзелам прадстаўнікоў ЕС/ПРААН, Мінпрыроды, аддзела адукацыі, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, спецыялістаў заказніка “Ельня”.

Акцыя да Сусветнага дня птушак 2 красавіка прайшла ў СШ №3. У рамках Дня зямлі 22 красавіка праведзена ўзнагароджанне дзяцей за лепшыя малюнак і міні-сачыненне на экалагічную тэматыку.

 

Павышэнню кваліфікацыі педагагічных работнікаў садзейнічаў удзел у рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемствах. Летась на базе раёна прайшла рэспубліканская акцыя “Чытаем разам, чытаем па-беларуску”, у якой удзельнічалі педагогі і вучні СШ №3, Язненскай і Мілашоўскай школ. У статусе абласных пляцовак у раёне дзейнічалі 3 праекты: “Апрабацыя мадэлі інавацыйнай педагагічнай сістэмы “Школа экалагічнай культуры” ў Чапуках, “Менеджмент выхаваўчага працэсу ў агульнаадукацыйнай установе” ў СШ №2 і “Вывучэнне інфармацыйных тэхналогій з выкарыстаннем міжнароднай праграмы “CISСO” у СШ №1.

На раённым узроўні арганізоўвалася 11 творчых праектаў.

 

За мінулы навучальны год павысілі кваліфікацыйную катэгорыю 62 педагогі. Вышэйшая прысвоена 28 настаўнікам, першая — 16, другая — 18. Более выкладчыкаў, якія атэставаны на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

65% школ забяспечаны камп’ютарнымі класамі. У 17 кабінетах інфарматыкі камп’ютары аб’яднаны ў лакальную сетку. На адно рабочае месца з сучасным персанальным камп’ютарам прыходзіцца 14 вучняў 5-11 класаў. У палавіне ўстаноў адукацыі ёсць мультымедыйныя праектары. Усе школы падключаны да інтэрнэту, большасць — да хуткаснага.

Праводзіцца вялікая работа па падрыхтоўцы педкадраў да сертыфікацыі. Рыхтуецца група са 160 выкладчыкаў для здачы экзамена на атрыманне сертыфікатаў у кастрычніку сёлета. А цяпер у раёне 21% сертыфікаваных педагогаў, каля палавіны з іх—кіраўнікі.

 

Пастаянна праводзяцца семінары і заняткі метадаб’яднанняў па навучанні рабоце з электроннымі сродкамі і камп’ютарнымі праграмамі. У выніку 67% выкладчыкаў сістэматычна выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі ў выкладанні прадметаў. Вядучую ролю ў гэтай справе іграе сайт аддзела адукацыі. 13 устаноў маюць свае веб-сайты.

У раёне створана электронная база дадзеных па навучанні дзяцей, узнагароджанні педагогаў, факультатывах, здольных школьніках. Усе школы карыстаюцца аўтаматызаванай сістэмай кіравання. Настаўнікі ўдзельнічаюць у штогадовых раённых і абласных конкурсах на лепшы электронны сродак навучання. 14 настаўнікаў прымалі ўдзел у абласным семінары па выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у рабоце са здольнымі вучнямі, а 5 школ—і ў вебінары па гэтай тэме. Апытанне паказала, што ўсе вучні лічаць цікавымі праводзімыя ў школах мерапрыемствы, 90% маюць занятак па душы, 70% — гатовы праяўляць ініцыятыву. Па падказках моладзі адкрыта 13 новых аб’яднанняў па інтарэсах, а ўсяго іх дзейнічала 160 з ахопам 1647 вучняў. У дзіцячых клубах было занята 235 вучняў, у 34 спартыўных секцыях — 510. І колькасць дзіцячых фарміраванняў более, колькасць уцягнутых у іх школьнікаў — таксама.

 

У раённым Цэнтры дзяцей і моладзі дзейнічалі 54 гурткі, у якіх займаліся 624 школьнікі. Летась адкрыты філіял Цэнтра ў Дзісне, дзе працавала 15 аб’яднанняў па інтарэсах і нават платны фітнес-клуб для працоўнай моладзі. Для іх створаны камфортныя ўмовы.

Адным з прыярытэтных напрамкаў выхаваўчай работы з’яўляецца прафілактыка правапарушэнняў, а іх летась учынена 106 пры ўдзеле 69 непаўналетніх, у ліку якіх 45 школьнікаў. У новым навучальным годзе неабходна ўзмацніць грамадзянска-патрыятычны напрамак выхаваўчага працэсу з выкарыстаннем форм і метадаў, запатрабаваных у дзіцячым і маладзёжным асяродку. З мэтай паляпшэння фізічнай падрыхтоўкі, папулярызацыі гульнявых відаў спорту ў 16 школах дзейнічаюць факультатывы, у 19 праводзіцца ўрок футбола. Папулярызацыі здаровага ладу жыцця садзейнічаюць клуб выхаднога дня ў Слабадзе, клубы “Алімп” і “Чэмпіён” ва Узмёнах і Мілашове. Аднак асноўнымі праблемамі з’яўляюцца недастатковая аснашчанасць устаноў адукацыі абсталяваннем і слабае фінансаванне культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы.

У мінулым годзе пры школьных лагерах аздароўлена 1150 вучняў, найбольш у Слабадской, Крукаўскай, Сіцькоўскай, Перабродскай, Язненскай школах, СШ №1.

Сектар аховы дзяцінства забяспечвае ахову правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў ці жывуць у нядобранадзейных сем’ях. Асабліва важна ранняе выяўленне сямейнага недабрабыту і своечасовая дапамога такім сем’ям.

 

Як вынік, можна сказаць, што ў сістэме адукацыі раёна многае ўжо зроблена, асноўныя задачы мінулага навучальнага года выкананы, але шмат трэба зрабіць у новым навучальным годзе, яго задачы яшчэ больш значымыя. Толькі сумеснымі намаганнямі пры творчым падыходзе і адказнасці кожнага педагога можна забяспечыць эфектыўнасць і належныя вынікі вучэбна-выхаваўчай работы.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.