Снова в школу
gazeta 21-08-2012, 15:41 25 156 Адукацыя і выхаванне
Хутка восень... Вядома, не хочацца развітвацца з бесклапотным летам і брацца за вучобу. Але ва ўсім ёсць свае плюсы. Атрымліваць новыя веды цікава і карысна, тым больш, калі для гэтага створаны адпаведныя ўмовы. Пра тое, як школы падрыхтаваліся да новага навучальнага года, расказвае начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Валерый Анатольевіч Драба.
— Больш за 570 мільёнаў рублёў было выдзелена з бюджэту на патрэбы нашых устаноў. У іх праведзены неабходны касметычны рамонт. Вялікі аб’ём работ выкананы ў СШ №3, СШ №1, ды і ўвогуле ва ўсіх школах добрасумленна справіліся з пастаўленымі задачамі, таму лепшых тут адзначыць складана. На верасень запланаваны капітальны рамонт даху Новапагосцкай школы. У Дзісенскай замену аконных блокаў на сучасныя шклопакеты фінансуе ўпраўленне адукацыі. Таксама закуплены неабходны посуд для харчаблока.
Але першы званок прагучыць не ва ўсіх школах.
— Так, у гэтым годзе ў раёне закрыты дзве ўстановы адукацыі — Крукаўская і Істаўская базавыя школы. Вучні з Крукоў прадоўжаць вучобу ў Дварнасельскай школе, куды іх будзе падвозіць школьны аўтобус. Істаўскія школьнікі свята першага званка сустрэнуць у Язненскай і Цвецінскай школах. На ўрокі ў Цвеціна дзеці таксама паедуць на новым аўтобусе. Настаўнікі і частка тэхнічных работнікаў з закрытых школ працаўладкаваны.
Якія яшчэ змены адбыліся ў раённай сістэме адукацыі?
— Пачалася рэарганізацыя Узмёнскай школы з сярэдняй у базавую. Дзясятага класа там ужо не будзе, а выпускны адзінаццаты—апошні. У наступным навучальным годзе школа атрымае статус базавай. Туркоўская школа пераўтворана ў вучэбна-педагагічны комплекс школа-сад.
Колькі вучняў прыйдзе ў школу ў 2012-2013 навучальным годзе?
— За школьныя парты сядуць 2487 вучняў. З іх 200 першакласнікаў і 219 выпускнікоў. З дзецьмі будуць займацца вопытныя настаўнікі. Мы вельмі ўдзячны педагогам пенсійнага ўзросту, якія застаюцца працаваць. Асабліва настаўнікам замежнай мовы, бо іх не хапае. А ўвогуле кадрамі раён забяспечаны.
Вашы пажаданні калегам.
— Шчыра жадаю здароўя, цярплівасці і ўзаемаразумення. Хочацца, каб настаўнікі атрымлівалі задавальненне ад сваёй работы, а маладыя кадры заставаліся працаваць у нашым раёне.
Гутарыла
Кацярына СУРАВЕЦ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.