У. Сухамлінскі пісаў: “Добры настаўнік — гэта, у першую чаргу, чалавек, які любіць дзяцей, знаходзіць радасць у зносінах з імі, верыць у тое, што кожнае дзіця можа стаць добрым чалавекам, умее сябраваць з імі, бярэ да галавы дзіцячыя радасці і гаротнасці, ведае іх душы, ніколі не забывае, што і сам калісьці быў дзіцём”.
Але вельмі часта вучань забывае пра тое, што толькі ад яго залежыць, якім будзе настаўнік: добрым ці дрэнным, справядлівым або злапамятным. Многія дзеці, самі таго не ўсведамляючы, фарміруюць свайго настаўніка.
Прафесія існуе ўжо не першае тысячагоддзе. Яшчэ ў старажытнай міфалогіі настаўнік лічыўся ледзь ці не “першым пасля Бога” і ўяўляў сабой крыніцу ведаў і мудрасці. І зараз усё пачынаецца з яго: урокі, школа, вучань, грамадства. Менавіта дзякуючы настаўнікам спасцігаецца самая галоўная і складаная навука—Жыццё! Заканчваюцца ўрокі матэматыкі і геаграфіі, для кагосьці праходзяць бясследна гадзіны фізкультуры і хіміі, але ўрокі жыцця — ніколі.
Як пісьменнік жыве ў сваіх творах, а мастак — у карцінах, так і настаўнік — у думках, учынках і справах сваіх вучняў. Толькі ад яго залежыць, што вырасце і паспее з таго маленькага зярнятка, якое ён калісьці пасеяў, ці зможа яно даць плады і прынесці багаты ўраджай, ці звяне, не паспеўшы распусціцца.
Прозвішча чалавека можна і забыць, галоўнае, каб засталося слова “настаўнік”. І кожны, хто марыць падацца ў гэтую прафесію, хай дачакаецца такога ўшанавання, як нашы настаўнікі, каб застацца ў памяці людзей, у іх сэрцах.