Путешествие "Солнышка"
gazeta 10-07-2012, 16:24 1 352 Адукацыя і выхаванне
Школьны аздараўленчы лагер “Сонейка” пры Мілашоўскай БШ дзейнічаў з 1 па 21 чэрвеня. Наведвалі яго 20 вучняў з 1 па 9 класы. У арганізаваных мерапрыемствах дзеці маглі праявіць сябе з розных бакоў. Заўважана, што найбольшую цікавасць выклікаюць розныя паездкі: у дарогу хлопчыкі і дзяўчынкі збіраюцца з вялікай ахвотай. Дзякуючы адміністрацыі УП “Міёрскі” ў лагеры былі арганізаваны аўтавандроўкі.
Першае падарожжа адбылося па роднай Міёршчыне. 8 чэрвеня наш лагер на аўтобусе адправіўся ў накірунку Лявонпаля. Экскурсаводам з’яўляўся настаўнік гісторыі Аляксандр Генадзьевіч Гайдзель. Ён на працягу ўсёй дарогі знаёміў з прыгожымі краявідамі, а ў Лявонпалі коратка расказаў пра гісторыю гэтай вёскі. Потым усе разам па бруку адправіліся да сядзібы Лапацінскіх. Дарога вяла праз алею. Здзівіла і ўразіла веліч былога панскага палаца. Яшчэ па расе дзеці абышлі вакол сядзібы, узняліся па прыступках, зрабілі фотаздымак на памяць. На жаль, з сумам дзецям прыходзілася тлумачыць, што зараз няма гаспадароў у гэтым доме, а таму ён знаходзіцца ў такім запушчаным стане.
Ад сядзібы пешшу адправіліся да помніка воінам, а потым падышлі да Траецкай царквы, якая зроблена без адзінага цвіка.
Наступным прыпынкам быў музей “Радзімазнаўства”. Там убачылі шмат старых рэчаў. Наглядальніца за музеем Таццяна Канстанцінаўна Кліманская расказала пра гісторыю некаторых з іх. Паслухалі мы і старэнькі патэфон.
Затым накіраваліся да калоны ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 г. Свой аповед прадоўжыў Аляксандр Генадзьевіч.
Адправіліся ў Міёры. Вітольд Антонавіч Ермалёнак правёў экскурсіі па музеях СШ №3.
19 чэрвеня лагер падарожнічаў на Браслаўшчыну. Шлях гэты быў асабліва цікавы. Наведалі музей Традыцыйнай культуры, краязнаўчы музей у Браславе. Разам з экскурсаводам прайшліся па Замкавай гары, паслухалі цікавыя легенды пра паходжанне назвы горада. Дзеці былі зачараваны відовішчам, якое адкрылася ім з вышыні гарадзішча.
Потым паехалі да вальераў з жывёламі. Тут прыйшлося пашукаць у кішэнях гасцінцы для лясных жыхароў. Казуль частавалі хлебам, яблыкам. А вось ад клеткі з мішкам дзеці доўга не хацелі адыходзіць, не шкадавалі для яго цукерак.
Завіталі мы і на гару Маяк. Прыгожыя ваколіцы Браслаўскіх азёр зачаравалі. А яшчэ дзецям спадабалася лесвіца, якая вядзе на гару. Стомы тут як і не было. Хлопчыкі і дзяўчынкі бегалі па прыступках то ўніз, то ўверх. Дзеці дадому вярталіся задаволеныя і вясёлыя, хоць падарожжа ў гэты дзень было даволі працяглае.
Ад імя дзяцей і выхавацеляў лагера вялікі дзякуй адміністрацыі УП “Міёрскі” за арганізацыю экскурсій. Асабіста Васілю Дзмітрыевічу Міхалківу за супрацоўніцтва, чулыя адносіны і разуменне ў такой важнай справе, як выхаванне дзяцей.
Н. ПРОТАС,
намеснік дырэктара лагера.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.