Хранят память о военном лихолетье и о тех, кто сражался за мирное небо над Дисной в школьном музее имени Героя Советского Союза М. Кузьмина
gazeta 6-05-2025, 13:30 841 Адукацыя і выхаванне / Беларусь памятае
"Простите нас, дорогие жители Дисны, за то, что стало с вашим зеленым, красивым городом. Не мы виноваты в этом. Вспомните, что сделал фашизм с городами Беларуси, России, Украины... "- обращался к дисненцам на торжестве в мае 1989 года ветеран 159-й танковой бригады Валентин Гаврилов. Эти его слова помещены на одном из стендов музея Дисненской СШ имени Героя Советского Союза М. Кузьмина. Здесь хранят память о военном лихолетье и о тех, кто сражался за мирное небо над Дисной.
«Прабачце нам, дарагія жыхары Дзісны, за тое, што стала з вашым зялёным, прыгожым горадам. Не мы вінаватыя ў гэтым. Успомніце, што зрабіў фашызм з гарадамі Беларусі, Расіі, Украіны…» – звяртаўся да дзісненцаў на ўрачыстасці ў маі 1989 года ветэран 159-й танкавай брыгады Валянцін Гаўрылаў. Гэтыя яго словы змешчаны на адным са стэндаў музея Дзісненскай СШ імя Героя Савецкага Саюза М. Кузьміна. Тут захоўваюць памяць пра ваеннае ліхалецце і пра тых, хто змагаўся за мірнае неба над Дзісной.
Чорная дата
У склад музея ўваходзяць тры раздзелы. Адзін з іх прысвечаны падзеям ваеннага ліхалецця ў Дзісне, самай трагічнай з якіх стаў расстрэл яўрэйскага насельніцтва 14 чэрвеня 1942 года. Захоўваюцца раней запісаныя ўспаміны сведкаў той трагедыі.
Вось што ўзгадвала карэнная жыхарка Дзісны Валянціна Антонаўна Красько:
«Раніцай мы пачулі не проста страшныя крыкі, а нешта такое, што цяжка перадаць: плакалі жанчыны і дзеці, слалі праклёны. Мы кінуліся праз мост за рачулку, але дарогу нам перагарадзілі немцы і паліцаі. З дапамогай сілы павярнулі нас назад. Крыкі пачалі перакрывацца аўтаматнымі чэргамі і выбухамі гранат. Мы зразумелі, што яўрэяў пачалі забіваць. Як стала потым вядома, яўрэяў партыямі, не зважаючы на ўзрост, заганялі на насціл з дошак, зроблены над ямай, і расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў. Многія жанчыны сваімі целамі закрывалі ад куль дзяцей. Фашысты разумелі, што кулі некага абміналі, а таму кідалі ў ямы гранаты. Некалькі чалавек захопнікі пакінулі ў жывых. У першую чаргу тых, хто меў высокую кваліфікацыю. Сярод такіх людзей апынуўся і наш сусед Фрыдман Абатан. Жывых прымусілі працаваць на фашыстаў, а потым і іх расстралялі ля вёскі Дарожкавічы».
На музейных стэндах – фотаздымкі брацкага яўрэйскага пахавання. Прысвечана гэтай трагедыі адна з вучнёўскіх даследчых работ – «Лёс яўрэяў Дзісны».
«Мы пераможам!»
Два раздзелы звязаны з вызваленнем Дзісны.
– Наш горад вызвалялі ад акупацыі 302-і стралковы полк 29-й стралковай дывізіі, 510-ы стралковы полк 154-й стралковай дывізіі, 1 226 гаўбічны артылерыйскі полк, 216 пагранічны полк, партызаны чацвёртай Беларускай партызанскай брыгады, – пералічвае баявыя падраздзяленні кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Мікалай Пацеенак. – Асаблівы ўнёсак 159-й танкавай брыгады, у якой служыў Герой Савецкага Саюза Міхаіл Кузьмін, чыё імя носіць наша школа. Дарэчы, прысвоіць установе адукацыі імя героя-вызваліцеля мелі намер яшчэ ў сярэдзіне 80-х гадоў. Ветэран 159-й танкавай брыгады, механік-вадзіцель танка М. Кузьміна Васіль Зубараў у пісьме ў школу ў лютым 1986 года пісаў: «Вашу патрыятычную барацьбу за прысваенне школе імя Героя Савецкага Саюза М. А. Кузьміна я ўсёй душой вітаю». З распадам Савецкага Саюза гэтая справа была пастаўлена на паўзу. Імя героя школа атрымала ў 2022 годзе. Падзею прымеркавалі да 100-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Кузьміна. Да ўрачыстасці была праведзена рэканструкцыя музея.
Як заўважае Мікалай Мікалаевіч, інфармацыйна пашырыць музейныя матэрыялы дазволіў свабодны доступ да сайтаў «Памяць народа», «Танкавы фронт», дзе ў тым ліку адшукалі звесткі, звязаныя з байцамі 159-й танкавай брыгады.
Ёсць сярод экспанатаў унікальныя. Напрыклад, арыгінальнае пісьмо Міхаіла Кузьміна ад 8 чэрвеня 1944 года да сваіх родных. У ім танкіст піша: «…Живу хорошо, здоровье хорошее. Погода стоит неважная, в этих болотах столько комаров, что я их дома за всю жизнь столько не видел. Ну надеюсь, что предстоящие бои будут решающими. Немцам сейчас надо воевать на три фронта. Наш, в Италии и еще союзники, как вы, наверное, уже читали, высадились в Сев. Франции. Мы победим!»
У гэтым навучальным годзе Мікалай Пацеенак разам з вучнямі вырашылі больш даведацца пра ветэранаў 159-й танкавай брыгады. Перачыталі іх пісьмы, што таксама з’яўляюцца экспанатамі музея. Маюць намер падрыхтаваць брашуру з асноўнымі звесткамі пра танкістаў-вызваліцеляў Дзісны. У біяграфіі некаторых з іх ёсць адметныя факты. Напрыклад, Мікалая Рагалёва, чыё фота з жонкай месціцца на музейным стэндзе, камандаванне лічыла загінулым у баі за Дзісну: яго танк быў падбіты і згарэў. Аднак байцы паспелі пакінуць танк, Мікалай быў паранены, трапіў у палон, адкуль удалося ўцячы. Да сваіх вярнуўся ўжо пад Кёнінгсбергам. У маі 1989 года Мікалай Рагалёў быў сярод удзельнікаў сустрэчы ветэранаў 159-й танкавай брыгады ў Дзісне.
Воіны з Дзісны
Асобны стэнд – «Беларусь памятае» – змяшчае звесткі пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Дзісны, якія атрымалі баявыя ўзнагароды. Так, медалём «За адвагу» ўзнагароджаны 20 дзісненцаў, 19 – ордэнам Чырвонай зоркі. Некаторыя воіны мелі некалькі высокіх адзнак. Да прыкладу, ордэнам Чырвонай Зоркі (двойчы) і ордэнам Чырвонага Сцяга быў узнагароджаны Купрыян Макаравіч Іваноў, ордэнам Славы ІІІ ступені і ордэнам Чырвонай Зоркі – Пётр Ільіч Машнёў, ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За адвагу» – Канстанцін Фёдаравіч Алеська.
Звесткі пра настаўнікаў Дзісненскай школы, якія набліжалі перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, утрымлівае адна з вучнёўскіх даследчых работ. Адсюль даведваемся пра Аркадзя Васільевіча Бандарэвіча, які ўдзельнічаў у партызанскім руху на тэрыторыі Лепельскага, Сенненскага, Чашніцкага раёнаў, а ў мірны час настаўнічаў, з 1960 па 1972 гады быў дырэктарам Дзісненскай СШ. Была сувязной у партызанскім атрадзе Ганна Паўлаўна Іванова. Штурмаваў Берлін Яўген Васільевіч Стома, якога ў 1943 годзе разам з іншай моладдзю Дзісны прымусова забралі на працу ў Германію. Па дарозе – на тэрыторыі Польшчы – эшалон бамбілі, Яўгену з таварышамі ўдалося выскачыць з вагона. У 1944 годзе ён уступіў у рады Савецкай Арміі і прайшоў з баямі да Берліна.
– У музеі праходзяць урокі мужнасці. Запісаны тры відэаэкскурсіі, якія правялі вучні-эксурсаводы. Распрацаваны
квэст-гульня па экспанатах і інтэрактыўная гульня «Танкавы біятлон» на веданне баявога шляху 159-й танкавай брыгады, – расказвае Мікалай Пацеенак. – Усё гэта патрэбна для таго, каб захаваць гістарычную праўду пра вайну і памяць пра яе герояў.
ДАРЭЧЫ
Музей працягвае абнаўляцца. З нагоды 80-годдзя Перамогі яго папоўняць два новыя стэнды. На адным будзе змяшчацца інфармацыя пра партызанскія брыгады, што дзейнічалі ў Дзісненскім раёне. На другім – фотаздымкі ветэранаў-дзісненцаў, якія ўдзельнічалі ў штурме Берліна.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з архіва рэдакцыі.






