Учиться старательно

Вучні Мікалаёўскай дзетсада-базавай школы актыўна ўдзельнічаюць у раённых і абласных алімпіядах і, да гонару навучальнай установы, нярэдка становяцца пераможцамі. На прадметных алімпіядах па тэхнічнай і абслугоўваючай працы дзевяцікласнікі Аляксей Віткоўскі і Ганна Красько атрымалі дыпломы ІІІ ступені, а па рускай мове вызначылася Дзіяна Кумішча — заняла трэцяе месца. Шасцікласніца Ганна Карніцкая ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені за перамогу ў абласной інтэрнэт-гульні “Па старонках любімай казкі”. Вучні 8 класа ўдзельнічалі ў абласной дыстанцыйнай алімпіядзе “Хімія ў асобах”.

 

ХХХ

Падчас кожнага школьнага мерапрыемства вылучаюцца актывісты. На зборы-прэзентацыі “Наша піянерская дружына”, дзе кожны атрад расказваў “старому недасведчанаму Хатабычу” пра свае справы, у ліку ініцыятыўных былі Ганна Балаш, Даша Белазорчык, Ганна Карніцкая і Дзіна Белазорчык, Насця Сіцько, Арцём Балаш, Віця Зелянкевіч. З цікавасцю глядзелі вучні відэафільм пра дзейнасць дружыны.

 

ХХХ

Аляксей Віткоўскі і Юлія Красько падчас літаратурнай гасцёўні, прысвечанай 120-годдзю з Дня нараджэння         М. Багдановіча, прадэманстравалі свае творчыя здольнасці ў якасці вядучых мерапрыемства. З адказнасцю аднесліся да яго падрыхтоўкі Дзіяна Кумішча, Дзмітрый Мядзелец, Ганна Красько, Ганна Жук, Таццяна Балаш, а кіравала гэтай работай настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Герасімаўна Балаш. Вучні прыгадвалі жыццёвы і творчы шлях паэта, засяродзілі ўвагу на выставе кніг і матэрыялах са сродкаў масавай інфармацыі, чыталі творы М. Багдановіча. Вучаніца 8 класа Таццяна Кубліцкая склала верш “Лёс Максіма”, які быў адпраўлены на абласны конкурс “Зорка Багдановіча”.

 

ХХХ

У снежні ў школе працавала майстэрня Дзеда Мароза. Дзеці выраблялі з паперы розных казачных герояў. У кожным класе на вокнах з’явіліся бялюткія, быццам са  снегу, навагоднія кампазіцыі, якія не толькі стваралі святочны настрой у будынку школы, але і радавалі вяскоўцаў.

 

ХХХ

У перыяд зімовых канікулаў дзеці прыходзілі ў школу на заняткі гурткоў і на кансультацыі. Настаўнік фізкультуры Дзмітрый Уладзіміравіч Нядзвецкі правёў спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод вучняў 8-9 класаў і настаўнікаў. Пераможца турніру — Максім Красько — атрымаў грамату і медаль. Другое месца заняла настаўніца пачатковых класаў Аксана Аляксандраўна Пазік, трэцяе — васьмікласнік Дзмітрый Мядзелец.

 

ХХХ

Весела прайшлі навагоднія мерапрыемствы. На ранішніку ў дзіцячым садзе дашкольнікі і вучні 1-3 класаў, пераапранутыя ў касцюмы казачных герояў, кружылі ў карагодзе і весяліліся падчас забаў і гульняў разам з Матухнай-Зімой (выхавальніцай      З. Ф. Красько), бабай Ягой (настаўніцай А. А. Пазік), Дзедам Марозам (настаўнікам Г. А. Кавалёвым) і Снягуркай (першакласніцай Юляй Карніцкай).

Вучні 4-9 класаў сталі сведкамі цікавых прыгод герояў навагодняга тэатралізаванага прадстаўлення, падрыхтаванага Валянцінай Лявонцьеўнай Любаковай і класнымі кіраўнікамі. А потым Дзед Мароз і Снягурка (Аляксей Віткоўскі і Вольга Балаш) запрасілі гледачоў на гульнёвую праграму.

 

ХХХ

Двое нашых вучняў, актыўных удзельнікаў шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў, конкурсаў і алімпіяд, падчас якіх яны неаднаразова займалі прызавыя месцы, былі заахвочаны цікавымі і вельмі памятнымі паездкамі. Дзіна Белазорчык трапіла на рэспубліканскую дабрачынную ёлку, а Арцём Балаш—на абласную. Абодва атрымалі памятныя падарункі. Дзіне нават пашанцавала трапіць на экран тэлебачання і на старонкі рэспубліканскіх газет. Вучні, вярнуўшыся з шырокамаштабных святочных мерапрыемстваў, падзяліліся з сябрамі і настаўнікамі сваімі ўражаннямі.

 

ХХХ

Цяпер вучні нашай школы рыхтуюцца да святкавання 90-годдзя піянерскай арганізацыі і 130-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа. Задумак і планаў шмат, і ёсць упэўненасць, што, дзякуючы настойлівасці і старанню дзяцей і настаўнікаў, яны здзейсняцца.

 

 

В. ПАЗНЯК, намеснік дырэктара;

Н. БАЛАШ, педагог-арганізатар.

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.