На вясенніх канікулах 50 вучняў з 1-6 класаў Міёрскай СШ №2 кожны дзень спяшаліся ў школу. Тут працаваў аздараўленчы лагер “Сонейка”. Замест класаў — атрады “Іскраты” і “Праметэі”, замест урокаў — цікавыя заняткі, спартыўныя забавы, прагулкі і экскурсіі.
Дзейнасць лагера спланавалі загадзя згодна з перспектыўным і штодзённым планамі выхаваўчай работы. А імкнуцца павінны былі да таго, каб вольны час вучняў заняць прыемнымі і карыснымі справамі.
Адкрывалі змену ўрачыстай лінейкай. І ўвесь тыдзень для нашых адпачываючых ладзіліся разнастайныя мерапрыемствы — гульня па станцыях “Вясёлы калейдаскоп”, майстар-клас па вырабе карцінак з павелічэннем і Алімпійскіх паштовак, пазнавальная гадзіна “Усё пра бяспеку”, конкурс малюнкаў “Сябруй з законам” і іншыя. Уразілі дзяцей мерапрыемствы, праведзеныя работнікамі дзіцячай раённай бібліятэкі. Добры зарад бадзёрасці падарыла “Спартландыя”. Падчас адной з прагулак на свежым паветры завіталі на выратавальную станцыю і пазнаёміліся с тэхнікай бяспечных паводзін на лёдзе вясной. Запомніліся культпаходы ў кінатэатр і экскурсіі ў ЗАГС, Цэнтр дзяцей і моладзі, на выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў СШ №1, у дзіцячую бібліятэку.
Яшчэ дзеці з задавальненнем наведвалі гурткі “Інфармышка”, “Музычны калейдаскоп”, “Ачумелыя ручкі” ў школе і “Розныя колеры” ў Цэнтры дзяцей і моладзі. На закрыццё змены падрыхтавалі святочны канцэрт.
Адпачынак закончыўся, пакінуўшы добрыя ўспаміны. Вось некаторыя з іх.
Наталля Грышачкіна: “Шэсць дзён, праведзеных у школьным лагеры, мне запомняцца надоўга. Там было весела і цікава. Асабліва спадабаліся экскурсіі ў дзіцячую бібліятэку, ЗАГС, на выратавальную станцыю і выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў СШ №1”.
Валерыя Гайлеш: “Лагер падарыў мне прыемныя ўражанні. З задавальненнем выконвалі ранішнюю зарадку, хадзілі ў кінатэатр, наведвалі Цэнтр дзяцей і моладзі. У мяне з’явіліся новыя сябры, якім удзячна за добры адпачынак”.
Алеся Сіротка: “Даведалася шмат новага і карыснага. Спадабалася гульня “Спартландыя” паміж атрадамі. А яшчэ запомнілася, як шукалі запіску ў парку і гулялі па станцыях пад кіраўніцтвам выхавальнікаў”.
Ілля Лявіцкі: “ У школьным лагеры адпачываў першы раз. Знайшоў тут новага сябра. Нам цікава было гуляць разам у спартзале і ў рабочым пакоі атрада. А яшчэ нас вельмі смачна кармілі. Летам абавязкова пайду ў лагер!”
Дар’я Мілашэвіч: “Мяне захаплялі практычныя заняткі, дзе працавалі з паперай, нажніцамі і клеем. За працэсам сачылі выхавальнікі. З паштовак, шпалеры выразалі розныя фігуркі, каб атрымаліся прыгожыя карцінкі з павелічэннем і Алімпійскія паштоўкі. Вельмі рада, што менавіта мая паштоўка адаслана на раённы конкурс”.
Антаніна Каліноўская: “Спадабалася ўсё, але найбольш запомнілася, як мы гулялі з дарослымі — нашымі выхавальнікамі. Пра лагер у мяне атрымаўся невялікі вершык.
Лагерь школьный — это круто!
Лагерь школьный — это класс!
Это праздник и веселье,
Это много приключений,
Сила, дружба и здоровье — Всё это у нас!”
Н. КІРЫЛАВА, намеснік начальніка лагера;
апытанне праводзіў камандзір атрада
“Іскраты” Павел Крук.