Авторизация
 

Выхаванне чалавечнасці

Воспитание человечности Павага і патрабавальнасць — такімі прынцыпамі ў рабоце з калектывам і ў адносінах да вучняў кіруецца Тамара Анатольеўна Равецкая, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Туркоўскай СШ. Вось ужо 33 гады жанчына шчыруе на педагагічнай ніве, з іх 19 — займаецца адміністрацыйнай дзейнасцю. Прафесію настаўніка яна выбрала яшчэ ў дзяцінстве і ўпэўнена, што не памылілася. Калі адматаць назад стужку часу, усё роўна пайшла б гэтым жа шляхам.

 

Скончыўшы Туркоўскую школу, стала студэнткай Мінскага педінстытута. Заняткі праходзілі цікава, вучоба захапляла. Будучых настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры рыхтавалі вопытныя выкладчыкі.

—   Менавіта яны прывілі любоў да роднай мовы, — расказвае Тамара Анатольеўна. — Працаваў з намі вядомы мовазнаўца Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі. Многаму ў яго навучылася.

 

Была ў здольнай студэнткі магчымасць застацца ў сталіцы і займацца навуковай дзейнасцю. Але яе вабіла школа. У 1979 годзе выпускніца Мінскага педінстытута вярнулася ў родны Міёрскі край.

—   Размеркавалі мяне ў Браслаўскі раён, — успамінае субяседніца. — Але хацелася працаваць на радзіме. Трапіла ў Дзедзінскую БШ. Хоць і складана было да яе дабірацца, бо знаходзілася школа далёка ад дарогі, але вучэбны працэс праходзіў на высокім узроўні. Да сваіх абавязкаў усе ставіліся з вялікай адказнасцю.

 

Калі ўстанову закрылі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры перайшла працаваць у Туркоўскую школу, з парога якой пачынаўся яе шлях у самастойнае жыццё.

Зараз клопатаў у Тамары Анатольеўны хапае. Акрамя адміністрацыйнай работы трэба яшчэ да ўрокаў у 5-м і 10-м класах рыхтавацца. Часта даводзіцца затрымлівацца на працы. Аднак, калі займаешся любімай справай, на гэта проста не звяртаеш увагі.

 

Выкладаць літаратуру ў сучасных старшакласнікаў няпроста, бо праводзіць час за кнігамі яны не надта любяць. Як удаецца Тамары Анатольеўне захапіць прадметам?

 

— На ўроках мы праводзім паэтычныя хвілінкі, — расказвае настаўніца. —  Дзеці да іх рыхтуюцца загадзя. У школьнай бібліятэцы, часопісах “Полымя”, “Маладосць” яны знаёмяцца з сучаснай паэзіяй. На ўроках чытаюць вершы, якія ім спадабаліся, дзеляцца ўражаннямі. На летнія канікулы прапаную спіс твораў для самастойнага засваення. Потым праводзім гутаркі па прачытаным. За гэта стаўлю “дзясяткі”. І жадаючыя атрымаць найвышэйшы бал знаходзяцца.

 

Ідучы на ўрок, Тамара Анатольеўна думае не толькі пра тое, што трэба папоўніць скарбонку ведаў сваіх вучняў. Важна для яе выхаваць у дзяцей добрыя чалавечыя якасці. Як кажа педагог, кожнае дзіця мае права на памылку. Галоўнае ўмець яе асэнсаваць, прааналізаваць і выправіць.

 

Самастойнасці, адказнасці, справядлівасці і сумленнасці вучыла Тамара Анатольеўна і сваіх дачок Алену і Наталлю. Зараз абедзве працуюць у Мінску. Жартам кажуць маці, што выхавала іх не па-сучаснаму. Хоць зразумела, што чалавечнасць заўсёды ў модзе. Словы пра тое, што да людзей трэба адносіцца так, як хочаш, каб яны адносіліся да цябе, Тамара Анатольеўна памятае заўсёды.

 

Яна стараецца ісці насустрач сваім калегам, дапамагаць ім. Па словах жанчыны, з калектывам ёй пашанцавала. Працуюць у камандзе, дзе паміж усімі ёсць узаемаразуменне і кожны мае свае абавязкі. Стараюцца не толькі вучэбны працэс на належным узроўні арганізаваць, але і культурна-масавае жыццё ў школе зрабіць цікавым. Таму ў суботу класы не пустуюць.

 

У самой Тамары Анатольеўны на адпачынак часу застаецца няшмат. Праводзіць яго любіць, гартаючы часопісы і газеты, перачытваючы творы класікаў. Любімыя пісьменнікі — Янка Брыль, Пімен Панчанка, Іван Мележ. А яшчэ жанчыне падабаецца вырошчваць кветкі і наведваць выступленні самадзейных калектываў. Нават канцэрты вядомых выканаўцаў не выклікаюць у яе такой цікавасці, як конкурсныя праграмы ўдзельнікаў раённага агляду мастацкай самадзейнасці.

 

Нядоўгія хвіліны адпачынку зноў змяняюць справы па гаспадарцы і школьныя клопаты. Але незаўважанай праца не застаецца. За ўтульнасць у доме ўдзячны родныя, а адказнае стаўленне да работы і добрыя вынікі ацэнены не толькі калектывам. Сярод жанчын года Міёршчыны пачэснае месца заняла Тамара Анатольеўна. У намінацыі “Жанчына ў сістэме адукацыі” лепшай вызначылі менавіта яе. Хоць да гэтага і не імкнулася. Ёй проста хочацца добра рабіць сваю справу, не чакаючы за гэта ўзнагарод. А шчасце для Тамары Анатольеўны — гэта гармонія з сабой і задавальненне тым, што маеш.

 

Кацярына СУРАВЕЦ.

 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 10 мая 2021
Георгий, Иван, Иларион, Николай, Павел, Петр, Сергей, Степан, Анастасия, Мария, Семен

Именины 9 мая 2021
Василий, Иван, Николай, Петр, Степан, Глафира

Госці краін

free counters
Партнеры сайта