Метадыст РАА С. В. Качан па рабоце ўстаноў адукацыі ў мэтах прафілактыкі правапарушэнняў лічыць прыярытэтным накірункам выхаваўчай дзейнасці педагогаў раёна недапушчэнне супрацьпраўных паводзін. Акцэнтуйце ўвагу на фарміраванні ў вучняў грамадзянскасці, якая заключаецца ва ўсведамленні і актыўным выкананні абавязкаў перад дзяржавай і грамадствам. Да найбольш значымых апошніх мерапрыемстваў яна адносіць прафілактычную акцыю “Увага: падлетак!”, алімпіяду прававых ведаў для вучняў, якія стаяць на ўліку, раённыя рэйды па абследаванні ўмоў жыцця дзяцей.
Ад чаго залежыць паспяховасць і выніковасць такой прафілактычнай работы?
—Ад сістэмы ўзгодненых дзеянняў педкалектываў школ. Яна ўключае арганізацыю заняткаў па інтарэсах, спартыўных секцый у пазаўрочны час, удзел школьнікаў у выхаваўчых мерапрыемствах. Усё гэта садзейнічае фарміраванню законапаслухмянай асобы, фарміруе цэласнае ўяўленне аб сучасным грамадстве.
Наколькі ахвотна займаюцца вучні ў гуртках?
—Пра гэта можна меркаваць па іх колькасці, ды і вынікамі таксама можна пахваліцца, бо выставы дзіцячай творчасці ўражваюць многіх. А ўсяго ўстановамі адукацыі раёна арганізавана дзейнасць 117 гурткоў для 1647 чалавек, што складае 64% ад усёй колькасці школьнікаў. Калі ж дабавіць спартыўныя секцыі, то агульная занятасць дасягае 92%. Значная нагрузка кладзецца ў гэтым накірунку на ДУ ДА “Міёрскі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі”, бо ўстанова забяспечвае дзейнасць у сёлетнім навучальным годзе 56 гурткоў (у мінулым—43). Стварэнне філіяла ў Дзісне дало магчымасць адкрыць на яго базе дадаткова 14 гурткоў.
Што можаце сказаць пра дзейнасць факультатываў?
—У параўнанні з мінулым годам іх колькасць павялічылася ў 3 разы і склала цяпер 107. Усе яны выхаваўчай накіраванасці, працуюць актыўна.
Ці выкарыстоўваеце магчымасці шостага школьнага дня?
—А як жа! Кожная трэцяя субота—прафілактычная. Класныя кіраўнікі дэталёва прадумваюць змест заняткаў і агульнашкольных мерапрыемстваў для падтрымкі ўстойлівай цікавасці дзяцей да ўрокаў, да вучобы наогул.
Як і калі выяўляюцца дзеці, схільныя да асацыяльных паводзін?
—З ранняга дзяцінства. Гэта ўжо ўвайшло ў практыку. А ў пачатку і ў канцы навучальнага года ў школах праводзяцца гутаркі, у якіх акцэнт—на рабоце з непаўналетнімі, патрабуючымі да сябе асаблівай увагі.
Станоўчыя вынікі забяспечваюць запрашэнні дзяцей на саветы па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў: вучні імкнуцца выправіць свае паводзіны.
Такая прафілактычная работа праводзіцца ва ўсіх школах?
—Абавязкова. Літаральна ў кожнай навучальнай установе аформлены куткі прававых ведаў “Падлетак і закон”, дзе змяшчаюцца кароткі змест закона “Аб правах дзіцяці”, інфармацыя аб адміністрацыйнай і прававой адказнасці непаўналетніх за ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы, адрас Дзіцячага прававога сайта, фатаграфія і тэлефон участковага інспектара.
Педагогі рэгулярна дзяжураць у месцах масавага адпачынку моладзі, кантралююць занятасць “цяжкіх” падлеткаў. Яны садзейнічаюць працаўладкаванню такіх непаўналетніх на час летніх канікул, змяшчэнню іх у лагеры.
Аднак, на жаль, мы маем рост правапарушэнняў у раёне, хаця вучняў, задзейнічаных у іх, паменела з 55 да 45. Дык чаму, на Вашу думку, нашы школьнікі, з якімі так шмат працуюць педагогі, усё ж схільны да непрыгожых учынкаў?
—Асабіста я падтрымліваю меркаванні адміністрацыі ўстаноў адукацыі, якая асноўнымі прычынамі супрацьпраўных паводзін вучняў лічыць недастатковы кантроль з боку бацькоў, нізкі ўзровень культурных інтарэсаў сям’і. У выніку ў падлетка не адбываецца фарміравання цэласнай арыентацыі, ён трапляе пад уплыў знешняга асяроддзя, учыняе злачынствы з-за свавольства, цікаўнасці, жадання сцвердзіцца ў вачах равеснікаў, імкнення завалодаць моднымі рэчамі.
А таксама прычына і ў тым, што не ў кожнай установе адукацыі ёсць псіхолаг, адмоўна ўплывае частае змяненне на пасадах педагогаў сацыяльных, педагогаў-арганізатараў. І яшчэ—не ў поўнай меры да прафілактычнай работы з падлеткамі прыцягваюцца грамадскасць і духавенства. Мала праводзіцца школамі сумесных дзіцяча-бацькоўскіх мерапрыемстваў.
Якія планы на будучыню?
—Будзем выпраўляць недахопы і пралікі, наладжваць больш цеснае супрацоўніцтва з бацькамі.
Мяркуем больш шырока выкарыстоўваць сайты. Кожная ўстанова адукацыі мае метадычны запас сцэнарных распрацовак выхаваўчай накіраванасці, які неабходна размясціць у электронным выглядзе з мэтай прапаганды станоўчага вопыту.
Сёлета ў студзені праведзены раённы аўтарскі інфармацыйна-метадычны семінар “Інтэрактыўныя і камп’ютарныя тэхналогіі ў выхаваўчай рабоце: вопыт Расіі і Беларусі”, на якім прадстаўлены матэрыялы кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта, загадчыка кафедры псіхалогіі і педагагічнага майстэрства Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы РБ А. Н. Сізанава. Яго вопыт заслугоўвае пільнай увагі для арганізацыі работы з вучнямі. І нашымі педагогамі ён будзе выкарыстаны.
Акрамя таго, сёлета кожная ўстанова адукацыі падпісвае план узаемадзеяння з рэлігійнымі арганізацыямі раёна ў мэтах дзейснага выхавання школьнікаў.
Гутарыла
Э. БАГДАНОВІЧ.