На пороге 36-й учебный год в Слободской начальной школе
gazeta 13-08-2024, 09:04 1 356 Адукацыя і выхаванне / Вясковае жыццёКлассные кабинеты наполнены тишиной и ароматом недавнего ремонта. Играют глянцевые блики на ступенях лестницы. Яркостью свежей краски манят взор качели, футбольные ворота и другое игровое оборудование на стадионе. В Слободской начальной школе готов встречать новый учебный год. 36-й по счету.
Класныя кабінеты напоўнены цішынёй і водарам нядаўняга рамонту. Граюць глянцавыя блікі на прыступках лесвіцы. Яркасцю свежай фарбы вабяць позірк арэлі, футбольныя вароты і іншае гульнё- ва-спартыўнае абсталяванне на стадыёне. У Слабадской пачатковай школе гатовы сустракаць новы навучальны год. 36-ы па ліку.
26 навучэнцаў
Дырэктар установы Тамара Невяроўская, як заўсёды, сустракае з усмешкай. Перш-наперш вядзе ў кабінет на другім паверсе, дзе будуць займацца чацвёра дзяўчынак-першакласніц. Класны кіраўнік Лілія Мацур прадумала афармленне і дэкор кабінета.
– Лілія Мікалаеўна – педагог адказны і творчы. Працягвае працаваць на заслужаным адпачынку. Перажывае за дзяцей і сваю справу. Акрамя ўрокаў, ладзіць цікавыя мерапрыемствы. Для яе важна зрабіць усё найлепшым чынам, – характарызуе настаўніцу дырэктар. – Сёлета выпусціла чацвёртакласнікаў. Арганізавалі для іх выпускны з тэатралізацыяй і салодкім сталом, куды запрасілі ўсіх школьнікаў.
У новым навучальным годзе чацвёртага класа ў школе не будзе. Сядуць за парты пяць другакласнікаў – вучні Алы Сухоўскай. Настаўнікам для чатырох трэцякласнікаў стане Браніслаў Невяроўскі, колішні нязменны на працягу 28 гадоў дырэктар Слабадской базавай школы. З адным выхаванцам прадоўжыць займацца дома па спецыяльнай праграме для пятага класа Тамара Віктараўна. Не першы год яна сумяшчае дырэктарскія клопаты з работай настаўніка-дэфектолага. З дванаццацю выхаванцамі дашкольнай групы будзе працаваць сямейная пара выхавацеляў Мікалай і Таццяна Шчарбіцкія і іх памочнік Зоя Смерцьева.
Дзень ведаў у Слабадской ПШ сустрэнуць 26 навучэнцаў.
Успаміны пра 1989-ы
35 гадоў таму – у 1989-м – у Слабадскую базавую школу прыйшлі 33 вучні. Іх чакаў калектыў маладых педагогаў, самым старэйшым з якіх быў 26-гадовы дырэктар Браніслаў Невяроўскі.
– Скончыўшы ваенна-спартыўны факультэт Магілёўскага педінстытута, я год адпрацаваў у Даўгінаўскай СШ. Тагачасны начальнік аддзела па адукацыі Мікалай Будо выклікаў да сябе і прапанаваў узначаліць новую школу, – прыгадвае Браніслаў Зігмундавіч. – Школа ў Слабадзе была неабходнасцю. Мясцовыя дзеці вучыліся хто ў Верхнядзвінску, куды дабіраліся праз раку на лодках і па лёдзе зімой, хто ў Даўгінаве, куды ехалі ў кузаве ЗІЛа-131 ці на трактары, а дадому нярэдка ішлі пешшу. Будавалі школу за кошт сродкаў калгаса «Маладая гвардыя», якія пасля кампенсавала дзяржава. Узводзілі будынак работнікі Фарынаўскай ПМК, унутранай аддзелкай займаліся будаўнікі мясцовай гаспадаркі.
За тры тыдні да пачатку навучальнага года школа выглядала так: на першым паверсе зашклёныя вокны і падлога з ДСП, на другім аконныя рамы без шкла, падлога не пакладзена. Сцены без шпалер, кабінеты без мэблі. Перад будынкам – доўгая канава, праз якую пакладзены дошкі. На месцы цяперашняга стадыёна – забалочаны ўчастак.
– Першага верасня паса- дзілі за парты толькі вучняў-пачаткоўцаў. Узялі мэблю са старога будынка пачатковай школы. Астатніх дзяцей адправілі ў калгас бульбу капаць, а самі прыняліся добраўпарадкоўваць школу, – расказвае былы дырэктар. – Шукалі, дзе што купіць. За шпалерамі ў Себеж ездзілі, за фарбай – у Невель. У вёсцы будаўнікі з Украіны працавалі, у сваяка іх брыгадзіра мэблевая фабрыка ў Ужгарадзе была, дамовіліся пра закупку панэляў і накіравалі туды КамАЗ, пасля самі разгружалі. Падсыпаць будучы стадыён папрасіў кіраўніка мясцовай гаспадаркі. 86 МАЗаў пяску прывезлі. Зверху грунт высыпалі, траву пасеялі.
Першыя месяцы школа працавала 24 гадзіны ў суткі. З раніцы ішлі ўрокі, у другой палове дня настаўнікі працягвалі фарбаваць, клеіць, збіраць мэблю. Прыходзілі на дапамогу бацькі вучняў. Па начах фае і хол размалёўвалі мастакі з Пецярбурга.
– Аконныя рамы жоўтыя былі, мы іх у белы перафарбоўвалі. Не памятаю, чым фарбу змывалі, але ў мяне ад гэтага рэчыва такая алергія была, рукі да локцяў распухалі, – далучаецца да ўспамінаў Тамара Віктараўна. – Той час не ўзгадваю як цяжкі. Гэта маладосць. Усе настаўнікі браліся за справу весела, з энтузіязмам.
Падтрымлівала школу кіраўніцтва мясцовага сельгас- прадпрыемства. Бацькоўскі камітэт узначаліла галоўны бухгалтар Людміла Лакотка. Лічыў сваім доўгам наведваць школьныя мерапрыемствы старшыня «Маладой гвардыі» Іван Ашурка, які кіраваў гаспадаркай з 1998 па 2014 гады. Прыходзіў з падарункамі для школы, матэрыяльна заахвочваў дзяцей за працу ў калгасе. Пасля дапамагаў установе кіраўнік «Узмёнскага краю» Анатоль Матэленак.
Добрыя традыцыі
Колькасць вучняў з кожным годам павялічвалася. У канцы 90-х – пачатку нулявых у школе вучылася 87 дзяцей. Далёка не ўсе вызначаліся прыкладнымі паводзінамі. Частым госцем ва ўстанове быў інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх. Многім праблемным падлеткам дапамагла выправіцца школьная спартыўная секцыя, якую вёў дырэктар. Заняткі праходзілі штовечар, а ў ня- дзелю скіроўваліся ў паходы па мясцовасці. Дзейнічала строгае правіла наведвання секцыі – адсутнасць шкодных звычак і праблем з паводзінамі.
– Дзеці гэтым даражылі і аддавалі перавагу спорту і здароваму ладу жыцця, – заўважае Браніслаў Зігмундавіч. – Займаліся на секцыі лёгкай атлетыкай, спартыўнай гімнастыкай, рукапашным боем, адпрацоўвалі навыкі эвакуацыі пацярпелых, знаёміліся з асновамі турызму і альпінізму. Гэта давала плён. Нашы вучні перамагалі на раённых спартыўных спаборніцтвах, турзлёце.
Яркай падзеяй у гісторыі звычайнай сельскай базавай школы стала выступленне дзевяцікласніцы Валі Міснік на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове, дзе заняла другое месца. З часам Валянціна вярнулася ў родную школу маладым спецыялістам, цяпер працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Верхнядзвінскай гімназіі.
– У школу пастаянна прыходзілі маладыя спецыялісты. Так з самага пачатку склалася, што педагогі былі для дзяцей старэйшымі таварышамі. Ва ўсіх мерапрыемствах настаўнікі і вучні ўдзельнічалі разам, – расказвае Тамара Віктараўна. – З часам школа стала свайго роду культурным цэнтрам месцейка. Усе святы – Дзень ведаў, Новы год, 23 лютага, 8 Сакавіка, апошні званок – праходзілі маштабна, ярка, паглядзець праграму ледзь не ўся вёска збіралася.
– На выпускныя запрашалі музычныя калектывы з Верхнядзвінска, Узмён, і ў нас грала жывая музыка, – дапаўняе жонку і калегу Браніслаў Зігмундавіч. – Да цяперашняга часу падтрымліваем сувязь з многімі выпускнікамі. Заўважаюць, пра школу ў іх засталіся цёплыя ўспаміны.
Па традыцыі, віншуе сваіх настаўнікаў са святамі Сяргей Мікель, балетмайстар-пастаноўшчык Вялікага тэатра оперы і балета.
Дзень цяперашні
Апошнія шэсць гадоў школа ў Слабадзе дзейнічае ў статусе пачатковай. І працягвае ранейшыя традыцыі. Ладзяць тэатралізаваныя навагоднія прадстаўленні, у якіх задзейнічаны ўсе вучні. Дзень Перамогі ўсёй школай адзначаюць з вершамі і песнямі ля абеліска ў вёсцы. Крэатыўна і цёпла развітваюцца з выпускнікамі, толькі цяпер чацвёртакласнікамі.
Падрыхтаваліся да новага навучальнага года.
– Зрабілі касметычны рамонт у кабінетах, часткова адрамантавалі фасад будынка, пафарбавалі гульнёва-спартыўнае абсталяванне на стадыёне. На выдзеленыя аддзелам па адукацыі сродкі набылі новы халадзільнік. Устанавілі трывожную кнопку сігналізацыі, – пералічвае выкананыя справы дырэктар Тамара Невяроўская. – Займаліся рамонтам тэхнічныя работнікі. У тым ліку Валянціна Лакотка, якая сочыць за чысцінёй і парадкам у школе з першых дзён.
36-ы навучальны год разам сустрэне сямейная пара настаўнікаў Невяроўскіх, з чыімі імёнамі непарыўна звязана гісторыя Слабадской школы. З самага адкрыцця працуе тут настаўніца пачатковых класаў Ала Сухоўская. Колькі яшчэ разоў празвініць у школе першы званок, педагогі не загадваюць. Жывуць днём сённяшнім і імкнуцца зрабіць яго напоўненым і адметным.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва Слабадской ПШ.