Отличительные школьные события четвертой четверти вспомнили в одной из школ Миорского района

Обратный отсчет до летних каникул включился у педагогов и учеников. Пока не поставлены в журналы и дневники итоговые оценки, можно вспомнить отличительные школьные события четвертой четверти. В Турковской БШ их немало.
Зваротны адлік да летніх канікул уключыўся ў педагогаў і вучняў. Пакуль не пастаўлены ў журналы і дзённікі выніковыя адзнакі, можна прыгадаць адметныя школьныя падзеі чацвёртай чвэрці. У Туркоўскай БШ іх нямала.

Здымкаў як на небе зор

Практычна кожны з нас цяпер фатограф. Ловім у камеру тэлефона моманты, якія хочацца захаваць. Для некаторых жа фотаздымка становіцца справай жыцця. У рамках праекта «Сустрэчы на ўсе 100» пра свой шлях у прафесію расказаў вучням фотакарэспандэнт раённай газеты «Міёрскія навіны» Казімір Блажэвіч.

Фон для размовы – россып чорна-белых здымкаў на дошцы і выстава фотаапаратаў, што падрыхтавала педагог-арганізатар установы Алена Лапіцкая. Сярод экспанатаў – фотаапарат «Змена». На такі школьнікам рабіў свае першыя кадры Казімір Блажэвіч. Фотаздымка захапіла настолькі, што пасля арміі скіраваўся ў вучылішча за прафесіяй фатографа. Першае месца працы – раённы камбінат бытавога абслугоўвання. Непрацяглы час працаваў у Доме піянераў, а з 1984-га – у рэдакцыі раённай газеты. За выключэннем 14 гадоў працы рэдактарам раённага радыё займаецца фотаздымкай. Любімая справа па-ранейшаму дорыць асалоду, грэе душу і без яе Казімір Альбертавіч сябе не ўяўляе.

Аўдыторыя падрыхтавала для госця шмат пытанняў. У тым ліку пацікавіліся найбольш запамінальнымі здымкамі. Прыгадаў фатограф урачыстасць, падчас якой кіраўніцтву раёна ўручалі пераходзячы чырвоны сцяг. З-за тэхнічнай непаладкі прапусціў самы важны момант. Не разгубіўся – папрасіў паўтарыць. Яркі ўспамін – сустрэча з вядомымі савецкімі акцёрамі Уладзімірам Конкіным і Вячаславам Ціханавым, якія прыязджалі ў Міёры. Гады два таму фотакор раёнкі ледзь не застаўся без рабочага інструмента. Падчас здымкі ў адной са школ баскетбольны мяч збіў успышку. Фотаапарат давялося везці ў рамонт.

У Казіміра Альбертавіча невялікая ўласная калекцыя фотаапаратаў. Самы стары датуецца 1917 годам і да цяперашняга часу ў спраўным стане. Гэты экспанат асабліва здзівіў аўдыторыю. Дзеці таксама паспрабавалі сябе ў ролі фатографаў. Юным аматарам фотаздымкі прафесіянал параіў быць назіральнымі. Ад гэтага залежаць удалыя ракурсы.

Толькі адно пытанне выклікала ў госця цяжкасць: колькі за сваё жыццё зрабіў здымкаў? Іх, як зоркі ў небе, падлічыць немагчыма.

«Тэрыторыя дзяцінства» і памяці

Школьная каманда «Экіпаж Х» выйшла на фініш рэспубліканскага акцябрацкага маршрута «Тэрыторыя дзяцінства». На працягу навучальнага года вучні малодшых класаў выконвалі заданні спартыўнай тэматыкі, знаёміліся з рухомымі гульнямі, пашыралі кругагляд.

– Прысвечаны маршрут ІІ Гульням краін СНД. Першае заданне – «Гульні нашага двара» – атрымалі ў кастрычніку. Затым раз на месяц прыходзілі новыя, – расказвае педагог-арганізатар Алена Лапіцкая. – У лістападзе рабілі «Спартыўную зарадку», у снежні развівалі «Спартыўныя звычкі» і так далей. Нашы дзеянні занатоўвалі на фота, здымалі на відэа і адсылалі арганізатарам. Дзяцей захапіў маршрут, з цікавасцю выконвалі заданні.

Далучыліся піянеры з Туркоўскай БШ да нацыянальнага пошукавага праекта «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», арганізатары якога – Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя і выданне «СБ. Беларусь сегодня». Шукаюць інфармацыю пра землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – і дасылаюць на сайт праекта.

Поспехі і ўдачы Насці

Год таму на раённай навукова-практычнай канферэнцыі «Крок у будучыню» дыпломам І ступені адзначылі работу вучаніцы Туркоўскай БШ Анастасіі Сташкевіч «Дарогі Вялікай Айчыннай вайны ў гісторыі сям’і». Дзяўчына вывучала франтавы і працоўны шлях свайго прадзядулі Аркадзя Лук’янавіча Скавародкі. Нядаўна з дапрацаванай работай выступала на анлайн-канферэнцыі «Герояў памятаем імёны», якую праводзіла Воранаўская СШ Віцебскага раёна.

Актыўная і адказная Насця ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах у школе і за яе межамі. Сёлета выступала на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. На раённым этапе атрымала дыплом ІІІ ступені, паспрабавала свае сілы ў вобласці. 

– Гэта цікавы новы вопыт. Беларуская і руская мова і літаратура – любімыя прадметы. Увогуле вучуся добра. Сярэдні бал за трэцюю чвэрць – 8,8. Канешне, для гэтага трэба папрацаваць. Падрыхтоўка ўрокаў займае тры – чатыры гадзіны, – расказвае школьніца. – Да экзаменаў рыхтуюся. Вучу білеты па гісторыі Беларусі. Гэта першыя іспыты, хвалююся.

Прадоўжыць вучобу збіраецца ў Полацкім эканамічным каледжы. Любоў да філалогіі не перашкаджае сяброўству з лічбамі – паступае на «Бухгалтарскі ўлік».

– Гэта мой асабісты выбар. Доўга думала, шмат варыянтаў разглядала, і ў выніку на ім спынілася, – падкрэслівае дзевяцікласніца.

Паехаць на вучобу Насця плануе з новым ноутбукам. Першапачатковы капітал для яго выйграла ў латарэю. Гэта яе агульнае з маці захапленне. Абодва білеты, набытыя у мясцовым аддзяленні сувязі, прынеслі выйгрышы ў 500 і 750 рублёў. Насцінай удачы парадаваліся настаўнікі. Лічаць гэта ўзнагародай за яе старанні, добрую вучобу і актыўны ўдзел у школьным жыцці.

Спартыўныя вышыні Надзі

Спартыўныя спадзяванні ўскладаюць на шасцікласніцу Надзею Протас. У дзяўчынкі добрыя поспехі ў лёгкай атлетыцы. Напрыклад, 25 разоў адціскаецца ад падлогі пры нарматыве 15. Выступала на раённых і абласных спаборніцтвах. 

Здольную вучаніцу настаўнік фізічнай культуры і здароўя Андрэй Лапіцкі прыкмеціў год таму. Акрамя адціскання ад падлогі, Надзя паказвала высокія вынікі ў бегу на кароткую і доўгую дыстанцыі.

– Дзяўчынка са стрыжнем у характары, – заўважае педагог. – Дома самастойна трэніравалася, развівала вынослівасць. У гэтай чвэрці атрымае «10»-ку.

– Люблю фізкультуру. Яшчэ матэматыка падабаецца. Па ўсіх прадметах адзнакі ад «6»-кі і вышэй, – расказвае Надзя. – У вольны час люблю маляваць, гуляць у тэлефоне, спортам 
займацца. Падабаецца ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Хочацца займаць прызавыя месцы.

На летніх канікулах у Надзі будзе час яшчэ больш падцягнуць фізічную форму, каб дасягаць новых спартыўных вышынь. 

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий