Кiрмаш вакансiй адбыўся ў Павяцкай школе

 Добра быць у дарозе, якую сам выбіраеш. Словы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа застаюцца актуальнымі. Асабліва для старшакласнікаў, якім трэба вызначацца з будучай справай. Зарыентавацца ў свеце спецыяльнасцяў і навучальных устаноў, дзе іх можна атрымаць, дапамагаюць школьныя кірмашы вакансій.

Чарговы кірмаш вакансій на мінулым тыдні адбыўся ў Павяцкай СШ імя В. Бабічава. Завіталі сюды вучні Узмёнскай БШ. Прысутнічалі бацькі школьнікаў.

Прадстаўнікі аддзела па адукацыі, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, цэнтральнай раённай бальніцы, металапракатнага завода, сельскагаспадарчай акадэміі расказалі старшакласнікам і іх бацькам пра запатрабаваныя на Міёршчыне спецыяльнасці, азнаёмілі з перавагамі мэтавых дагавораў і алгарытмам іх заключэння.

На экскурсію ў ЦРБ запрашала школьнікаў галоўны ўрач Алена Сівая. Будуць рады заключыць мэтавы дагавор з тымі, хто выбраў медыцыну. Аднак у гэтую сферу, падкрэсліла выступоўца, перш-наперш павінна весці любоў да справы. Галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Алена Марцілёнак нагадала, што студэнты-мэтавікі сельскагаспадарчых вну атрымліваюць да стыпендыі бонус мінімум у пяць базавых велічынь.

– Чацвёра выпускнікоў нашай школы – студэнты-другакурснікі сельгасакадэміі. Са слоў госця з гэтай навучальнай установы, вучацца яны паспяхова. Цяпер у 11 класе чацвёра хлопцаў. Плануюць звязаць будучыню з прафесіямі інжынернага профілю, – расказвае намеснік дырэктара Павяцкай школы імя В. Бабічава па выхаваўчай рабоце Алена Баршчэўская. – Кірмашы вакансій маюць свой плюс. Школьнікі і іх бацькі атрымліваюць актуальную і карысную інфармацыю з першых вуснаў. Гэта дапамагае зарыентавацца ці сцвердзіцца ў выбары будучай прафесіі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота для ілюстрацыі.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.