У Міёрах прайшла педагагічная канферэнцыя «Аб развіцці і перспектывах далейшага ўдасканалення сістэмы адукацыі раёна»

 Павышаць якасць адукацыйнага працэсу і эфектыўнасць прафарыентацыйнай работы, выхоўваць патрыётаў, умацоўваць здароўе дзяцей, развіваць іх творчыя здольнасці. Вось некаторыя пункты з «дамашняга задання», якое настаўнікі Міёршчыны атрымалі на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі «Аб развіцці і перспектывах далейшага ўдасканалення сістэмы адукацыі раёна».

Адметнасці школ і садкоў

На Міёршчыне 20 устаноў адукацыі. У іх ліку шэсць яслі-садоў і 11 школ. У кожнай свае адметнасці. З некаторымі азнаёмілі міні-прэзентацыі.

Пра работу па патрыятычным выхаванні расказалі педагогі Туркоўскай БШ. Вучні Узмёнскай БШ правялі завочную экспрэс-экскурсію па школьным музеі, дзе праходзяць заняткі аб’яднання па інтарэсах «Спадчына», на якіх вывучаюць гісторыю і культуру роднага краю. Гурток «Юныя краязнаўцы» дзейнічае на базе музея ў Дзісненскай СШ імя Героя Савецкага Саюза М. Кузьміна. Тут аформлены этнаграфічны куточак, экспазіцыі ваеннай тэматыкі.

Новапагосцкай СШ у мінулым навучальным годзе прысвоена імя музыка- знаўцы-фалькларыста Генадзя Цітовіча. Музей знакамітага земляка тут дзейнічаў даўно і працягвае папаўняцца экспанатамі. Вучні СШ   № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі азнаёмілі з некаторымі набыткамі школьнага музея кнігі і друку. Цікавая рэч – № 1-2 часопіса «Наш голас» 1938 года, які за ўласныя сродкі выдавалі навучэнцы Дзісненскай гімназіі.

Аб прыродзе клапоціцца атрад «Экаваланцёры» Язненскай СШ. Утвораны ў канцы 2019 года, налічвае 72 удзельнікі. Выхаванцаў яслі-сада № 3 знаёмяць з роднымі мясцінамі праз квэст-гульню «Скарбы Міёрскага раёна», адзін з этапаў прадэманстравалі гасцям педканферэнцыі. Упрыгожыла падзею маштабная выстава творчых работ педагогаў і выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў.

Ракурсы адукацыйнага працэсу


З розных ракурсаў разгле дзеў сістэму адукацыі раёна начальнік аддзела па адукацыі Уладзіслаў Кашкур. Асобныя пытанні ўдакладнілі калегі.

Падводзячы вынікі ўступнай кампаніі, Уладзіслаў Часлававіч зрабіў акцэнт на больш эфектыўнай прафарыентацыйнай рабоце. З 13 навучэнцаў аграгруп шэсць сталі студэнтамі вну, сем – сярэдніх спецыяльных устаноў, аднак іх будучыя прафесіі не звязаны з сельскай гаспадаркай. Між тым з 26 выпускнікоў педагагічных груп 14 будуць атрымліваць вышэйшую педагагічную адукацыю, з іх пяць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Трое вярнуцца маладымі спецыялістамі ў СШ № 2 імя М. Ізварына. Увогуле з 92 выпускнікоў раёна у вну паступілі 62. Са 166 дзевяцікласнікаў у дзясятым класе прадоўжаць вучобу 76, астатнія будуць атрымліваць прафесіі ў ліцэях і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

З кожным годам у раёне змяншаецца колькасць пераможцаў алімпіяд па прадметах. Важна рабіць акцэнт на рабоце з адоранымі вучнямі. У гэтым плане паказальны вопыт настаўніцы хіміі СШ № 2 імя М. Ізварына Алены Яфімавай. У мінулым годзе яе вучань-дзесяцікласнік атрымаў дыпломы ІІІ ступені на абласным этапе і ў інтэрнэт-алімпіядзе. Дыпломы І і ІІІ ступеняў заваявалі на абласным конкурсе па хіміі васьмікласнікі. На думку педагога, патэнцыял дзіцяці можна ўбачыць з першых урокаў, а пасля – падтрымліваць і развіваць інтарэс да прадмета. Практыкуе на занятках праблемныя сітуацыі, ста-               віць пытанні, што патрабуюць творчага вырашэння, спрабуе перавернутыя ўрокі і розныя іншыя метады, з дапамогай якіх абуджае дзіцячую думку і цікаўнасць. Пастаянна вучыцца сама. За мінулы навучальны год прайшла сем абласных анлайн-семінараў, два рэспубліканскія, міжнародныя навучальныя курсы на адукацыйнай анлайн-платформе SKLAD.

У ліку прыярытэтных накірункаў выхаваўчай работы начальнік аддзела па адукацыі абазначыў засваенне асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы, выхаванне любові і павагі да радзімы, фарміраванне нацыя- нальнай самасвядомасці. У значнай ступені гэта залежыць ад кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Вопытам падзяліўся Сяргей Хамянок з Чапукоўскай СШ. Вядзе работу па некалькіх накірунках: культурна-гістарычным, героіка-гістарычным, духоўным, сацыяльна-палітычным. Вучні распрацоўваюць краязнаўчыя праекты, пішуць даследчыя работы, наведваюць музеі і мемарыяльныя комплексы, сустракаюцца з прадстаўнікамі арганізацый і ўстаноў. Вынікам супрацоўніцтва з моладзевым праваслаўным рухам «Ладанка» стала публікацыя ў раённай газеце пра магілу невядомага салдата ў ваколіцах вёскі Зачарэўе. Вядуць пошукавую дзейнасць па ўстанаўленні асобы воіна.

Дзяцей вучыць тое, што іх акружае, упэўнены ў Дзісненскім яслі-садзе. Элементам эколага-развівальнага асяродку стала экасцежка на тэрыторыі ўстановы. Загадчык Святлана Протас правяла па ёй завочную экскурсію з прыпынкамі ля міні-агарода, птушынага гарадка, пчальніка і на іншых пунктах маршрута ў прыроду.

З гэтага навучальнага года ва ўстановах адукацыі ўводзіцца школьная форма. Як працавалі над афіцыйным і стыльным выглядам вучняў у Сіцькоўскай БШ, расказала дырэктар Аксана Шараг. Іх формула ідэальнай формы для вучобы – цёмна-сінія камізэлькі, насычана блакітнага колеру кашулі для хлопчыкаў і светла-блакітныя блузкі для дзяўчатак. Парадны варыянт – белыя кашулі і блузкі. Як гэта выглядае, дзеці прадэманстравалі на сцэне. Далучыліся да «моднага паказу» вучні Чапукоўскай СШ, Павяцкай СШ імя Героя Савецкага Саюза В. Бабічава, СШ      № 2 імя М. Ізварына.

Працягваецца ва ўстановах адукацыі работа па стварэнні бяспечных умоў для дзяцей. Шмат увагі надаюць умацаванню іх здароўя. У мінулым навучальным годзе дзейнічалі 27 спартаб’яднанняў і шэсць факультатываў спартыўнай скіраванасці. Творчыя здольнасці вучняў развівае Цэнтр дзяцей і моладзі. Тут налічвалася 57 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаўся 551 выхаванец. Пра паспяховы ўдзел у конкурсах сведчыць не адзін дзясятак дыпломаў.

Спецыяльнай адукацыяй ахоплены ўсе 393 дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У большасці парушэнні маўлення і цяжкасці ў навучанні. Як падкрэсліў Уладзіслаў Кашкур, важна фарміраваць талерантныя адносіны ў грамадстве да асаблівых дзетак. Акцэнтаваў увагу на ахове правоў непаўналетніх, раннім выяўленні сямейнай нядобранадзейнасці. Работа ў гэтым накірунку таксама прадоўжыцца ў новым навучальным годзе.

Малады запал

 Прынялі ўдзел у жнівеньскай педканферэнцыі маладыя спецыялісты. Іх шасцёра. Раённы вучэбна-метадычны кабінет – першае працоўнае месца выпускніцы мінскага філіяла Беларускага гандлё- ва-эканамічнага ўніверсітэта спажыўкааперацыі, навапалачанкі Веранікі Юхневіч. Уладкавалася юрысконсультам. Тут жа прыступіў да абавязкаў тэхніка-праграміста Дзмітрый Астравумаў. З Міёрамі знаёмы не быў, яго дом у горадзе Крупкі Мінскай вобласці, вучыўся ў філіяле БДТУ «Віцебскі тэхналагічны каледж». Педагогам-псіхолагам у СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі ўладкавалася выпускніца факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі ВДУ імя П. Машэрава Вікторыя Болцікава. Першае ўражанне пазітыўнае, не засмучае адлегласць да роднай Оршы. Полацкі каледж скончыла ўраджэнка Дрыгуч Рыма Дулінец. Прыемна ўражана цёплай атмасферай у Павяцкай СШ імя В. Бабічава, дзе працуе выхавацелем. Міярчанкі Вольга Радзішэвіч (выпускніца ПДУ імя Е. Полацкай) і Ксенія Грыгор’ева (Полацкі каледж) займаюцца з малечай у садзе № 2, які нядаўна пераехаў у новы будынак і атрымаў дадатковую назву «Жураўлік». Адчуваюць падтрымку старэйшых калег.

Любіць сваю справу і ўпэўнена спраўляцца з цяжкасцямі, без якіх немагчымы рост, наказвала маладому папаўненню дырэктар Узмёнскай БШ Вольга Рамза.

Дарэчы
Госць педканферэнцыі – старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валерый Кунашка. Уручыў падарункі дзецям членаў прафсаюзнай арганізацыі, якія сёлета ідуць у школу. «Збяры партфель першакласніку» – адзін з этапаў традыцыйнай акцыі «Прафсаюзы – дзецям».

У ТЭМУ
Павіншаваць педагогаў Міёршчыны завітала кіраўніцтва раёна. Да слоў удзячнасці за працу – узнагароды.

Граматамі Міністэрства па адукацыі адзначаны працоўны плён намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі Ірыны Ханецкай і галоўнага спецыяліста аддзела па адукацыі Валянціны Пятровай. Узнагароды ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама атрымалі настаўнік фізікі СШ № 2 імя М. Ізварына Таццяна Курашэвіч, бібліятэкар Сіцькоўскай БШ Таццяна Матэленак, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дзісненскай СШ імя Героя Савецкага Саюза М. Кузьміна Валянціна Кавалеўская, настаўнік працоўнага навучання Чапукоўскай СШ Жанна Пушкель, педагог сацыяльны Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча Жанна Свідэрская, настаўнік матэматыкі і фізікі Язненскай СШ Алена Дубоўская, настаўнік матэматыкі СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі Алена Валеўка.

Дырэктару Язненскай СШ Людміле Жойдзік уручылі Ганаровую грамату райвыканкама. Падзяку аб’явілі метадысту ВМК Святлане Матылёнак і намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Чапукоўскай СШ Ірыне Качан. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў адзначана намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці яслі-сада № 3 Надзея Мацвеева.

Шэраг педагогаў атрымалі ўзнагароды ад аддзела па адукацыі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий