У Чапукоўскай СШ да навучальнага года практычна ўсё гатова

 У запасе школьнікаў яшчэ два з паловай тыдні канікул. Пакуль дзеці ловяць моманты летняга адпачынку, установы адукацыі завяршаюць падрыхтоўку да новага навучальнага года. У Чапукоўскай СШ практычна ўсё гатова.

Апошнія штрыхі 

З парога ахінае хваля водару, па якім здагадваешся пра нядаўні рамонт. Лёгкі пах фарбы, змешаны з ноткамі свежасці і навізны.

– Школа гатова да новай сустрэчы з вучнямі. Застаюцца апошнія штрыхі, – адзначае дырэктар установы Уладзімір Кляўцоў. – Сёлета рамонт праходзіў у два этапы. Першы доўжыўся з 11 па 30 чэрвеня. Затым у школе дзейнічалі аздараўленчы і лагер працы і адпачынку. Пасля змены зноў распачаліся рамонтныя работы. У вучэбных кабінетах, дашкольнай групе, на калідорах фарбавалі падлогу і сцены. Абнавілі афарбоўку гульнёвага і спартыўнага рыштунку на вуліцы. Застаецца асвяжыць падлогу ў актавай зале. На працягу мінулага года на сродкі апякунскага савета тут зашпаклявалі і пафарбавалі сцены і столь, абнавілі інтэр’ер. У цэлым парадак навялі, справа за чысцінёй: вымыць вокны і падлогу, працерці мэблю і так далей. Гэтым цяпер займаюцца тэхнічныя работнікі.

Крыніцы фінансавання летняга абнаўлення – таксама апякунскі савет школы і дапамога шэфаў: ААТ «Любінова», «Пад’ельцы» і «Чэрасы». Ім калектыў установы ўдзячны за дапамогу ў набыцці матэрыялаў. 

 Службовыя абавязкі – парадак і чысціня

Курыраваў рамонтныя работы загадчык гаспадарчай часткі Мікалай Пашкоўскі. У школе 30 гадоў, справу ведае як свае пяць пальцаў. Таксама за ім парадак на прасторнай школьнай тэрыторыі. Разам з рабочым Анатолем Рынкевічам займаюцца абкосам. У распараджэнні два трымеры і газонакасілка. Сёлета «стрыжка» патрабавалася менш: у чэрвені – ліпені з-за адсутнасці дажджоў трава не расла.

Затое дадалося клопатаў у гаспадынек Таццяны Дубніцкай, Валянціны Капусцінай, Людмілы Ананіч і Кацярыны Васільевай. Разам са шпаклёўкай і афарбоўкай шмат увагі патрабавалі клумбы з кветкамі, якіх на тэрыторыі багата.

– Кожную раніцу пачыналі з паліву. Вада са шлангаў, таму зручна, – заўважае Людміла Ананіч. – У школе з 2012 года працую. Даглядаць кветкі – любімы абавязак. Гэта дорыць радасць.

Для Валянціны Капусцінай школа куды больш, чым месца працы.

– Тут вучыліся мае дзеці. Сёлета старэйшая ўнучка Бажэна – выпускніца. Паступіла ў медкаледж, – расказвае суразмоўніца, праціраючы табурэткі ў класе. – І сама я 22 гады тут працую. Была кухонным работнікам, цяпер падтрымліваю парадак. Прыемна рабіць школу чыстай і ўтульнай, ствараць камфортныя ўмовы для дзяцей. Кожны як родны. Штогод перажываем за выпускнікоў, каб усё ў іх добра складвалася.

Кацярына Васільева – выпускніца Чапукоўскай школы 2009 года. Цяпер мама траіх дзетак, двое з якіх ужо школьнікі. Малодшай дачушцы споўнілася тры гады.

– З водпуску па доглядзе дзіцяці – за рамонтныя работы ў школе, – усміхаецца Кацярына, падмятаючы падлогу.

Таццяна Дубніцкая ў Чапукоўскую школу перайшла з Дворнасельскай, калі ўстанова перастала дзейнічаць. Яе творчыя здольнасці знайшлі адлюстраванне на школьных сценах, якія распісала прыроднымі матывамі. Акрамя клопатаў пра ўборку і парадак занятая на школьным агародзе і ў цяпліцах. Дапамагае настаўніцы працоўнага навучання Жанне Пушкель даглядаць памідоры, перцы, агуркі, фасолю, бульбу і іншую гародніну, з якой пасля будуць гатаваць абеды для дзяцей. Падчас практыкі далучаюцца да работы вучні з пятага па дзясяты класы.

 «У нас камфортна вучыцца»

Сёлета развіталіся з установай 16 выпускнікоў. З іх сем сталі студэнтамі вну. Да прыкладу, Ягор Пагуляеў паступіў у Ваенную акадэмію, Уладзіслаў Ракшня – у Магілёўскі інстытут МУС. Павел Цімафееў і Віталь Савіцкі будуць вучыцца ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. У абодвух мэтавыя накіраванні з раёна.

У новым навучальным годзе школа чакае 130 вучняў, з іх 12 – першакласнікі. Чапукоўская СШ – адзіная сельская ўстанова адукацыі на Міёршчыне, якая можа пахваліцца такой колькасцю дзяцей. Сваю ролю адыгрывае выйгрышнае размяшчэнне – за 11 кіламетраў ад райцэнтра. Арганізаваны падвоз. З Міёр сюды ідуць не толькі ў дзясяты, але і ў іншыя класы.

– Перайшла ў дзясяты клас школьніца з райцэнтра. Год адвучылася, і яе маці пажадала перавесці сюды двух малодшых дзяцей, – прыводзіць прыклад Уладзімір Кляўцоў. – У нас камфортна вучыцца. Гэта адзначаюць нашы дзеці. Класы меншыя па колькасці, чым у гарадскіх школах, таму вучням настаўнік можа надаваць больш увагі. Імкнёмся заўважаць кожнае дзіця і раскрываць яго здольнасці.

Педкалектыў дырэктар характарызуе як вопытны, зладжаны і згуртаваны. Сёлета некалькі педагогаў дасягнулі пенсіённага ўзросту, аднак пажадалі прадоўжыць урокі. Штат укамплектаваны.

Ёсць каму працаваць, ёсць з кім займацца, створаны камфортныя ўмовы для працы і вучобы. Школа гатова сустрэць новы навучальны год і свой 30-гадовы юбілей, які чакае ў лістападзе.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий