Настаўнік у школе і выхавацель у садку. Гэтыя прафесіі Кацярыну РУНДА вабілі з дзяцінства. Выбрала другую. Першым працоўным месцам стаў дзіцячы садок у роднай Дзісне. Прапанову заняць пасаду намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці малады спецыяліст успрыняла як магчымасць для самаразвіцця. Другі год спраўляецца з калісьці зусім не знаёмымі абавязкамі.
Большую частку рабочага дня Кацярына Рунда право- дзіць у сваім метадычным кабінеце, дзе мноства папак з дакументацыяй, што патрабуе пастаянных дакладнасці і парадку. Расклад заняткаў, пасяджэнні савета прафілактыкі, аналіз работы педагогаў… У зоне ўвагі намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці ўвесь адукацыйна-выхаваўчы працэс. Таксама вядзе сайт установы.
Кожная раніца пачынаецца з наведвання груп і размоў з выхавацелямі. У каго якія пытанні, з чым трэба дапамагчы, што важна абмеркаваць, штораз цікавіцца ў калег.
– Да гэтага часу адчуваю сябе крыху няёмка, калі даводзіцца правяраць работу, рабіць заўвагі, даваць рэкамендацыі выхавацелям з вялікім стажам работы. Часам узнікаюць спрэчкі, аднак разам прыходзім да аптымальнага варыянта, – расказвае малады спецыяліст. – Так атрымалася, што маё прафесійнае станаўленне пачалося з адміністрацыйнай пасады. Магчыма, з часам імкнулася б да кар’ернага росту, але зусім не думала, што гэта можа здарыцца вось так адразу.