Авторизация
 

Газета «Міёрскія навіны» стала аб’ектам даследавання васьмікласніцы з Сіцькоўскай школы Кацярыны Капыльскай

 «Роля загалоўка ў эфектыўнасці друкаванага СМІ». Так называецца даследчая работа васьмікласніцы з Сіцькоўскай школы Кацярыны Капыльскай. Вучаніца рыхтавала яе на раённую навукова-практычную канферэнцыю «Крок у будучыню» пад кіраўніцтвам настаўніцы Анжэлы Кабяк. Аб’ектам даследавання выбралі газету «Міёрскія навіны».

 

У даследчай працы школьніца вывучала загалоўкі ў раённай газеце. Гіпотэзай стала меркаванне, што эфектыўнасць друкаванага СМІ залежыць ад удалых загалоўкаў артыкулаў. На прыкладзе «Міёрскіх навін» трэба было гэта даказаць. На канферэнцыі работа Кацярыны Капыльскай заняла другое месца ў секцыі «Мастацтва слова». Змест даследчай працы зацікавіў карэспандэнтаў раённага выдання. Мы папрасілі падзяліцца інфармацыяй.

 

Загаловак цікавы – значыць, тэкст прачытаюць

Поспех публікацыі шмат у чым залежыць ад загалоўка. Актуальная тэма, эксклюзіўныя каментарыі, арыгінальны стыль падачы інфармацыі без цікавай назвы наўрад ці прывабяць чытача, адзначаецца ў працы. «Незвычайны і яркі загаловак адыгрывае ролю «кручка»: заглынуўшы яго, чытач знаёміцца з усёй публікацыяй, – прыводзіць параўнанне юная даследчыца. – Таму адна з асноўных задач журналіста – навучыцца ствараць прывабны загаловак–«кручок». Вызначаны крытэрыі ўдалага загалоўка. Ён зразумелы і лёгкі для ўспрымання, заключае ў сабе асноўную ідэю тэксту, не супярэчыць зместу публікацыі, выклікае цікавасць чытача.

 

Па групах падзяліся!

Для даследавання Кацярына прагартала ўсе 104 нумары «Міёрскіх навін» за 2020 год. Выбрала 100 загалоўкаў, якія падзяліла па сямі групах, згодна з класіфікацыяй Г. Мельніка і А. Цяпляшынай. Адзначыла 23 загалоўкі–хронікі. Гэта від загалоўка, які паведамляе пра самае важнае ў публікацыі. Напрыклад, «Орцаўскае возера папоўнілася насельнікамі», «У сацыяльным кафэ навучаць камп’ютарнай граматнасці», «Міярчан непакояць дарогі».

 
«Па слізкай дарозе не ўсюды даедзеш», «Маска: решение проблемы или выстрел вхолостую?», «Колодец знаний не пересохнет» – прыклады загалоўкаў–рэзюмэ. Такі варыянт дае аўтару магчымасць ускосна пракаменціраваць падзею. Як правіла, тон падобных загалоўкаў спакойна-апавядальны, часам іранічны або ў гульнёвай манеры. Такіх даследчыца заўважыла 18. Прывяла 14 прыкладаў загалоўкаў–цытат, якія называюць імёны або галоўных дзеючых асоб. Сярод іх «Дзіяна ў паўфінале», «Настя такая одна», «Святлана для дзяцей як сонейка».
З вершаваных загалоўкаў адзначана 18. Да прыкладу, «Калі ласка, у добрую казку!», «Говорят, не повезет, если зима без снега к нам придет», «Без паники – мы не на «Титанике».

 
Прыкмеціла даследчыца дзевяць загалоўкаў–алітэрацый, калі ў словах паўтараюцца аднародныя або аднолькавыя зычныя. У тым ліку «Грохочет «грохот» и смесью полнится гора», «Колеса крутятся почти круглосуточно», «Рэспіраторнаму этыкету – рэспект».
Яшчэ адна група – загалоўкі–лозунгі, заклікі, звароты. Іх вызначана 14. Напрыклад, «Падзяліся часцінкай душы», «Сядзі дома, не гуляй», «Кінь цыгарэту – выберы здароўе».

 
У кожным нумары газеты ў рубрыцы «Падзеі і факты» чытач сустракаецца з загалоўкам «бягучы радок», калі самы пачатак матэрыялу пераходзіць у тэкст. Вылучыла Кацярына яшчэ адзін – найменш папулярны ў газеце – тып загалоўкаў з аднаго слова. Такіх прыкладаў толькі пяць: «Цэркарыёз», «Пехацінец», «Прафесіянал», «Настаўнік».

 

А што найбольш чапляе?

Якія з загалоўкаў асабліва прывабныя для чытачоў? Адказ даследчыца шукала з дапамогай анкетавання сярод педагогаў і супрацоўнікаў школы. У ім удзельнічала 46 рэспандэнтаў, якім прапанавалі адказаць на чатыры пытанні
«Вы чытаеце газету «Міёрскія навіны»?» – 100 % далі станоўчы адказ.
«Вы чытаеце газету ад пачатку да канца?» – 52,2 % апытаных адказалі «Так».
«Выбіраючы артыкул, вы абапіраецеся на загаловак?» – варыянт «Так» выбралі 95,5 %.

 
У апошнім пытанні ўдзельнікаў папрасілі з 12 загалоўкаў розных відаў адзначыць тыя, што прыцягваюць увагу. 33 % выбралі загалоўкі–хронікі, 31 % – загалоўкі–рэзюмэ. Па 10 % указалі на рыфмаваныя і загалоўкі–лозунгі, заклікі, звароты. 9 % прывабілі загалоўкі–алітэрацыі, 7 % – загалоўкі–цытаты.

 

Гіпотэза даказана

У заключэнні даследчай працы адзначаецца:
«Характэрная асаблівасць загалоўкаў газеты «Міёрскія навіны» – стылістычная разнапланавасць лексікі. Паралельна з кніжнай лексікай тут шырока выкарыстоўваюцца гутарковыя і паэтычныя словы і спалучэнні. Пры аналізе даследуемага матэрыялу было выяўлена, што найбольш часта ўжываемыя ў газеце «Міёрскія навіны» загалоўкі-хронікі, загалоўкі-рэзюмэ і вершаваныя. Гэтыя ж тыпы загалоўкаў былі выбраны чытачамі як найбольш цікавыя. Прааналізаваны матэрыял дае падставу пацвердзіць гіпотэзу, што эфектыўнасць друкаванага СМІ залежыць ад удала выбранага загалоўка».

 
Прыемна, што раённую газету не толькі чытаюць, але і даследуюць. З цікавасцю азнаёміліся з даследчай працай і прынялі да ўвагі яе вынікі. Дзякуй Кацярыне Капыльскай і Анжэле Юр’еўне Кабяк за цікавасць да нашага выдання. Жадаем вучаніцы і педагогу новых творчых пошукаў і перамог.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота прадаставіла Анжэла КАБЯК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 30 января 2022
Антон, Виктор, Георгий, Иван, Павел, Савелий, Антонина

Именины 29 января 2022
Иван, Максим, Петр, Неонила

Госці краін

free counters
Партнеры сайта