Авторизация
 

Як праходзіць тыдзень дзіцячай кнігі ў Міёрскай бібліятэцы? Спыталі ў дырэктара Анастасіяй ДРАБА

 Тыдзень дзіцячай кнігі штогод праходзіць падчас школьных вясенніх канікул. Якія сюрпрызы падрыхтавала сёлета для сваіх чытачоў Міёрская дзіцячая бібліятэка і наколькі запатрабавана кніга ў наш час, гутарым з дырэктарам установы Анастасіяй ДРАБА. 

 

– Распачалі тыдзень дзіцячай кнігі з літаратурнага падарожжа па казках Карнея Чукоўскага «Не ходите, дети, в Африку гулять». Мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці гэтага аўтара, ладзім кожны год. Чукоўскі – пісьменнік на ўсе часы, на яго творах вырасла не адно пакаленне, – гаворыць Анастасія. – Адбыліся ў нас урок краялюбства «Мой край родны, мая гісторыя жывая», першакрасавіцкая гумарына «Смех ды і толькі». Фінальнае мерапрыемства, якое ладзім кожны год, – узнагароджанне найлепшых чытачоў. Заўважу, што падчас тыдня дзіцячай кнігі да нас наведваюцца вучні як гарадскіх, так і сельскіх школ. Так, на ўрок краялюбства завіталі школьнікі з Чапукоў. З цікавасцю слухалі пра гісторыю Міёр і адметнасці райцэнтра, паглядзелі відэаролік пра наш горад, бліжэй пазнаёміліся з бібліятэкай.

 

Колькі чытачоў налічвае дзіцячая бібліятэка і якія аўтары даспадобы юным аматарам кніг?
– На пачатак года ў нас запісана 1,4 тысячы чытачоў. У іх ліку не толькі дзеці. Прыкладна трэцюю частку складаюць дзядулі і бабулі, таты і мамы, настаўнікі. Дарослым у нас таксама ёсць што прапанаваць. Што да дзіцячых густаў, то па-ранейшаму любяць Карнея Чукоўскага, Агнію Барто, Эдуарда Успенскага. Чытаюць творы аб прыродзе Канстанціна Паўстоўскага і Віталя Біянкі. З сучаснай літаратуры выбіраюць прыгодніцкія творы Кацярыны Мацюшкінай, Соф’і Пракоф’евай, Кацярыны Акавітай. Канешне, чытаюць «Гары Потэра» Джоан Роўлінг, хоць выданне ў нас не новае.

 

Мы жывём у свеце гаджатаў і часта трапляем да іх у палон, забываючыся пра іншыя варыянты баўлення вольнага часу. Як лічыце, кніга саступіла пазіцыі сучасным забавам?
– Каштоўнасць кнігі не залежыць ад развіцця тэхналогій. Ва ўсе часы былі дзеці, якія любяць чытаць, і тыя, хто да гэтага абыякавы. На мой погляд, справа не ў гаджатах, а ў выхаванні. Калі з малых гадоў бацькі прывіваюць дзецям любоў да чытання, паказваюць гэта на ўласным прыкладзе, то кніга становіцца добрым сябрам для малых. Аднойчы ў бібліятэку прыйшла маці падлетка і спытала: «Чым вы можаце зацікавіць майго сына?» Гэта не магло не здзівіць. Перш-наперш цікавасць да кніг павінна ісці з сям’і.

 

Разам з тым ІТ-тэхналогіі трывала замацаваліся ў нашай паўсядзённасці. Справа ў іх разумным прымяненні.
– Так. Электронныя сродкі да месца, калі спрашчаюць алгарытмы пэўных дзеянняў і эканомяць час. Да прыкладу, з 1 лютага мы перайшлі на электронныя фармуляры. Гэта зручна, хоць пачынаць нязвыкла. З дапамогай камп’ютарных праграм рыхтуем прэзентацыі на мерапрыемствы. Актыўна вядзём работу ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», на сваёй старонцы дзелімся навінамі, робім агляды літаратуры, прыводзім цікавыя факты з біяграфій пісьменнікаў і так далей.

 

Канкурэнтам друкаванай кнігі стала электронная. У якой перавагі?
– Асабіста я электронных кніг не чытаю – вочы хутка стамляюцца. Увогуле гаджаты вельмі шкодзяць зроку. На маю думку, друкаванай кнізе няма роўных. Яе прыемна трымаць у руках, гартаць старонкі, адчуваючы іх прыемны пах. Якую кнігу выбраць – друкаваную ці электронную – кожны вырашае сам. Галоўнае – чытаць. Гэта цікавы і захапляльны працэс, які развівае мысленне і фантазію. Малюеш у думках, як выглядаюць героі, што іх акружае. У кіно ўсё гэта за цябе прыдумалі.

 

Па якіх крытэрыях вызначаеце найлепшых чытачоў бібліятэкі?
– Тут усё традыцыйна: галоўны паказчык – колькасць прачытаных кніг. Па выніках мінулага года ў нас 21 актыўны чытач. У асноўным гэта вучні 2 – 5 класаў. У падлеткавым узросце цікавасць да чытання меншая. У пяцёрку самых лепшых увайшлі Лера Паўлоўская, Дзіма Ваяводаў, Аліса Грыбун, Ліда Пазняк і Даша Томка. Спадзяёмся, захопленых кнігамі дзяцей будзе больш. Яшчэ раз паўтару, што выключную ролю ў гэтым адыгрывае сям’я. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота з архіва рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Именины 14 апреля 2021
Ефим, Иван, Макар, Сергей, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта