Авторизация
 

Дырэктар Новапагосцкай школы Людвіга МАРАТ адзначыла сваё 60-годдзе

 Для дырэктара Новапагосцкай школы Людвігі МАРАТ 2021 год адметны двума важнымі датамі. Восенню споўніцца 25 гадоў як нязменна ўзначальвае ўстанову адукацыі. А сёння Людвіга Мікалаеўна святкуе сваё 60-годдзе.

 

З Новапагосцкай школай Людвігу Марат звязваюць амаль чатыры дзесяцігоддзі. Дзяўчынкай спяшалася сюды на ўрокі. У 1994-м пераступіла парог установы ў якасці настаўніцы, а праз два гады стала дырэктарам. Педагагічнае майстэрства і тонкасці мастацтва Людвіга Мікалаеўна асвойвала на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута імя С. Кірава (цяпер ВДУ імя П. М. Машэрава). Вызначальны ўплыў на выбар прафесіі аказала родная цётка Яніна Ігнатаўна Пушкель – вядомая ў новапагосцкіх мясцінах мастачка.

 
Першым працоўным месцам Людвігі Мікалаеўны стала Міёрская СШ № 1, дзе вяла ўрокі працоўнага навучання, выяўленчага мастацтва і чарчэння. Затым лёс прывёў у сцены роднай Новапагосцкай школы. Юбілей – нагода сказаць пра чалавека добрыя словы, адзначыць яго поспехі, падзякаваць за старанні. Прадаставім гэта тым, хто акружае Людвігу Мікалаеўну штодня, – яе калегам і вучням.

 

Вольга УСЦІНОВІЧ, намеснік дырэктара:

– З Людвігай Мікалаеўнай знаёмы і працуем разам 20 гадоў. Калі маладым спецыялістам я прыехала ў Новапагосцкую школу, дырэктар сустрэла прыязна, расказала пра традыцыі ўстановы, абавязкі педагогаў. Тады яна падалася мне строгай, патрабавальнай і кампетэнтнай у сваёй справе. З часам за яе строгасцю і сур’ёзнасцю, без якіх не абысціся кіраўніку, я пачала заўважаць здаровае пачуццё гумару, якім карыстаецца ўмела і да месца, душэўную цеплыню, з якой ставіцца да людзей. Дырэктар у школе – і адміністратар, і эканаміст, і гаспадар, і псіхолаг. З усімі ролямі Людвіга Мікалаеўна спраўляецца паспяхова. У складаных сітуацыях умее хутка мабілізавацца і прыняць правільнае рашэнне. Ёй уласцівы творчы падыход да справы, добры густ, пачуццё эстэтыкі. Яна магла б рэалізаваць сябе ў прафесіі дызайнера, мастака-афарміцеля. І на пасту дырэктара Людвіга Мікалаеўна на сваім месцы.

 

Вяслава КІСЕЛЬ, калега, стрыечная сястра:

– Эмацыянальная, чулая, уражлівая. Такой Людвіга была ў дзяцінстве. Гледзячы казку, у якой герой трапляў у бяду, штораз плакала. Такая яна і цяпер. Толькі да дзіцячай дабрыні і чуласці дадаліся мудрасць дарослага чалавека, строгасць і патрабавальнасць адказнага кіраўніка. Нядаўна ў размове Людвіга Мікалаеўна заўважыла, што яе думкі і клопаты – у школе. Разам з тым не абдзяляе ўвагай сваіх родных. Яна лідар і ў калектыве, і ў сям’і, збірае разам сваякоў, клапоціцца пра тое, каб сямейныя сувязі заставаліся надзейнымі і трывалымі.

 

 Леаніда ЗАКРЭЎСКАЯ, калега:

– У Новапагосцкай школе я працую з 1987 года. Памятаю, як Людвіга Мікалаеўна прыйшла ў наш калектыў, як стала дырэктарам. І цяпер прыемна бачыць яе на гэтай пасадзе. Гэта кіраўнік, які ўмее справядліва і правільна ацаніць сітуацыю, паказаць дабрыню і цвёрдасць характару. Аптымістычная, пазітыўная, упэўненая. Ёй уласцівы працоўны энтузіязм, унутраная гармонія, жаночая мудрасць, творчы запал і мэтанакіраванасць. Працаваць пад кіраўніцтвам Людвігі Мікалаеўны лёгка і надзейна. А яшчэ наш дырэктар – шчаслівая жанчына. Яна задаволена тым, чым займаецца. У яе цудоўная сям’я. Разам з надзейным мужам выхавала працавітых і адказных дачок.

 

Вольга ЧОРНАЯ, выпускніца школы, калега:

– Людвігу Мікалаеўну ведаю і як вучаніца, і як калега. У школьныя гады мы лічылі яе строгай і справядлівай. Калі рабіла заўвагі, то абгрунтавана і карэктна. Пасля візіту «на дыван» да дырэктара ніхто не плакаў. У 2014 годзе я прыйшла працаваць у сваю родную школу, адміністрацыя і калектыў прынялі цёпла, падтрымлівалі, падказвалі. І цяпер ведаю, што пры неабходнасці магу звярнуцца па дапамогу да дырэктара і яна не адмовіць. Калегі для Людвігі Мікалаеўны – не толькі супрацоўнікі. Яна ў курсе нашых жыццёвых спраў і турбот, умее падбадзёрыць і падтрымаць. Калі я знаходзілася ў водпуску па доглядзе дзіцяці, пастаянна тэлефанавала, цікавілася справамі. Для яе сямейныя каштоўнасці значаць шмат. Разам з тым спраўляецца з мноствам працоўных клопатаў.

 

Яна БЯСПАЛЬЧЫК, выпускніца школы, малады спецыяліст:

– Школьнікамі мы паважалі Людвігу Мікалаеўну, але не баяліся. Ведалі, што яна чалавек добры, умее зразумець іншых. Не магу прыгадаць, каб дырэктар размаўляла з дзецьмі на павышаных танах. Дзелавыя і канструктыўныя адносіны будуе з калегамі. З разуменнем ставіцца да маладых настаўнікаў, падтрымлівае, дае слушныя парады. Ёй уласцівы вельмі адказны падыход да справы, яна адданая настаўніцкай прафесіі. Імкнецца, каб работа прыносіла добры вынік.

 

Марыя ТРУБІЛА, вучаніца 11 класа:

– Людвіга Мікалаеўна – цудоўны дырэктар і настаўнік. Дабрадушная і ўважлівая, з вучнямі размаўляе проста, без залішняй строгасці. Як дырэктар яна заўсёды клапоціцца пра школу, стараецца стварыць самыя спрыяльныя ўмовы для навучання. Гэта і абсталяванне кабінетаў, і добраўпарадкаванне прышкольнага ўчастка, і спакойная, добразычлівая атмасфера. У пачатковых класах Людвіга Мікалаеўна вяла ў нас выяўленчае мастацтва і працоўнае навучанне. Умела захапіць урокам, развіць творчыя здольнасці вучняў. Гэта той педагог, якому можна даверыць дзяцей, і яна прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб яны добра вучыліся і адчувалі сябе камфортна.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі і Новапагосцкай я/с – СШ. 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта