У Віцебскім упраўленні Дэпартамента аховы праходзіў абласны конкурс на найлепшую навагоднюю цацку, створаную сваімі рукамі. Удзельнічалі супрацоўнікі як індывідуальна, так і сем’ямі. У канцы сту- дзеня работы міёрскіх ахоўнікаў вярнуліся ў родны горад і размясціліся ў актавай зале аддзялення.
Прыемна адзначыць, што сярод шасці месцаў пераможцаў на абласным узроўні два дасталіся нашым канкурсантам. А гэта сава з распасцёртымі крыламі, выкананая як свяцільня Аксанай Вішнеўскай. Яна дадала да кампазіцыі і некалькі вязаных цацак: бычка і цяля, як сімвал года. Елачнае ўпрыгожанне буйных памераў, у якім, быццам у дупле, размясцілася сава – работа Таццяны Крук.
У ліку лаўрэатаў адзначана ўтульнае гняздзечка з вязанымі птушанятамі савы ў выкананні Святланы Маляўка і цікавая экспазіцыя ў лямпачцы ад Юрыя Юхноўскага. Трэба адзначыць, што сава фігурыруе ў вырабах невыпадкова, яна – сімвал аховы.
Крэатыўнасць, душэўнасць і неардынарнасць уражваюць і захапляюць. Усе канкурсанты з Міёр не засталіся без салодкага падарунка і пісьма ад Дзеда Мароза.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ
Фотаматэрыял аўтара.