У Новы год і на Каляды ўсе чакаюць цудаў. Можна не чакаць, а самім ствараць. Напрыклад, напячы пернікаў і ўпрыгожыць іх. Роспіс глазурай дае шырокую прастору для творчасці. Гэта цэлае мастацтва, якое можна параўнаць з чараўніцтвам.
Пазнавальны майстар-клас па роспісе імбірных пернікаў «Навагодняя казка» прайшоў напрыканцы снежня ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, дзе гаспадарыць выхавацель Таццяна Кліменцьева. Яе выхаванцы распісвалі салодкай глазурай духмяныя ласункі пад наглядам майстрыцы Ксеніі Маскаленка – кіраўніка ініцыятывы «Распісныя пернікі Міёршчыны», што рэалізуецца ў рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён».
Творчы занятак захапіў дзяцей. Кожны жадаў як мага найлепш аздобіць пернік. Вынікі іх старанняў знайшлі месца і на стале ў якасці ласунка, і на навагодняй елцы як упрыгожанне. Вялікі дзякуй Ксеніі Маскаленка за ініцыятыву і магчымасць далучыцца да захапляльнай творчай справы. Спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва.
Анжаліка БАНЬКОЎСКАЯ, загадчык сектара сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Фота з архіва СПЦ.