В дисненском филиале районного центра детей и молодежи двери для творчества всегда открыты

 Наўрад ці дзісненскія вучні, ды і любыя іншыя, пагадзіліся б падчас канікул наведацца ў школу на ўрок. А на гурткі ў філіял ЦДМ ідуць з радасцю. Правесці час за творчымі заняткамі жада- юць як мясцовыя школьнікі, так і тыя, хто прыязджае ў Дзісну на лета.

Атмасфера зараджае

Збіраючыся ў рабочую паездку ў Дзісну, штораз набіраю нумар Вольгі Смаршчок, загадчыцы філіяла раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Цікаўлюся, ці можна завітаць ва ўстанову і радуюся, калі ёсць інфармацыйная нагода. А ёсць яна заўсёды, таму што творчасць – велічыня пастаянна зменная.


– Ты і сама заўважаеш: калі б да нас ні прыехала, убачыш тут штосьці новае, – усміхаецца Вольга Аляксандраўна.
У пацвярджэнне слоў запрашае ў чарговы раз прагуляцца па творчых майстэрнях педагогаў.


На гадзінніку поўдзень. Заняткі пачынаюцца ў 13.00. Таму ў класах пакуль ціха, але не пуста. Паўсюль: на паліцах, століках, падваконніках, – рукатворныя вырабы дзяцей і педагогаў. Такія розныя і кожны па-свойму адметны і прывабны.


На каробку з кацянятамі адразу скіроўваецца позірк у кабінеце Вольгі Сіцько. Іх хочацца пагладзіць. Акрамя пашыву мяккіх цацак Вольга Вадзімаўна вучыць сваіх гурткоўцаў працаваць з бісерам. Рознакаляровыя бусінкі сплятаюцца ў арыгінальныя сувеніры.


 – Вось работы педагога Таццяны Кузняцовай з ільняных нітак, – указвае загадчыца філіяла на даволі высокія дэкаратыўныя кветкі. – Гэты новы для настаўніцы накірунак зацікавіў і выхаванцаў. Працягвае ўдасканальваць іх таленты ў тэхніцы габелена. Гэта карпатлівая і доўгая ў часе праца. Напрыклад, вось такую работу памерам метр на метр трое хлопцаў – Глеб Швядко, Арцём Кузняцоў і Жэня Бабышка – выконваюць ужо тры гады. Жартам называю яе «даўгабудам».


Здзіўляюся, што габелен захапіў хлопцаў. Але што тут дзіўнага. Энергія творчасці, якой прасякнута паветра ў класах і калідорах, зараджае ўсіх.


 Доўга любавалася выкананай у тэхніцы нятканага габелена карцінай Насці Кузняцовай. На ёй зялёнае поле, блакітнае неба, і дзяўчынка малюе вясёлку. Мімаволі падумала, што яркія фарбы ў сваё жыццё мы дадаём самі. Трэба для гэтага ні многа ні мала: жаданне, руплівасць, старанне. А яшчэ любоў, без яе наўрад ці атрымаецца.

Педагог юных мастакоў развівае

Любоў да малявання прывівае сваім выхаванцам Алена Балаш. У мінулым годзе перайшла з Дома рамёстваў, які ўзначальвала, на другі паверх – у філіял ЦДМ. Па прыступках уверх паднялася з-за сямейных абставін і тут раскрыла здольнасці ў юных мастакоў.
Асабліва захапілася маляваннем другакласніца Соня Кабяк. Аднойчы прызналася педагогу, што марыць стаць мастаком.


– Адказала ёй: у будучым будзем табой ганарыцца, – гаворыць Алена Фадзееўна. – У Соні ёсць мастацкі талент і жаданне яго развіваць. Бацькі падтрымліваюць яе захапленне.


Дома чакае педагога Надзя Слізкая. Па стане здароўя дзяўчынка не можа наведваць установу, а пэндзлік бярэ ў рукі з радасцю. З дапамогай настаўніцы асвойвае розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Напрыканцы навучальнага года Алена Балаш аформіла выставу карцін сваіх гурткоўцаў у Дзісненскай школе. Настаўнікаў прыемна здзівілі і парадавалі ўменні іх вучняў.
 – У Алены Фадзееўны пачалі маляваць нават тыя, хто быў зусім не ўпэўнены ў сваіх магчымасцях. Дзеці раскрыліся самі для сябе, для сваіх бацькоў, аднакласнікаў, настаўнікаў, – робіць рэмарку Вольга Смаршчок.


Другі творчы накірунак Алены Балаш – работа са скурай. Ад кветкавых пано з гэтага матэрыялу не адвесці вачэй.

Пандэмія інтарэс не адбівае

Падчас экскурсіі па філіяле стваралася ўражанне, што пандэмія каронавіруса тут і міма не прабягала. У педагогаў шмат задум, дзеці гатовы іх рэалізоўваць, у кожным класе багацце прыгожых вырабаў. Толькі расстаўленыя ў кожным памяшканні антысептыкі нагадвалі пра цяперашнюю эпідсітуацыю.


– Цікавасць да заняткаў падчас распаўсюджвання каронавіруса ў выхаванцаў не зменшылася, а мы прымалі меры прафілактыкі, – расказвае Вольга Смаршчок. – Прапаноўвалі дзецям анлайн-заняткі на даму. У каго такой магчымасці не было, прыходзілі сюды. Плошча класаў дазваляе рассаджваць гурткоўцаў на адлегласці нават больш чым у паўтара метра.

І летам філіял дзяцей чакае

Адчынены дзверы філіяла для захопленых творчасцю дзяцей падчас летніх канікул. Па словах Вольгі Аляксандраўны, асвойваць розныя віды рукадзелля імкнуцца як мясцовыя школьнікі, так і прыезджыя. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прыязджаюць на лета ў Дзісну да родных, становяцца выхаванцамі філіяла.


– Нам хочацца, каб летам дзеці адначасова і адпачывалі, і самарэалізоўваліся. Прапаноўваем ім розныя віды творчай дзейнасці, – заўважае загадчыца філіяла. – Калі адзін з трох асноўных педагогаў ідзе ў водпуск, астатнія два застаюцца. Так што працуем усё лета і без выхадных. Кожны дзень рады дзецям.

***


Вольга Смаршчок выйшла мяне право- дзіць. Насустрач ідзе дзяўчынка год дзевяці.
– Добры дзень! А Вольга Вадзімаўна ёсць? – пытаецца.
– Яна цябе ўжо чакае! 

Фотаматэрыял аўтара і з архіва Алены БАЛАШ.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.