Апошні званок ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна прагучаць 30 мая. Свята рэкамендавана правесці на свежым паветры.
Па словах начальніка аддзела па адукацыі Аляксандра Жука, за 2019 – 2020 год будуць атэставаны ўсе вучні. Калі дзіця не наведвала заняткі ў чацвёртай чвэрці, гадавую адзнаку настаўнік выставіць па выніках трох папярэдніх.
Выпускныя экзамены прадоўжацца з 1 па 9 чэрвеня. Дзевяцікласнікі будуць здаваць матэматыку, рускую і беларускую мовы 2, 4 і 9 чэрвеня. У адзінаццатым класе для пісьмовых іспытаў (матэматыка, руская ці беларуская мова на выбар) вызначаны даты 1, 3 і 5 чэрвеня. Таксама выпускнікі сярэдняй школы вусна адкажуць на пытанні па гісторыі Беларусі і замежнай мове.
Экзамены пройдуць з захаваннем мер перасцярогі: апрацоўкай паверхняў дэзсродкамі, рук – антысептыкам. Вучняў рассадзяць па адным за партай на дыстанцыі ў 1,5 метра. Выпускныя вечары прагучаць 10 чэрвеня. Ва ўрачыстай абстаноўцы пройдзе ўручэнне атэстатаў.