На клумбах - цветы, на деревьях - QR-код, в лесу - совятники. Все это - в Чепуковской школе

 Экалагічнаму выхаванню ў Чапукоўскай яслі-сад – сярэдняй школе надаюць шмат увагі. Удзельнічае ўстанова ў праектах ГА «Беларускі Зялёны Крыж». 

Музей, алея выпускнікоў,
кузня дзятла

З 2002 года ў школе дзейнічае экалагічны музей. Падзелены на зоны «Лес» і «Балота». Тут можна пабачыць пудзілы жывёл, што сустракаюцца ў нашай мясцовасці. Кабан, воўк, ліса, алень, вавёрка, янот-паласкун, куніца, тхор. Птушыны свет прадстаўлены пудзіламі чаплі, цецерука, дзятла, лысухі, крумкача, каўкі, сініцы вялікай, амялушкі, снегіра, дразда чорнага, сойкі.
Ёсць куточак з акварыумнымі рыбкамі.


Настаўнікі распрацоўваюць урокі, дыдактычны і наглядны матэрыял на экалагічную тэматыку ў рамках школьнай праграмы.
Уздоўж дарожкі да школы расце бярозавая «Алея выпускнікоў».


Цікавая для назірання «Кузня дзятла». Тут убачыш вынікі харчовай дзейнасці гэтай птушкі – «распрацаваныя» сасновыя шышкі. Дзяцел змяшчае іх у шчыліну ствала дрэва, чапляецца лапкамі за кару і раздзёўбвае шчыльна прылеглыя адна да адной лускавінкі ў пошуку насення. Спустошыўшы адну шышку, кідае яе на зямлю і скіроўваецца за наступнай.

 Зазірнём
у кожны куточак

Прышкольная тэрыторыя разбіта на ўчасткі: школьны двор, куточак дзікай прыроды, зона адпачынку, пладовы сад, зона культурнага земляробства, эксперыментальны ўчастак, зона закрытага грунта з цяпліцай. Прагуляемся па іх.


Цёплай парой радуюць прыгожыя кветкавыя кампазіцыі на клумбах у школьным двары. Настаўнікі, вучні, тэхнічны персанал кожную вясну высаджваюць петуніі, алісум, аксаміткі, агератум, львіны зеў, лабелію. У асноўным сеем насенне, якое збіраем з кветак увосень пасля перыяду красавання. Па ўсёй тэрыторыі школьнага двара пасаджаны туі шарападобныя і пірамідальныя. Растуць елкі блакітныя, гартэнзіі, самшыт, ядловец, іва матсудана, вейгела, барбарыс. У розныя гады іх садзілі выпускнікі. З экзатычных раслін сустрэнеш арэх маньчжурскі і рабінію псеўдаакацыю.


У куточку дзікай прыроды растуць тыповыя для нашай мясцовасці дрэвы і хмызнякі. Бяроза барадаўчатая, чаромха звычайная, дуб чарэшчаты, шыпшына, сасна звычайная, елка еўрапейская, ірга канадская, рабіна звычайная, клён вастралісты, алешына чорная. Сёлета кожны від дрэў абазначылі драўлянай біркай з QR-кодам, перайшоўшы па якім праз прыкладанне смартфона, можна даведацца больш падрабязную інфармацыю.


У зоне адпачынку ў цёплае надвор’е праходзяць урокі літаратуры, біялогіі, геаграфіі.
Больш за два гектары займае прышкольны ўчастак. Тут вырошчваем экалагічна чыстую гародніну. Хімічныя ўгнаенні ў глебу не ўносім. Бульба, буракі, морква, капуста, фасоля, цыбуля, часнок уключаны ў рацыён школьнікаў.


 На чатыры зоны падзелены эксперыментальны ўчастак. У зоне чаранкавання высаджаны чаранкамі івы: матсудана, плакучая і дэкаратыўная. У зоне насеннага матэрыялу расце зімовы часнок. Трэцяя – зона аптэчных раслін. Чацвёртая – для вопытаў па вырошчванні гарбузоў на розных субстратах.


Асобную тэрыторыю адвялі для вырошчвання прышпіленых саджанцаў пладовых дрэў (яблынь). Чаранкаваннем займаецца настаўнік працоўнага навучання Леанід Крэнь. Праводзіць майстар-класы для педагогаў і мясцовых жыхароў. Гэтай вясной чаранкавалі вінаград.


Каля 60 яблынь, а яшчэ слівы, айва, чорныя і чырвоныя парэчкі растуць у пладовым садзе. З іх у школьнай сталовай гатуюць кампоты.


Зона зачыненага грунта з’явілася сёлета ў пачатку вясны, дзякуючы ўдзелу школы ў штогадовым конкурсе «Школьны сад для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва». Годна абаранілі праект у завочным і вочным турах, за што ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені і грашовым сертыфікатам. На ўказаную суму набылі цяпліцу і садовы інвентар. Дзеля эксперыменту цяпліцу ўстанавілі над цеплатрасай ад кацельнай да школы, каб раней атрымаць ураджай.

Расце
«Школьны сад»

У рамках праекта «Школьны сад» сёлета ў пачатку года атрымалі насенне замежнай селекцыі. Ужо парадавалі ўсходы цыбулі, таматаў і перцу. Іх разам з вучнямі даглядае настаўнік біялогіі Эльвіра Хахель. Таматы, перцы, радыску высадзім у цяпліцу, ураджай будзем рэалізоўваць мясцоваму насельніцтву. Таксама пойдзе на рэалізацыю частка расады кветак – аксамітак і агератума.
Аздобіць школьны двор петунія сорту «Бакопа». Пра ўсходы клапоціцца матэматык Іна Гродзь.


Зацікавіліся ў школе экзотыкай. Як настаўнік біялогіі, распачаў вопыт па вырошчванні авакада з костачкі ў дамашніх умовах. Яшчэ плануем летам і ўвосень сабраць споры грыбоў і пасеяць у куточку дзікай прыроды.


 Па заказе Новапагосцкага лясніцтва школьнікі з настаўнікам Леанідам Крэнем змайстравалі 30 сінічнікаў. На вясенніх канікулах вывучылі тэхналогію вырабу савятнікаў. Два размясцілі ў лесе паблізу. Дапамог у гэтым кіраўнік сацыяльна-экалагічнай установы «Захаванне і развіццё Ельні» Андрэй Літвінаў.

Экатур па знаёмых ваколіцах

Далучылася школа да праекта «Сельскі турызм праз сельскую школу». Разам з калегам Сяргеем Хамянком распрацавалі экалагічны адукацыйны турыстычны маршрут. Першы пункт – Чапукоўская школа, далей крыніца «Святая вада Дзехцяроўская» і заказнік «Ельня» з праходжаннем па балоце і наведваннем хутара Сухія. На гэтым хутары знаходзіцца сядзіба «Жураўліная Ельня», дзе гаспадарыць Андрэй Літвінаў. Плануе абсталяваць тут экаадукацыйную пляцоўку з плакатамі, стэндамі. Для гэтага падаваў заяўку на конкурс мясцовых ініцыятыў, што праходзіць у рамках праекта «Разам для грамады і прыроды…»

ДЛЯ ДАВЕДКІ

Грамадская арганізацыя «Беларускі Зялёны Крыж» утворана ў 1999 годзе. Займаецца пытаннямі экалогіі, навукі, адукацыі, культуры і аховы здароўя. У ліку накірункаў дзейнасці – узаемадзеянне з сельскімі школамі. Першы – «Школьны сад для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва», другі – «Сельскі турызм праз сельскую школу».

Фотаматэрыял прадастаўлены Чапукоўскай школай.

Дзмітрый ВАСІЛЕНКА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.