Авторизация
 

Раскрыць парасон над "дзецьмі дажджу". Семінар па рабоце з людзьмі з аутызмам прымалі Міёры

 Аутызм нельга вылечыць, але можна дапамагчы дзецям з такім псіхічным расстройствам сацыялізавацца. Формы і метады работы з асаблівымі дзецьмі абмяркоўвалі на абласным семінары-практыкуме ў Міёрах. 

Тэрмін «аутызм» паходзіць ад лацінскага «autos», что азначае «сам». У літаральным сэнсе аутызм – гэта пагружэнне ў сябе.

Сустрэчы педагогаў-псіхолагаў, якія займаюцца з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сталі традыцыйнымі ў вобласці. У пачатку сакавіка гасцей прымала Міёрская СШ № 3 імя Я. Томкі. Тэма семінара – «Пашырэнне спектра камунікатыўных магчымасцей дзіцяці з расстройствамі аўтыстычнага спектра праз уключэнне ў розныя віды дзейнасці».

Галоўныя навыкі – камунікацыя
і самаабслугоўванне

Пакуль удзельнікі праходзяць рэгістрацыю, пра асаблівасці дзяцей з аутызмам размаўляем з педагогам-псіхолагам Міёрскага раённага цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Вольгай Пазняк.
– З 12 выхаванцаў нашай установы трое з аўтыстычнымі парушэннямі, – гаворыць Вольга Віктараўна. – Такія дзеці жывуць у сваім свеце, ім непатрэбны зносіны з роднымі, з равеснікамі. Яны не любяць шуму і масавых мерапрыемстваў. Часта закрываюць вушы, ходзяць на насочках. У іх парушана маўленне. Кантактаваць з такімі дзецьмі складана, але магчыма. Для нас вызначальная задача – навучыць іх элементарным навыкам самаабслугоўвання і камунікацыі.

 Розныя варыянты тэрапіі

Як расказала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Аляксандра Валынец, у нашым раёне 437 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. З іх 189 дашкольнікаў. Аўтыстычныя парушэнні маюць шасцёра дзяцей. Займаюцца з асаблівымі выхаванцамі 36 настаўнікаў-дэфектолагаў. Арганізавана работа з іх бацькамі. Ёсць матэрыяльна-тэхнічная база, плануецца яе ўдасканальваць.


Вядомая руская прыказка «повторение – мать ученья» мае месца і ў сістэме спецыяльнай адукацыі. У рабоце з дзецьмі-аутыстамі важна паўтараць адны і тыя ж дзеянні, каб яны перараслі ў замацаваныя навыкі. Але пры гэтым не прыбягаць да прымусу, раіла педагог-псіхолаг Віцебскага гарадскога цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Таццяна Сінкевіч. Паказала фрагмент заняткаў з адным са сваіх выхаванцаў. На відэа маленькі хлопчык ахвотна паўтараў розныя рухі. Як заўважыла педагог, пры паступленні ва ўстанову ён з цяжкасцю ішоў на кантакт.


Музыку і выяўленчае мастацтва для фарміравання камунікатыўных навыкаў у дзяцей з аутызмам выбралі ў памочнікі супрацоўнікі абласнога цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. Педагог-псіхолаг установы Наталля Князева адзначыла, што творчыя заняткі даюць вынікі. Нават танец з дзецьмі развучылі.


У Багушэўскім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця эфектыўнай тэрапіяй лічаць правільна арганізаваныя час і прастору. Са слоў педагога-псіхолага Таццяны Солапавай, цяпер ва ўстанове каля 250 выхаванцаў. Сярод іх і маленькія дзеці, і моладзь да 18 гадоў. Ёсць падапечныя з сіндромам Дауна, з аутызмам. Пазбаўленыя бацькоўскай любові, яны акружаны ўвагай і клопатам педагогаў. Іх дні ў прамым сэнсе слова размаляваны рознымі колерамі. Напрыклад, панядзелак – зялёны, серада – белая. У зялёны дзень для заняткаў выкарыстоўваюць прадметы зялёнага колеру, у белы – белага і так далей. Установа забяспечана матэрыяльна-тэхнічнай базай: ёсць спецыяльная мэбля для ляжачых дзетак, утульныя куточкі адпачынку і пакой для гульняў. Як слушна заўважыла выступоўца, зносіны будуюцца не толькі праз маўленне. Яшчэ ёсць позірк, гукі, рухі і іншыя спосабы перадачы інфармацыі. Мімаволі прыгадаліся цытаты з «Маленькага прынца» пра тое, што словы перашкаджаюць разумець адзін аднаго, а самае галоўнае ўбачыш сэрцам. Як выхаванцаў інтэрната рыхтуюць да самастойнага жыцця, паказалі ў відэафільме. Дарэчы, вопыт Багушэўскага дома-інтэрната лёг у аснову рэспубліканскіх метадычных рэкамендацый па суправаджальным пражыванні.


 Працягам семінара сталі практычныя заняткі, на якіх удзельнікі прадоўжылі дзяліцца напрацаваным вопытам і атрымліваць новыя веды.

ДАТА

2 красавіка – Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі аб праблеме аутызма. Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН 18 снежня 2007 года і адзначаецца штогод з 2008-га.

ДЛЯ ДАВЕДКІ

Ёсць дзве версіі, чаму людзей з аутызмам называюць «людзьмі дажджу».
Было заўважана, што аутысты, як правіла, вельмі любяць глядзець на дождж, толькі без грому і маланкі. Звычайныя людзі, калі ім неабходна пабыць адзін на адзін з сабой, таксама да дажджу нераўнадушныя. Аутысты ўвесь час сам-насам. Другое меркаванне звязана з амерыканскім фільмам «Чалавек дажджу», дзе галоўнага героя з аутызмам звалі Рэйманд, а яго брат успрымаў імя як Rain Man (англ. чалавек дажджу).

ДАРЭЧЫ

У рабоце семінара-практыкума прымаў удзел начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Жук. Расказаў гасцям пра развіццё сістэмы адукацыі і раёна ў цэлым. Запрашаў прыехаць на Міёршчыну ў якасці турыстаў.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта