Пяць каманд, некалькі дзясяткаў пытанняў і шмат пазітыўных эмоцый. Вучні і настаўнікі змагаюцца на роўных, а вынік залежыць ад логікі, эрудыцыі, знаходлівасці. Традыцыйнае інтэлект-спаборніцтва прайшло ў студзені і дадало разнастайнасці школьнаму жыццю.
Складалася гульня з трох тураў. У «Медыя-азбуцы» ўдзельнікі адгадвалі словы па загалоўнай літары і карцінцы. Цяжкасць выклікалі словы «дастархан» і «епанча». Моладзь не вельмі любіць глядзець старыя фільмы, таму ніхто з вучнёўскіх каманд не назваў Іхтыяндра і графа Каліостра.
«Пін-код» прадугледжваў назваць лічбу, якая б азначала пэўную дату, словы з песні ці навуковы факт. Праверылі веды не толькі па гісторыі Беларусі, але і па гісторыі раёна. Былі пытанні пра ўзрост Уваскрэсенскай царквы ў Дзісне, пра час з’яўлення на паўвостраве ў Міёрах Кургана Славы.
Адказаць на 24 пытанні патрабавалася ў конкурсе «Што? Дзе? Калі?». Некаторыя адказы выклікалі шчыры смех. Без гумару ў інтэлектуальнай гульні не абысціся.
– Тэматыка пытанняў разнастайная. Адны ўзяты са школьнай праграмы, другія правяраюць кругагляд, трэція выпрабоўваюць логіку, чацвёртыя скіраваны на пачуццё гумару, – расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, ініцыятар і вядучая гульні Алена Красоўская. – Больш за пяць гадоў у школе праходзіць інтэлектуальнае спаборніцтва паміж педагогамі і навучэнцамі. Гэта згуртоўвае вучнёўскі і настаўніцкі калектывы, фарміруе пазітыўныя адносіны да школы, прывівае патрэбу бавіць час з карысцю. Кожны з членаў каманд, гуляючы, пашырае свае веды пра самыя розныя рэчы ў свеце.
Склад каманд кожны год мяняецца. Між тым у асноўным саставе настаўніцкай суполкі штораз гуляюць педагог-дэфектолаг Анастасія Мятла, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Валянціна Кавалеўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Валянціна Івашчук. Можа быць, і гэтая акалічнасць уплывае на тое, што педагогі традыцыйна выходзяць пераможцамі. На гэты раз у каманду настаўнікаў разам з пастаяннымі ўдзельнікамі ўвайшлі гісторыкі Ірына Галуза і Наталля Астукевіч і настаўнік абслугоўваючай працы Жанна Фралова.
Зноў перамога за педагогамі. Другое месца падзялілі вучні 10 і 11 класаў, на трэцім дзевяцікласнікі.
Фота прадастаўлена Дзісненскай СШ.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.