Конкурс "Учитель года-2020" прошел на Миорщине. Креатив и эмоции зашкаливали
gazeta 3-02-2020, 17:40 1 158 Адукацыя і выхаванне
Яркім і запамінальным атрымаўся другі вочны тур раённага этапа рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года», што прайшоў 29 студзеня ў СШ № 2.
Трынаццаць найлепшых педагогаў Міёршчыны раскрылі грані сваёй асобы праз песні, танцы, тэатралізаваныя прадстаўленні. Іх падтрымлівалі вучні і калегі.
Хіт-парад
захопленых прафесіяналаў
«Пока смеется мне ребенок, я знаю, для чего живу», – адзначыла выхавацель Міёрскага яслі-сада № 3 Наталля Танкавід. Выступала першай, трымалася на сцэне ўпэўнена. Вясёлым танцам падтрымалі канкурсантку выхаванцы. Шмат добрых слоў прагучала ад бацькоў у відэароліку.
Трынаццаць гадоў у сваёй прафесіі Святлана Маляўка. Як сама заўважыла, выхавацель – яе хобі і прызванне. Надзейны тыл Святланы – муж і дзве дачушкі. А яшчэ сваёй сям’ёй называе хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх штодня таты і мамы прыводзяць у яслі-сад № 1.
Пра выхавацеля яслі-сада № 2 Ніну Лагун расказалі дзеці. Вясёлая і ўважлівая, добрая і пазітыўная, яна любіць сваю сям’ю, прафесію і выхаванцаў. А яшчэ прыгожа спявае, у чым пераканаліся журы і гледачы.
«Педагагічная паэма» А. Макаранкі і «Сэрца аддаю дзецям» В. Сухамлінскага ў ліку настольных кніг настаўніцы пачатковых класаў СШ № 2 Наталлі Протас. Абапіраючыся на традыцыі, настаўніца прымяняе на ўроках сучасныя тэхналогіі. Вучні са сцэны жадалі педагогу поспехаў і перамог. Калегі ў відэапрывітанні адзначалі яе прафесіяналізм і працавітасць.
Разам са сваімі школьнікамі вучыцца настаўніца пачатковых класаў СШ № 3 імя Я. Томкі Валянціна Станевіч. Трыццаць тры гады працуе на Міёршчыне. Імкнецца быць цікавай для вучняў, таму традыцыйныя заняткі чаргуюцца з урокамі-падарожжамі, інтэграванымі ўрокамі, дзелавой гульнёй і іншымі формамі. Сваю задачу бачыць не толькі ў тым, каб даць дзецям веды. Важна навучыць пачаткоўцаў ве- рыць у сябе і рабіць правільны выбар.
Разам з настаўніцай пачатковых класаў Павяцкай школы Наталляй Шокель выйшлі на сцэну вучні і калегі. Спявалі і танцавалі, расказвалі пра творчага педагога. Як заўважыла канкурсантка, яе раман са школай пачаўся ў першым класе. Тады, не дачакаўшыся званка, яна стала збірацца ў сталоўку. На заўвагу настаўніцы адказала, што школа яшчэ будзе ёй ганарыцца. Так і сталася. Па словах дырэктара ўстановы Алены Паўлоўскай, паказчык крэатыўнасці ў Наталлі Міхайлаўны зашкальвае.
«Вы само совершенство от улыбки до жестов», – гучала песня, пад якую разам са сваімі вучнямі танцавала настаўніца рускай мовы і літаратуры Чапукоўскай школы Алена Чарняўская. Педагога цэняць калегі і вучні, а яна заўважае, што не бачыць і не жадае шукаць іншага шляху ў жыцці. Абраная ў юнацтве прафесія на працягу адзінаццаці гадоў дорыць радасць і спрыяе самаразвіццю.
Галоўным героем тэатралізаванай візіткі настаўніцы рускай мовы і літаратуры Сіцькоўскай школы Анжэлы Кабяк стаў Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. Удалым атрымаўся вобраз пісьменніка ў былога вучня Андрэя Ганебнага. У сваёй паэме, якую пачаў радком «Итак, она звалась Анжелой…», расказаў пра таленты і поспехі педагога.
Па аўтарскай тэхналогіі 5D працуе настаўнік тэхнічнай працы Чапукоўскай школы Леанід Крэнь. 5D – гэта добразычлівасць, даступнасць, давер, дысцыпліна і дэмакратыя. Выступленне канкурсанта суправаджалі дасціпныя жарты, гукі акардэона і вясёлыя прыпеўкі.
Дрэс-код настаўніка фізічнай культуры Туркоўскай школы Андрэя Лапіцкага – спартыўная форма. На сцэну выйшаў у строгім касцюме, які таксама да твару. Малады калега правёў з вопытным педагогам інтэрв’ю. Адказваючы на пытанні, канкурсант адзначыў, што за 25 гадоў ні разу не пашкадаваў пра абраную прафесію і стараецца быць настаўнікам не толькі на ўроку.
Шэрасць нараджае шэрасць, агонь запальвае агонь. З такім дэвізам ідзе па жыцці і на працу ў Новапагосцкую школу настаўніца гісторыі Наталля Самсановіч. Педагог аказалася на лаўцы падсудных. Вучні, калегі, бацькі і нават тэхнічны персанал абвінавачвалі яе ў празмернай актыўнасці, энергічнасці і крэатыўнасці. Прыгавор суда – работа ў школе на неабмежаваны тэрмін.
«Нет в мире благороднее занятия, чем ежедневный труд преподавателя», – упэўнена настаўніца англійскай мовы СШ № 2 Ала Мітрафанава. Яе вучні паспяхова ўдзельнічаюць ў алімпіядах і здаюць ЦТ. Сама педагог не спыняецца ў самаразвіцці. Вучыць шостую мову. Найлепшая практыка – падарожжы.
Англійскую мову ў Завуццеўскай школе выкладае Алена Гваздоўская. Мяркуе, што веды перш-наперш патрэбны не дзеля адзнак, а для жыцця. Пра гэта нагадвае сваім вучням. Песняй на англійскай мове, якую выканала разам з дзецьмі, завяршыла спаборніцтва.
Настаўнік –
ужо пераможца
Журы на чале з начальнікам аддзела па адукацыі Аляксандрам Жуком не пазайздросціш. Вызначыць найлепшых з найлепшых – справа няпростая. Пераможцаў выбіралі ў шасці намінацыях. На канчатковы вынік уплывалі балы за творчае самапрадстаўленне, за праведзеныя напярэдадні адкрытыя ўрокі і заняткі ў незнаёмых класах і групах на зададзеную журы тэму, за прадстаўленне вопыту ўласнай дзейнасці.
У шасцёрку лідараў увайшлі Ніна Лагун, Валянціна Станевіч, Анжэла Кабяк, Леанід Крэнь, Наталля Самсановіч і Ала Мітрафанава. Яны ўзнагароджаны дыпломамі. Каштоўныя падарункі ад раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі атрымалі ўсе канкурсанты.
Між тым, як слушна заўважылі вядучыя спаборніцтва Уладзіслаў Кашкур і Вольга Ясінская, настаўнік – ужо пераможца.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



