Імгненныя восеньскія канікулы атрымаліся насычанымі, запамінальнымі. Праходзілі разнастайныя мерапрыемствы, якія кожны вучань выбіраў на густ і ў адпаведнасці са сваімі творчымі здольнасцямі. Кожны дзень меў сваю назву.
Пачынаў канікулы Дзень бяспекі. Абачлівыя паводзіны не ведаюць выхадных. Успомнілі правілы дарожнага руху, правялі віктарыну «Скрыжаванне», папрактыкаваліся ў язде на веласіпедзе (адзін з элементаў раённага конкурсу па ПДР).
Цікава прайшлі дні беражлівых, спорту і здароўя, актыўнага адпачынку, самакіравання. Апрабавалі новую гульню «На вылет», якая нядаўна з’явілася на нашых экранах, а ўжо знайшла прыхільнікаў. Эмацыянальна і хутка педагог-арганізатар задавала пытанні, якія краналі розныя бакі пазнавальных інтарэсаў, развівалі эрудыцыю, трэніравалі інтэлект. Не надта прыемна гучала катэгарычнае «на вылет», аднак фармат гульні і каментарыі вядучага адразу накіроўвалі на пазітыўную і адэкватную самаацэнку. Перамог Ваня Дуброўскі. Невялічкі адрыў не даў магчымасці стаць на прыступку пераможцы Насці Сташкевіч, якая моцна трымалася на працягу ўсёй гульні.
Хто сказаў, што ў вёсцы канікулы нецікавыя? Якімі яны будуць, залежыць толькі ад цябе, ад унутранага жадання да самаразвіцця, ад нераўнадушша да справы.
Завяршыла адпачынак паездка ў раённы этнаграфічны музей. 14 хлопчыкаў і дзяўчынак – актыўныя ўдзельнікі піянерскай дружыны імя А. Матросава – наведалі пяць асноўных экспазіцый. Цікавасць выклікала Вялікая Айчынная вайна. Слухалі экскурсавода, разглядалі экспанаты, задавалі пытанні. Засталося шмат уражанняў. Паабяцалі прыехаць яшчэ раз.
Як было не зайсці ў гіпермаркет «Міёры-Сіці» насупраць музея, дзе раней не даводзілася пабываць. Тут вучыліся эканамічнай грамаце: набываць рэчы згодна з іх коштам і вагой кашалька, з мноства прапанаванага асартыменту прадукцыі знайсці карысную, танную і каб аб’ём адпавядаў. Вялікі дзякуй бацькам за спонсарскую падтрымку. Станоўча ацанілі гіпермаркет і пашкадавалі, што такога няма ў Туркове.
Дзякуй вадзіцелю школьнага аўтобуса Вадзіму Лаўрыновічу за ветлівае абслугоўванне і цярпенне.
Фота аўтара.
Ульяна ЛАПІЦКАЯ
ад імя вучняў 6 класа Туркоўскай школы.