Авторизация
 

Ці ходзяць на ўрокі з мабільнымі тэлефонамі, спыталі ў жыхароў Міёршчыны

 Быць ці не быць мабільніку на ўроку? Дыскусіі працягваюцца. За кампетэнтным адказам звярнуліся да начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама, пацікавіліся меркаваннямі настаўнікаў, бацькоў і вучняў, спыталі незалежнага эксперта.

 

Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр ЖУК:

– Згодна з рэкамендацыяй Міністэрства адукацыі, неабходна абмежаваць выкарыстанне тэлефонаў падчас адукацыйнага працэсу. Гэты пункт ужо ўнесены ў правілы працоўнага распарадку школ і абавязковы як для вучняў, так і для настаўнікаў. У пачатку ўрока гаджаты збіраюць у асобны кантэйнер. На перапынку вучань мае права забраць свой мабільны. Такі расклад лічу правільным і як кіраўнік, і як бацька: дзеці канцэнтруюцца менавіта на ўроку, не адцягваюць сваю ўвагу, каб пагуляць, праверыць электронную пошту ці камусьці патэлефанаваць. Да таго ж, у вясковых школах не ў кожнага вучня ёсць смартфон з выхадам у інтэрнэт, які можна выкарыстаць з адукацыйнай мэтай. У той час калі адзін шукае адказ на пытанне ў сетцы, у другога такіх умоў няма. Я за раўнапраўе. Інфармацыйныя тэхналогіі – для ўсіх. Школы дастаткова абсталяваны камп’ютарнай тэхнікай для навучання, а гуляць у гульні трэба дома.

 Уладзімір КЛЯЎЦОЎ, дырэктар Чапукоўскай школы:
– У будынку школы вельмі слаба ловіць МТС. Таму праблем з «пераключэннем» вучняў на тэлефоны падчас урокаў мы не мелі. У цэлым жа падтрымліваю патрабаванне, што ў час заняткаў мабільнікам месца ў агульным арганайзеры. Пагадзіцеся, калі тэлефон пад рукой, ёсць спакуса ў яго зазірнуць. І часцей за ўсё без патрэбы. Мая дачка-першакласніца свой тэлефон пакідае дома.

 Алена КРАСОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзісненскай школы:
– На ўроках мабільных тэлефонаў быць не павінна. Яны адцягваюць увагу вучняў. Дадатковую інфармацыю можна шукаць загадзя або пасля ўрокаў, прычым не абавязкова праз тэлефон. Куды больш карысці будзе ад кнігі. На перапынках можна патэлефанаваць бацькам, калі гэта важна і тэрмінова. Назіраю іншую карціну: дзяцей настолькі зацягваюць забавы ў мабільніках, што яны губляюць сувязь з рэальным светам. Паклічаш – з першага разу не адкажуць.

 Марына АСТУКЕВІЧ, настаўніца нямецкай мовы Павяцкай школы:
– Мабільныя тэлефоны могуць саслужыць вучням добрую службу. Напрыклад, у нашай школе не хапае падручнікаў па нямецкай мове для 9 класа. Мае вучні карыстаюцца электронным варыянтам. Да таго ж у падручніках змяшчаюцца заданні з QR-кодам. Звычайна гэта дадатковыя ці заданні павышанай цяжкасці. Іх цікава выконваць дзецям, якія захоплены прадметам. На маю думку, дазваляць ці забараняць – гэта дзве крайнасці. Трэба вучыць дзяцей выкарыстоўваць мабільныя тэлефоны для самаадукацыі, а не проста марнаваць у іх час.

 Алена КОНАХ, маці шасцікласніка і другакласніцы СШ № 3 імя Я. Томкі:
– Да забароны стаўлюся станоўча. У сям’і дакладна размяжоўваем асабісты час дзяцей на вучобу і забавы. Лічу, што школа – не месца для гульняў. Калі побач ляжыць смартфон, думкі толькі пра тое, калі скончыцца ўрок. Таму ідуць вучыцца з гадзіннікамі, дзе ёсць GPS-трэкер. У любы час магу пракантраляваць, дзе знаходзяцца мае дзеці, патэлефанаваць. А яны на перапынках адпачываюць, а не загружаюць мозг віртуальнымі гульнямі. Іх у нашых гадзінніках няма, і гэта прынцыпова. Дома абмежаванні не дзейнічаюць, калі добра вучацца і паводзяць сябе. Гуляюць у гульні, кантактуюць з сябрамі ў сацсетках. Але ведаюць мяжу дазволенага: у любы момант магу праверыць гісторыю наведванняў у інтэрнэце.

 Алена МАЛЫШ, маці пяцікласніцы СШ № 2:
– Не маю нічога супраць таго, каб дзеці бралі з сабой мабільныя тэлефоны ў школу. Бываюць непрадбачаныя сітуацыі, дзе мабільнікамі можна і нават патрэбна скарыстацца. Іншая справа, калі ўсе перапынкі малыя сядзяць у віртуальных гульнях. Гэта перашкаджае рыхтавацца да ўрока, няма часу паўтарыць хатняе заданне. Тым больш, дзеці сталі менш кантактаваць паміж сабой.

 Іна АРОЛ, маці сямікласніка і першакласніцы Туркоўскай школы:
– Мая пазіцыя цвёрдая: калі насіць мабільны ў школу, то толькі кнопкавы, а не сэнсарны, дзе шмат гульняў і спакус. Сын заўсёды на сувязі, а вось у дзяўчынак – першакласніцы і выхаванкі садка – тэлефонаў пакуль няма.

 Насця ВАЛЕЎКА, вучаніца 7 класа СШ № 2:
– Забароняць тэлефоны на ўроках ці не, усё роўна будзем імі карыстацца. А як інакш? Тут захоўваюцца каштоўныя карыснасці, ёсць калькулятар, інтэрнэт. У любы час можна звязацца з бацькамі. Акрамя таго, з гэтай забаронай узнікае занадта шмат праблем. Адна з іх – кожнаму класу трэба набываць уласныя ячэйкі.

 Артур КУРДУТАЎ, вучань 6 класа СШ № 3 імя Я. Томкі:
– Тэлефон кладу ў заплечнік і дастаю толькі на перапынку ці пры неабходнасці. Напрыклад, каб скарыстацца калькулятарам. Тэлефон на занятках вельмі адцягвае ўвагу. Ёсць спакуса падгледзець у рашальнік.

 Маша СУШКО, вучаніца 11 класа СШ № 2:
– На ўроках можна абысціся і без тэлефона, у той час калі на перапынку ён патрэбны, каб патэлефанаваць бацькам. Што да адмоўнага боку забароны, то ня- зручны сам працэс выдачы гаджатаў. Са званком усе накіроўваюцца да ячэек, узнікае цісканіна – гэта пагражае траўмамі.

 Максім ШЧАБОЛ, вучань 8 класа СШ № 3 імя Я. Томкі:
– Смартфон – гэта крыніца ведаў, памочнік, які заўсёды пад рукой. Часцей патрэбны калькулятар, «чыталка», інтэрнэт і камера, каб сфатаграфаваць што-небудзь з дошкі. Увогуле не разумею, навошта ўводзіць забарону.

 Косця МЫШКОЎСКІ, вучань 8 класа Новапагосцкай школы:
– Урок і тэлефон – паняцці амаль несумяшчальныя. Каб гаджат на занятках не адцягваў, хаваю яго далей – у сумку. Так робяць, мабыць, усе мае аднакласнікі. Дастаю, калі патрэбны калькулятар. Але потым адразу прыбіраю з вачэй далоў. Калі не бачыш смартфон, думкі пра сацсеткі і гульні адыходзяць на другі план.

  Святлана БІРУКОВА, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ЦРБ:
– Згодна, што тэлефон не патрэбны на ўроках. Мая ўнучка – пяцікласніца адной з мінскіх школ. Кажа, забарону на карыстанне мабільнікамі ў класе ўспрынялі спакойна. Вучні канцэнтруюць увагу толькі на новым матэрыяле, які выкладае настаўнік. Тэлефоны збіраюць у асобны кантэйнер, аддаюць толькі пасля ўсіх урокаў. На перапынках класны кіраўнік, які вядзе працоўнае навучанне ў хлопчыкаў, арганізуе конкурсы і гульні. Дзецям не бывае сумна і нават думкі не ўзнікае пагуляць у тэлефоне. Бацькі і настаўніца перапісваюцца ў вайберы пасля ўрокаў, калі ўзнікаюць праблемы – і на працягу дня. Усе задаволеныя, і адукацыйны працэс ідзе больш эфектыўна.

Фотаматэрыял для ілюстрацыі і з архіва рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 8 мая 2021
Василий, Марк, Сергей

Именины 7 мая 2021
Алексей, Валентин, Иннокентий, Иосиф, Леонтий, Николай, Сергей, Елизавета

Госці краін

free counters
Партнеры сайта