Выхавацель Міёрскага яслі-сада № 1 Жанна КУРЫЛОВІЧ у сваёй прафесіі трыццаць першы год. З радаснай усмешкай сустракае раніцай выхавацель маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, знаходзіць адказы на іх самыя няпростыя пытанні, вучыць быць самастойнымі і штодня адкрывае новае і неспазнанае ў цікавым навакольным свеце.
Парог дзіцячага сада №1 у Міёрах выпускніца Полацкага педвучылішча пераступіла зімой 1989 года. Першае працоўнае месца стала адзіным. Займалася з дзеткамі і вучылася сама, папаўняла скарбонку вопыту. Прафесіяналам сваёй справы называюць Жанну Курыловіч бацькі яе цяперашніх выхаванцаў са старэйшай групы № 1.
Разам з прафесійнай сёлета Жанна Рышардаўна адзначае асабістую круглую дату. Заўтра ў яе залаты юбілей. Добрая нагода для віншаванняў і слоў удзячнасці.
ПАВАЖАЮЦЬ і цэняць бацькі адданага справе педагога. Давяраюць ёй сваіх дзяцей і з радасцю назіраюць, як сыны і дачушкі вучацца самастойнасці, развіваюцца.
Кацярына Зорына:
– Мая дачушка пайшла ў садок сціплай і няўпэўненай. Выхавацель знайшла да яе падыход, дапамагла паверыць у сябе. Цяпер Маргарыта штодня ідзе ў садок з задавальненнем, каб даведацца штосьці новае і атрымаць зарад упэўненасці, часцінку любові і пяшчоты. Прывітанне любімаму выхавацелю перадае мая другая дачушка Надзя. Жанна Рышардаўна працуе і ў яе групе. Падрастае сынок Дзіма, праз год пойдзе ў садок. Марыць таксама трапіць у надзейныя і пяшчотныя рукі Жанны Рышардаўны.
Вікторыя Сушко:
– Адказная, пазітыўная, прафесіянал – вось першыя тры словы, якія адразу ўзгадваю, калі ідзе размова пра нашага выхавацеля. Яна не толькі займаецца з дзецьмі, але і бацькам падказвае, што рабіць з капрызамі сваіх маленькіх гарэз. Для сына Жанна Рышардаўна – аўтарытэт. Пасля таго як у садку вывучалі этыкет, ні адна вячэра ў нашым доме не абыходзіцца без папяровых сурвэтак ля талерак. Калі забіраю дзяцей з садка, сынок спачатку мяне і сястрычку ў дзверы прапусціць, а пасля сам выходзіць. Так выхавацель навучыла. А яшчэ я ніколі не бачыла Жанну Рышардаўну ў дрэнным настроі.
Святлана Матэленак:
– Нашым дзецям пашчасціла. З імі працуе выхавацель, для якога педагогіка – прызванне. Жанна Рышардаўна творчая, крэатыўная, энергічная. Умее раскрыць здольнасці дзяцей, да кожнага знайсці падыход. Дае слушныя парады бацькам.
Вікторыя Шамінка:
– Выхавацель вучыць дзяцей самастойнасці. Калі аддавала дачушку ў садок, тая нават есці сама не ўмела. Хутка навучылася спраўляцца са сталовымі прыборамі. Умее апранацца без дапамогі дарослых. У садок ідзе з добрым настроем, бо там яе са шчырай усмешкай сустрэне выхавацель і наперадзе будзе цікавы дзень. А ўвечары пераказвае казкі, якія ўсе разам чыталі.
Таццяна Даргель:
– Жанна Рышардаўна жыве інтарэсамі сваіх выхаванцаў, ведае ўсіх сучасных мульцяшных герояў. Так цікава праводзіць заняткі, што дзецям хочацца даведацца яшчэ больш. Мая дачушка пасля расповядаў пра космас у магазіне выбрала сабе пазлы менавіта на гэтую тэму. Выхавацель умее адчуваць і разумець дзяцей. У ёй гарманічна спалучаюцца строгасць і чуласць. Пасадзіць малых на калені, абдыме, пацалуе. Гэта зусім не ўваходзіць у яе абавязкі. Але любоў да дзяцей не абмяжоўваецца службовымі рамкамі.
НАЎРАД ці хто раскажа пра Жанну Рышардаўну лепш, чым яе маленькія выхаванцы.
Пацікавімся, чым яна заслужыла шчырую дзіцячую любоў.
Мацвей Матэленак: “Яна гуляе з намі ў вясёлыя гульні і чытае цікавыя казкі”.
Паліна Драздовіч: “Яна добрая і прыгожая”.
Стас Гернат: “Яна на нас не сварыцца. Хіба толькі тады, калі мы зусім-зусім не слухаемся.
Яна на нас глядзіць і вучыць. Яна самая лепшая”.
Аляксандра Даргель: “Яна расказвае шмат цікавага.
Мне вельмі спадабалася слухаць пра космас і планеты”.
Максім Сушко: “Яна прыгожая, добрая, любімая”.
Аня Лукашонак: “Яна робіць мне прыгожыя прычоскі і чытае казкі”.
Маргарыта Зорына: “Яна вясёлая, прыгожая, добрая.
Заўжды мяне абдымае і супакойвае”.
Сяргей Дехцяронак: “Яна не крычыць, калі добра сябе паводзіш”.
Арына Гербко: “Яна крутая і модная, добрая”.
Мацвей Плюто: “Яна разумная, добрая, любімая”.
Лера Шук: “Яна добрая, прыгожая і самы лепшы выхавацель”.
Кажуць, з дзіцячых вуснаў ісціна гучыць. Любяць малыя сваю Жанну Рышардаўну. І разам з бацькамі віншуюць яе з залатым юбілеем, жадаюць добрага здароўя, яркіх момантаў і такога ж пазітыўнага настрою. Дзякуюць ёй за ўважлівасць, цярплівасць, добрае сэрца. У іх наперадзе яшчэ цэлы год разам. Упэўнены, што ў школу пойдуць самастойнымі, дысцыплінаванымі.
Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.