Авторизация
 

Сёмы фестываль міжкультурных камунікацый адбыўся ў Міёрах

 У сёмы раз фестываль міжкультурных камунікацый сабраў знаўцаў замежных моў. 75 вучняў з 12 школ раёна свабодна гаварылі, разважалі і спявалі па-англійску, па-нямецку, па-французску. 

Пакуль сцэна пуставала

ДЗЕСЯЦЬ хвілін да пачатку. Канкурсанты і іх настаўнікі займаюць месцы ў глядзельнай зале. Здаецца, зусім не хвалююцца.
Вучні Павяцкай школы апрануты ў касцюмы герояў казкі “Брэменскія музыканты”.


 – Кожны год выступаем у конкурсе міні-тэатраў. Мінулы раз паказвалі “Спящую красавицу”, занялі трэцяе месца. Настроены на высокі вынік і сёлета, – гавораць тэатралы. – У нашай казцы 15 персанажаў. Каля двух месяцаў рыхтаваліся разам з настаўніцай Марынай Генрыхаўнай Астукевіч. Вывучаць нямецкую мову праз тэатралізаваныя пастаноўкі нашмат цікавей, чым па падручніках.
Паўтараюць матэрыял васьмікласніцы з СШ № 2 Аня Федуковіч і Света Юргель.


– Выступаем у намінацыі “Я – гід”, тэма – “Нацыянальны касцюм”. Хвалюемся, але на сцэне пастараемся быць упэўненымі, – кажуць дзяўчаты. – Выходзім першыя, таму пасля можна расслабіцца і з задавальненнем глядзець выступленні іншых удзельнікаў. На конкурсе ўпершыню. Спадзяёмся быць у ліку пераможцаў.


 НАСТАЎНІЦА з Чапукоўскай школы Ганна Фіялка са сваімі вучнямі на творчым спаборніцтве не першы раз. Дарэчы, іх школа адзіная ў раёне, дзе вывучаюць тры замежныя мовы.


– Нашы вучаніцы распачнуць фестываль песняй “Дорогой длинною”. Кампазіцыя прагучыць на нямецкай, англійскай, французскай і рускай мовах. У намінацыі “Я – гід” выступіць дзесяцікласнік Сямён Протас. У мінулым годзе ўвайшоў у тройку лідараў. Дэбютант на фестывалі – пяцікласніца Насця Цітовіч. Будзе спяваць на “Фабрыцы зорак”. Конкурсу папярэднічалі два тыдні рэпетыцый.  Рыхтавацца раней не ўдаецца, бо дзеці заняты на іншых мерапрыемствах. Напрыклад, адна з нашых спявачак Оля Гусева ўчора прыехала са спартыўных спаборніцтваў з Віцебска, а сёння выйдзе на сцэну РДК, – расказвае Ганна Мікалаеўна. –Фестываль міжкультурных камунікацый лічу дадатковым стымулам для школьнікаў у вывучэнні замежных моў. Дзеці глыбей знаёмяцца з культурай краіны, чыю мову вывучаюць, развіваюць кругагляд, авалодваюць новымі навыкамі.

 Аратары і гіды, акцёры і спевакі

ЦІ лёгка быць маладым? Над такім пытаннем разважалі аратары. На мой погляд, намінацыя “Я – аратар” самая складаная. Падрыхтаваць на чужой мове глыбокае па сэнсе і багатае лексікай выступленне, расказаць свабодна, упэўнена, з інтанацыяй. І на сцэне ты адзін на адзін з журы і гледачом. З сямі ўдзельнікаў самую высокую ацэнку – 70 балаў – атрымала дзесяцікласніца СШ № 2 Юля Крук. На адзін бал менш і другое месца ў адзінаццацікласніка з Дзісны Уладзіміра Стацэвіча. Па 58 балаў прысудзілі вучню 9 класа Дворнасельскай школы Сяргею Юхно і адзінаццацікласніку з Новага Пагоста Цімуру Гагохія.


 У намінацыі “Я – гід” расказвалі пра нацыяльнальныя касцюмы. Выступалі ў парах і камандай. Адны знаёмілі з уборамі той краіны, чыю мову вывучаюць, іншыя звярталіся да беларускага адзення. Вусныя расповяды дапаўнялі відэапрэзентацыі. Дзевяцікласніцы з Дзісны Насця Козел і Паліна Івашчук прадстаўлялі мясцовы нацыянальны строй. Іх выступленне ацанілі ў максімальныя 25 балаў. Другое месца з 24 баламі падзялілі адразу тры пары гідаў: вучаніцы 9 “А” класа СШ № 2 Насця Удра і Оля Барынава, сямікласнікі Туркоўскай школы Віка Гарбатава і Захар Аўчыннікаў, вучні 8 – 9 класаў з Завуцця Аня Аношка і Віця Лявонаў. Васьмікласніцы з СШ № 2 Света Юргель і Аня Федуковіч выступілі на 23,5 бала і замкнулі тройку лідараў.


 Намінацыю “Прэс-цэнтр” прадстаўляла адна каманда. Вучні шостага і сёмага класаў СШ № 3 імя Я. Томкі разважалі пра карысць і шкоду нанатэхналогій. З 60 магчымых балаў набралі 58. Гэта другое месца.


ПАМЕНЕЛА ўдзельнікаў у конкурсе міні-тэатраў. У мінулым годзе выступалі шэсць каманд, цяпер – чатыры. Затое ўсе пераможцы. Зноў на першым месцы тэатралы з СШ № 3 імя Я.Томкі. Другія – узмёнцы з казкай “Брэменскія музыканты”. Трэцюю пазіцыю падзялілі Язненская і Павяцкая школы.


 У завяршэнне – “Фабрыка зорак”. Чатыры музычныя нумары. Эфектным атрымалася выступленне шасцікласніцы з СШ № 2 Вікі Савейка і танцавальнага калектыву. Вымаўленне, рухі, касцюмы – усё адпрацавана і прадумана да дробязей. Таму максімальныя 40 балаў. Да лідарства не хапіла двух балаў дзевяцікласніку з Язна Жэню Маліноўскаму. У пяцікласніцы Чапукоўскай школы Насці Цітовіч 37 балаў і трэцяе месца.


 АБЛАСНЫ этап фестывалю міжкультурных камунікацый пройдзе ў Віцебску 16-17 мая. Міёршчыну прадставяць школьнікі, якія занялі першыя месцы ў раёне. Па словах метадыста вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Святланы Матылёнак, нашы ўдзельнікі без дыпломаў з вобласці не вярталіся. У мінулым годзе выступалі ў чатырох намінацыях і ўзялі тры ўзнагароды.
Новых поспехаў юным лінгвістам! 

Фотаматэрыял аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 12 мая 2021
Арсений, Артем, Василий, Иван, Федот

Именины 11 мая 2021
Виталий, Кирилл, Максим, Анна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта