Акцыя “Аранжавая стужка” прайшла ў Павяцкай школе. Паўдзельнічалі ў ёй і першакласнікі. Зрабілі сцяжкі і сэрцайкі аранжавага колеру. Мерапрыемства прымеркавалі да Міжнароднага дня чалавека з сіндромам Дауна.
СІНДРОМ Дауна — не захворванне, а генетычная асаблівасць. Гэтыя дзеці адчуваюць такія ж эмоцыі, што і звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, вызначаюцца рознымі характарамі. Яны даўжэй, чым равеснікі, засвойваюць новае, таму патрабуюць больш увагі. А выхоўваць іх трэба, як і ўсіх, у клопаце і любові. Яны дораць нам шмат цеплыні. Нездарма такіх дзетак называюць сонечнымі. Пра гэта гаварылі настаўнікі з вучнямі.
КАЛІ з ранняга дзяцінства актыўна займацца з дзіцём, у якога сіндром Дауна, яно зможа рэалізаваць сябе ў будучым. Некаторыя нават атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Аднак такім людзям патрэбна падтрымка на працягу ўсяго іх жыцця. Яны самі сходзяць у магазін і прыгатуюць абед, але ім не справіцца без клопату і пачуцця абароненасці, што даюць блізкія людзі.
Фота аўтара.
Ганна УРУБЛЕЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў.