Авторизация
 

Чапукоўскай яслі-саду/ СШ споўнілася 25!

 25 год Чапукоўскай яслі-сад — сярэдняй школе споўнілася ў снежні 2018-га. Святочную ўрачыстасць перанеслі на светлыя вясеннія дні.

 Апошні вучэбны дзень трэцяй чвэрці ў Чапукоўскай школе завяршыўся канцэртам. Вучні і настаўнікі адзначалі юбілей сваёй установы разам з выпускнікамі, ветэранамі педагагічнай працы, паважанымі гасцямі.

СУСТРЭЧАЙ пакаленняў назваў свята дырэктар установы Уладзімір Кляўцоў. Адзначыў ролю кожнага ў школьным калектыве. Настаўнікі даюць веды, а тэхнічныя работнікі ствараюць утульныя ўмовы для вучобы. Асобныя словы ўдзячнасці адрасаваў ветэранам за гады працы і часцінку душы, што кожны пакінуў у школьных класах.


 — Мой педагагічны стаж — 42 гады. З іх 34 прайшлі ў чапукоўскіх мясцінах. Спачатку працавала ў Кублішчынскай дзевяцігодцы. Затым пабудавалі школу ў Чапуках, — расказвае былая настаўніца пачатковых класаў Марыя Баляславаўна Корсак. — Цяпер на заслужаным адпачынку, але ведаю, як справы ў школе, бо жыву насупраць. Часта бачуся з калегамі. Калектыў пра мяне не забывае, кожны год віншуюць з днём настаўніка і іншымі святамі. Прыемна і радасна прысутнічаць на юбілеі ўстановы.


 НА святочным канцэрце гучалі песні, прыпеўкі, вершы і жарты пра дзяцінства, школьную пару, экзамены. Разам з вучнямі выступалі настаўнікі. Асобны падарунак — гумарыстычна-музычная інсцэніроўка — ад выпускнікоў 2017 года. Расказалі, што з гэтым нумарам выступалі на школьным выпускным, таму абышліся без доўгіх рэпетыцый. Цяперашнія студэнты з цеплынёй успамінаюць сваю школу. Калі класны кіраўнік Ганна Фіялка прапанавала зноў сустрэцца і выступіць на знаёмай сцэне, з задавальненнем пагадзіліся.


 У гэтым навучальным годзе ў Чапукоўскай школе 66 вучняў. Сем выпускнікоў і столькі ж першакласнікаў. Ёсць свае “зорачкі”.
 — Паспяхова вучацца дзесяцікласнік Сямён Протас, адзінаццацікласнікі Данііл Карпаў і Вольга Апалька. Нямала спартыўных дасягненняў на рахунку сямікласніцы Вольгі Гусевай, дзевяцікласнікаў Уладзіміра Томкі і Максіма Дулінскага. Падрастае ім змена: чацвёртакласнікі Максім Асетнік і Сяргей Кукуць стараюцца ў вучобе і актыўнічаюць у конкурсах,—расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ніна Варонька.


ПАВІНШАВАЦЬ установу адукацыі з юбілеем прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак, кіраўнік спраў райвыканкама і першы дырэктар Чапукоўскай школы Валерый Драба, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Марына Зюзелева і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Фёдарава.


 Па словах Валерыя Анатольевіча, ён заўсёды адчуваў сябе часткай чапукоўскага педкалектыву. Прыгадаў, як будавалі школу і разам з бацькамі вучняў збіралі мэблю, наводзілі парадак, як садзілі сад і стваралі экалагічны музей. Кожны тыдзень цікавіўся справамі і прапаноўваў дапамогу кіраўнік мясцовай гаспадаркі Васіль Юльянавіч Дзегіль. Гэта па яго ініцыятыве з’явілася школа, з якой пачалася новая старонка ў гісторыі вёскі. Тут першымі ў раёне сталі вывучаць замежную мову з першага класа, забяспечылі бясплатнае харчаванне школьнікаў. Новых перамог, поспехаў і далейшага развіцця пажадаў школе першы дырэктар.


 Шмат добрых слоў прагучала ў адрас настаўнікаў. Некаторых адзначылі асобна. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагародзілі педагога сацыяльнага Алену Летахіцкую. Граматы аддзела па адукацыі ўручылі намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Ірыне Качан і настаўніцы пачатковых класаў Святлане Шымко.


 У калектыве Чапукоўскай школы ёсць педагогі, якія працуюць тут з першых год. Сярод іх настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Туронак.


— Прыйшла сюды ў 1994-м, праз год пасля адкрыцця школы. У дружным калектыве асвоілася хутка. Шмат чаму навучылася ў намесніка  дырэктара па выхаваўчай рабоце Алены Савельеўны Гром, вельмі ўдзячна ёй за падтрымку і слушныя парады. Сёлета дзесяць год з майго першага выпуску. Падтрымліваем сувязь праз сацыяльныя сеткі. На канцэрце сёння спявала са сваім сынам Каця Васільева. Гэта мая першая выпускніца, — расказвае Людміла Данатаўна. — Школа змянілася знешне, абнавіўся калектыў. Мне па-ранейшаму тут камфортна і ўтульна, на іншым месцы сябе не ўяўляю. Хочацца, каб наша ўстанова яшчэ шмат гадоў квітнела.


 ДА школы вядзе асфальтаваная дарожка, паабапал якой цягнуцца ўвысь бярозы. Выраслі за 25 гадоў. Утульна на тэрыторыі. Хутка пакажуцца на клумбах першацветы, зазелянее сад. На перапынках запоўніць двор вясёлы дзіцячы смех. І пакуль ён гучыць, гісторыя школы пішацца далей. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 сентября 2021
Виктор, Герман, Дмитрий, Лев, Николай, Петр, Роман, Сергей, Евдокия, Ия, Карп

Именины 23 сентября 2021
Андрей, Василий, Гавриил, Глеб, Евгений, Иван, Климент, Константин, Николай, Павел, Петр, Татьяна, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта